Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У Дзень роднай мовы Ліда ўрачыста стала культурнай сталіцай Беларусі

У Дзень роднай мовы Ліда ўрачыста стала культурнай сталіцай Беларусі

2 сакавіка 2020, 23:16 Грамадства, Культура 10
У Дзень роднай мовы Ліда ўрачыста стала культурнай сталіцай Беларусі

Урачысты канцэрт на сцэне Палаца культуры ў Лідзе даў старт рэспубліканскай акцыі “Культурная сталіца Беларусі – 2020”. У час канцэрта былі прадстаўлены розныя эпізоды гісторыі горада. Урачыстай праграме папярэднічала выстаўка культурных асаблівасцей і дасягненняў Ліды. Яна аб’яднала мінулае і сучаснае горада, прапанаваўшы гасцям інтэрактыўнае падарожжа па адной з яго найстарэйшых вуліц. Таксама да свята быў выпушчаны канверт з арыгінальнай маркай “Ліда – культурная сталіца Беларусі – 2020”, на якім паказаны выдатныя мясціны горада. Сёння адбылося памятнае гашэнне маркі спецыяльным тэматычным штэмпелем. Ліда стала 11-м горадам, які атрымаў прэстыжны статус.

– Было некалькі прэтэндэнтаў на званне культурнай сталіцы. Але Ліда прэзентавала найбольш цікавую праграму, высокая была зацікаўленасць у тым, каб правесці акцыю, з боку мясцовых і абласных улад, – адзначыла ў час цырымоніі адкрыцця акцыі першы намеснік міністра культуры Наталля Карчэўская. – Ліда сёння ўваходзіць у бязвізавую зону, але вельмі важна, каб культурная сталіца стала прывабнай і для айчынных турыстаў.

Наталля Карчэўская ўручыла старшыні Лідскага райвыканкама Сяргею Ложачніку сімвал акцыі і сертыфікат “Ліда – культурная сталіца Беларусі – 2020”.

– Гэта ганаровы і вельмі адказны статус. Каляндар культурных падзей на гэты год насычаны. Мы імкнуліся, каб кожнае мерапрыемства было перш за ўсё цікавае гараджанам і гасцям горада, – расказаў на добрай беларускай мове Сяргей Ложачнік.

Ён падкрэсліў: у гэтым годзе ў Лідзе запланавана больш за 3 тыс. мерапрыемстваў міжнароднага, рэспубліканскага і мясцовага маштабаў. Графік вялікіх сцэн Ліды распісаны да лістапада. Канцэрты, выстаўкі, майстар-класы, пленэры асабліва ў цёплы час года будуць праходзіць практычна пастаянна. Сярод самых яркіх падзей – фінальны тур нацыянальнага адбору на міжнародныя конкурсы “Славянскага базару ў Віцебску”, а таксама традыцыйныя спаборніцтвы юных выканаўцаў, якія сталі адным з культурных брэндаў раёна. З траўня па верасень будзе працаваць культурна-турыстычны праект “Замкавы гасцінец”. Кожную суботу і нядзелю тэрыторыя вакол Лідскага замка будзе ператварацца ў святочную пляцоўку з рамеснымі радамі, майстар-класамі, канцэртамі, гульнямі, тэатральнымі выступленнямі. Дарэчы, у гэтым годзе плануецца адкрыццё абноўленай паўднёва-заходняй вежы замка, дзе з’явіцца і новая музейная экспазіцыя. Вежа названа імем Гедыміна. У верасні традыцыйна Ліда збярэ дзясяткі тысяч гасцей на Дзень горада, фестываль хмелю, соладу і вады з маштабным опэн-эйрам, а таксама відовішчны рыцарскі турнір. У гэтым годзе акрамя байкзлёту Ліда прыме і незвычайны аўтафестываль. Запланавана і міжнародная выстаўка “Арт-Экспа” з удзелам прадстаўнікоў краін СНД.

Тэма Дня роднай мовы загучала на імпрэзе ад самага пачатку, ад перадачы эстафеты Пінскам. Далей уся праграма ішла ў асноўным па-беларуску. Асобныя расейскамоўныя нумары ў выглядзе выступленняў некаторых чыноўнікаў і рэдкіх песень успрымаліся прысутнымі як дзікія і чужынскія.

belta.by.

Радыё Рацыя.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Купалле на Лідчыне
Культура

Купалле на Лідчыне

9 ліпеня 2024, 20:0422
Восеньскія дні назірання за птушкамі
Грамадства

Восеньскія дні назірання за птушкамі

7 кастрычніка 2019, 15:5421
На Слонімшчыне будуць разводзіць аленяў
Грамадства

На Слонімшчыне будуць разводзіць аленяў

12 кастрычніка 2018, 10:0720
Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу
Навіны

Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу

26 сакавіка 2020, 10:1420
Далучайцеся да нас