Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Час і Бог ведаюць, хто ў іх геній

Час і Бог ведаюць, хто ў іх геній

2 сакавіка 2020, 23:28 Культура 14
Час і Бог ведаюць, хто ў іх геній

“Ні ў радасці, ні ў бядзе,

Ні на Страшным Судзе

Не адракуся ад Беларусі” 

Рыгор Барадулін.

 

19 лютага  ў Менску ў малой зале Белдзяржфілармоніі адбыўся канцэрт “Барадулін – назаўжды”, прысвечаны 85-тым  угодкам з дня народзінаў народнага паэта Рыгора Іванавіча Барадуліна. На вечарыне прысутнічалі шматлікія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, грамадскія дзеячы.

Лідарам творчага пакалення назваў Рыгора Барадуліна паэт Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк. Вершы яго адрозніваюцца яркай метафарычнасцю, тонкім псіхалагізмам, пранікнёным лірызмам, сакавітым гумарам, багаццем мовы і недасяжнай глыбінёй і духоўнасцю. Скарбы вушацкай зямлі, на якіх выспяваў яго літаратурны талент – вусная народная творчасць, спевы і мудрасць маці Акуліны, вострыя на словы вушацкія жарты і адначасова прыродная глыбіня чалавечай мудрасці, а таксама прыгажосць роднай вушацкай вясковай прасторы – вось тое, што дапамагала шліфаваць талент, дадзены яму ад нараджэння.

Геніяльнымі і энергетычна ёмкімі ахарактарызаваў яго двух- і трохрадкоўі  Рыгор Сітніца. Абодва паэты і сябры выканалі лепшыя творы Рыгора Барадуліна са зборнікаў “Нагбом”, “Амплітуда смеласці”, “Трэба дома бываць часцей”, “Евангелле ад мамы”.

– Ён быў поўным цікаўнасці, з ім побач заўсёды было ўтульна і камфортна, ён дзяліўся мілатой і лагодай і заўсёды ўмеў слухаць суразмоўцу, – узгадаў Рыгор Сітніца. – У канцы жыцця паэт узняўся да Біблейскай вышыні. Асноўнымі тэмамі ў апошнія гады яго жыцця былі: “Мама – Бог – Вушаччына”. Найвышэйшым дасягненнем паэта з’яўляецца тое, што яго вершы гучаць у касцёле, яны настолькі чыстыя і шчырыя, што імі можна маліцца!

У канцэрце прынялі ўдзел ансамбль “Класік- Авангард” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдава, а таксама хор “Голас душы” каталіцкай парафіі касцёла св. Сымона і Алены пад кіраўніцтвам Таццяны Гажэўскай.

Вядоўцы канцэрта выказалі падзяку прысутным на вечарыне даследчыкам творчасці народнага паэта Сяргею Шапрану і Наталлі Да-выдзенка, якая ўклала і выдала 6 та-моў “Дзённікаў і запісаў”, адкуль можна лепш даведацца пра жыццёвы і творчы шлях геніяльнага творцы.

Прысутныя выказалі шка-даванне, што вечарына адбываецца не ў Палацы Рэспублікі, і што дзяр-жаўнае тэлебачанне і радыё не тран-слююць шырока вершы найлепшага паэта Беларусі, але магчыма, што такі час надыдзе.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

На здымках:

  1. Леанід Дранько-Майсюк чытае вершы Р.І. Барадуліна;
  2. Выступае Рыгор Сітніца;
  3. Грае ансамбль “Класік- Авангард”.

 

20-годдзю творчага звання

 

Я – з барадой лясны вярблюд –

Народным стаў паэтам.

                         Рыгор Барадулін.

 

І не крынічную ваду,

Насілі – у  народ – бяду

І нагаворную жуду…

А я не сам сябе вяду:

Трымаюся за бараду,

З Народным у народ іду.

 

Яго цвялілкі падвяду

Да хуткамовак пры сустрэчы,

Дзе й прыбабунечка дарэчы,

Зычэнні, показкі – на вечы!

У снуйцы мовы чалавечай

Язык гаворку не скалечыць:

Замова пойдзе ў грамаду.

 

Іду з Народным у народ, –

І скача слова з рота ў рот…

Вунь – афарызмаў агарод,

Дражнілка прабівае плот,

А пажаданкі – шротам – дот…

Здзіўляецца Кот Абармот:

– У вас, я думаў, моўны зброд…

 

У нас выслоўі гаваркія

У прымаўках заместа кія.

І абзываначкі такія:

Дрыжаць дуронікі ліхія.

О, вёскі ў нас не ўсе глухія.

 

Гулёк, і ты ў народ ідзі,

Ідзі з Паэтам, з яго Словам.

З разумным досціпам – разлогам

Ідзі і слухай, і глядзі,

Бубнілкай сэрцы маладзі!

 

Хай за праспектамі і сцежкі

Гагочуць з прыказкі-пацешкі.

Хай і чыноўніцкія куры

Дзяўбуць намёкі-каламбуры.

Не стане ахламонам той,

Хто вып’е водзыўкі настой.

 

Гарэзных, словалюбна-мудрых

Рыгор не азаве: “Лахудры…”.

Народны пэўніць: “Мова – Страж.

Не вымрам, мымры. Горад – наш!”

 

 

Паэт-Будзіцель

 

З нагоды ўсталявання бронзавай шыльды на доме, дзе жыў Рыгор Барадулін, у падзяку  яе стваральнікам: Р. Сітніцу, І Засімовічу, Г. Лабадзенку

 

Ля кладкі Памяці

быў поціск рук.

Застаўся ў замяці

улады грук…

Тут незаснежныя

сляды гудуць:

“Паэты грэшныя…

Іх не прыгнуць?

Ах, не ў дагодзе быў,

чупрыў Рыгор…”

Ён зноў у сподзеве.

Час – метэор, –

і прысаромяцца

мазгі з лузгі…

Айчына – творыцца!

У берагі

Так зачарована

Рыгор глядзіць, –

каб і ўмурованых

усіх будзіць.

…Зімы задуміну

не астудзіць.

Тут Барадуліну

высока жыць!

 

P.S.

Паэт-Будзіцель! Наш Рыгор!

І той зачэп знік, той багор, –

каб не ўздымаўся Ты  да гор…

     Глеб кажа: “Гонару хапіла.

     Народ з Народным гэта – сіла!”

                  Снежань 2017 г.

                             Сяргей Панізьнік.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5418
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы
Мова

Тэксты для 18-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі ад Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы

14 лютага 2025, 07:3216
Далучайцеся да нас