2 студзеня адзначыла 80-гадовы юбілей актывістка ТБМ, шматгадовая супрацоўніца менскай сядзібы Надзея Якаўлеўна Малаковіч.
Юбілярку сардэчна павіншавалі старшыня ТБМ імя Ф. Скарыны Алена Мікалаеўна Анісім ды ганаровы старшыня арганізацыі Алег Анатольевіч Трусаў, і падзякавалі ёй за шматгадовую добрасумленную працу па прагандаванні беларускай мовы, дапамогу ў правядзенні вечарын і выстаў на сядзібе, па падтрымцы парадку пры правядзенні навучальных курсаў.
Спадарыня Надзея (у дзявоцтве – Бірук) нарадзілася на хутары Лазавічы Клецкага раёна Баранавіцкай вобласці ў шматдзетнай сям’і. Яна была апошнім, шостым дзіцём у Ганны Фёдараўны Лазукі і Якава Мікалаевіч Бірука.
Шмат жахлівых момантаў засталося ў памяці маленькай дзяўчынкі за часы вайны. Бацька Надзеі Якаўлеўны, які ўдзельнічаў у партызанскіх аперацыях, спілоў-ваючы тэлеграфныя слупы, загінуў ад рук фашысцкіх карнікаў. Пакуль сям’я аплаквала і хавала ня-божчыка, хутар быў акружаны аў-таматчыкамі ў белых халатах…
У мамы быў парок сэрца і яна пражыла нядоўга. Гадавала Надзею старэйшая сястра.У 1951 годзе хутаран прымусілі ўступіць у калгас, шмат чаго з уласнай гаспадаркі давялося аддаць. У першым класе дзеці вучыліся ў маленькім дамку польскага настаўніка…
У 1954 годзе Надзея скончыла Кунцаўскую сямігодку Клецкага раёна, Баранавіцкай вобласці, а потым вучылася ў сярэдняй школе (з 8 па 10 клас) ў мястэчку Заастравечча, дзе праходзілі падзеі Слуцкага збройнага чыну.
Яна ўладкавалася піянерважатай у вёску Забалацце, дзе адпрацавала 3 гады. Пасля двух гадоў працы, у 1960-тым годзе, Надзея паступіла на завочнае аддзяленне філфака БДУ і скончыла вучобу ў 1966 годзе. Яе дыпломную працу, якая мела назву “Янка Купала і беларуская народная песня” курыраваў Ніл Сымонавіч Гілевіч, а рэцензентам быў Алег Лойка.
Потым спадарыня Надзея перавялася ў Клецкі раён настаўніцай пачатковых класаў у Кумлеўскую школу. У тыя гады яна шмат часу ўдзяляла творам любімых пісьменнікаў – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Міхася Лынькова, Кузьмы Чорнага і іншых.
У 1963 годзе спадарыня Надзея пабралася шлюбам з Леанідам Сцяпанавічам Малаковічам, нарадзіла дачушку Святлану ў 1964 годзе і сына Аляксандра ў 1967 годзе. У 1963 годзе Надзея Якаўлеўна працавала ў вёсцы Ляплёўка на мяжы з Польшчай (Берасцейшчына). З 1964 па 1965 гг. працавала ў Вялікагадскай школе Бярозаўскага раёна, з 1965 па 1966 гг. настаўнічала ў школе рабочай моладзі ў г. Івацэвічы.
Каб стаж не перарваўся, значны час Надзея Якаўлеўна адпрацавала ў школе-інтэрнаце, а потым перайшла выхавацелькай у дзіцячы садок на вул. Берасцянскай у Менску. Надзея Якаўлеўна Малаковіч працавала ў 106. 102, 112 і 137, 55 сярэдніх школах г. Менска, а таксама ў школе з беларускай мовай навучання № 143.
У 2001 годзе шаноўная настаўніца скончыла сваю педагагічную дзейнасць, і ў 2009 годзе яна стала валанцёрам ТБМ ды актыўным рупліўцам арганізацыі.
Больш за дзесяць гадоў спадарыня Надзея штодзённа сустракала з наведвальнікаў сядзібы, прапануючы газеты, часопісы і мастацкую літаратуру, паведамляла аб навінах менскай арганізацыі ТБМ.
Мілая ветлівая спадарыня Надзея ахвотна заводзіла гаворкі нават з выпадковымі гасцямі сядзібы, пераконваючы іх карыстацца мовай роднай зямлі, чытаць беларускую перыёдыку, выпісваць папулярныя гістарычныя часопісы, цікавіцца кніжнымі навінкамі, мець у хаце беларