15 студзеня ў Менску ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы НАН Беларусі прайшла канферэнцыя “Праблемы і выклікі дзяржаўнага двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі”. Яна была арганізавана Брытанскім інстытутам міжнароднага і параўнальнага права пры падтрымцы амбасады Вялікабрытаніі сумесна з Інстытутам мовазнаўства імя Я. Коласа НАН Беларусі.
У канферэнцыі ўзяў удзел супрацоўнік Кэмбрыджскага Універсітэта прафесар Колін Уільямс. З беларускага боку з дакладамі выступілі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Варанецкі, першы намеснік дырэктара па навуковай рабоце Цэнтра даследванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, акадэмік Аляксандр Лукашанец, дырэктар Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа Ігар Капылоў, прафесар кафедры беларускага мовазнаўства Ганна Кулеш, старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Анісім, намеснік дырэктара нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша, Валянціна Мароз, Вадзім Самарын, Аляксандр Данілевіч і іншыя. Для спецыялістаў важным было параўнаць умовы функцыянавання двухмоўя ў Беларусі і Вялікабрытаніі.
Прафесар Колін Уільямс зрабіў агляд статусу карэнных моваў Вялікабрытаніі ў Паўночнай Ірландыі, Шатландыі, Уэльсе і ступеняў афіцыйнага дзвюхмоўя.
– Шлях да афіцыйнага прызнання і нармалізацыі мовы валійскай меншасці, на якой гавораць каля 620 000 чалавек з трохмільённага насельніцтва Уэльса, быў пракладзены праз пратэсты, кампаніі з бацькоўскімі патрабаваннямі да двухмоўнай адукацыі і актыўнай пазіцыі грамадзянскай супольнасці. У адказ урад Вялікабрытаніі і ўрад Уэльса прынялі шэраг прававых мер, якія паступова пашыраюць і паглыбляюць двухмоўе ў грамадстве. Носьбіты валійскай мовы складаюць 23,3 адсоткі ад тых, хто нарадзіўся ў Уэльсе і прыблізна 6% з 65, 5 мільёнаў насельнцтва Вялікабрытаніі. Іх прэтэнзіі да прызнання, прадстаўніцтва і рэсурсаў адлюстроўваюць барацьбу меншасці за выжыванне і ўдзел у сучаснай дзяржаве.
Пасля рэферэндуму ў 2011 годзе нацыянальны сход Уэльса атрымаў першасныя законатворчыя паўнамоцтвы ў дачыненні да канкрэтных суб’ектаў без удзелу Вестмінстэра або Уайтхола. Пасля пераўтварэння Нацыянальнай асамблеі Уэльса з другаснага ў асноўны заканадаўчы орган, ён прыняў Закон аб валійскай мове Уэльса. Закон аб дабрабыце будучых пакаленняў Уэльса 2015 года зрабіў інтарэсы валійскай мовы асноўным фокусам усіх дзяржаўных праграм, дапаўняючы Закон аб Валійскай адукацыі (2011), які імкнуўся замацаваць статус валійскай мовы ў адукацыі. Дзейная стратэгія валійскай мовы (2017) прадугледжвае стварыць мільён носьбітаў валійскай мовы да 2050 года.
Абмяркоўваліся на канферэнцыі пытанні выкарыстання двухмоўя ў судовых установах Уэльса і Беларусі.
Старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Мікалаеўна Анісім выступіла з дакладам: “Дзейнасць грамадскіх арганізацый па забеспячэнні правоў беларускамоўных грамадзян ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму”.
А. М. Анісім канстатавала факт звужэння беларускамоўнай інфармацыйнай прасторы ў перыяд пасля рэферэндуму 1995 года, страту пазіцый роднай мовы ў сферы адукацыі, сыход яе з заканатворчай дзейнасці.
Валянціна Мароз, якая выкладала беларускую мову ў розных ВНУ краіны, а зараз выкладае ў Акадэміі МУС, засведчыла, што да 1995 года многія кафедры ўніверсітэтаў па выкладанні дакладных прадметаў ( фізікі, хіміі, біялогіі) перайшлі не толькі на вусныя лекцыі па-беларуску, але і мелі ўсе неабходныя друкаваныя матэрыялы, метадычныя комплексы і падручнікі.
– Наша арганізацыя распрацавала Стратэгію дзейнасці ў 21-ым стагоддзі. ТБМ запачаткавала стварэнне спадарожнікавага канала з вяшчаннем на беларускай мове, выдала некалькі размоўнікаў, ініцыявала пераклад Правілаў дарожнага руху на беларускую мову, быў распрацаваны курс “Беларуская мова як замежная”. 15 сакавіка 2018 года быў зарэгістраваны Універсітэт імя Н. Гілевіча як прыватная ўстанова вышэйшай адукацыі з навучаннем на беларускай мове.
Пра юрыдычныя аспекты двухмоўя ў Беларусі распавёў дацэнт кафедры міжнароднага прыватнага і еўрапейскага права БДУ Аляксандр Данілевіч.
Група экспертаў з брытанскага боку, арганізатараў канферэнцыі, выпрацавала праект рэкамендацый. Сярод іх ёсць такія прапановы, як прыняцце закона аб парытэце дзяржаўных моў. Такая мадэль ужо выкарыстоўваецца ва Уэльсе для падтрымкі валійскай мовы і можа стаць прыкладам для Беларусі. Ва Уэльсе ў моўным законе замацавалі канкрэтныя стандарты выкарыстання валійскай мовы ў пяці сферах: распрацоўка дзяржаўнай палітыкі, аказанне дзяржаўных паслуг, выкарыстанне мовы ўнутры дзяржаўных устаноў, вядзенне статыстычнага ўліку па выкарыстанні валійскай мовы ў дзяржаўных установах, папулярызацыя мовы. За распрацоўку механізмаў адказвае камісар па валійскай мове, які распрацоўвае стандарты выкарыстання мовы, сочыць за выкананнем моўнага заканадаўства, разглядае скаргі грамадзян і кантралюе выкрыстанне мовы дзяржаўнымі органамі.
“Для захавання і развіцця беларускай мовы патрэбны канкрэтныя дасягальныя мэты, акрэсленыя ў нацыянальнай стратэгіі. Па прыкладзе Уэльса, для большай эфектыўнасці працы пры распрацоўцы стратэгіі развіцця беларускай мовы беларускім уладам варта запрашаць усе зацікаўленыя бакі. Нацыянальная стратэгія мусіць адлюстроўвацца ў сектаральных дзяржаўных праграмах, напрыклад, для дзяржаўнага сектара, IT-сектара, медыя, сярэдняй і вышэйшай адукацыі і г.д. Дэтальная распрацоўка доўгатэрміновай стратэгіі і яе адлюстраванне ў адпаведных дзяржаўных праграмах з пазнакай адказных за іх імплементацыю суб’ектаў дазволіць рухацца ў кірунку парытэту дзяржаўных моў”, – адзначана ў рэкамендацыях.
– У кожнай з тых сфераў, пра якія мы сёння размаўлялі: прававая сфера, бібліятэкарская справа, ІТ-сфера ёсць вялікі патэнцыял для пашырэння карыстання беларускай мовай. Гэта канферэнцыя сведчыць, што мова паступова дэпалітызуецца, і сёння мы сабралі разам прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, навуковых колаў, прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, палітыкаў розных перакананняў – гэта сведчыць пра тое, што мова вельмі важна для існавання народа.
Пытанне заключаецца ў тым, каб у практычную сферу імплементаваць карыстанне беларускай мовай, – падвёў вынікі канферэнцыі старэйшы навуковы супрацоўнік Брытанскага інстытута міжнароднага і параўнальнага права Яраслаў Крывой.
– Культурная ідэнтычнасць узмацняецца не толькі школьнай адукацыяй, але і сем’ямі, тымі групамі, да якіх належаць людзі, усім грамадствам.
Адстойваце вашу годнасць, ідэнтычнасць, моўныя правы з усмешкай на вуснах! – пажадаў на завяршэнне брытанскі госць прафесар Колін Уільямс.
Э. Дзвінская,
фота аўтара.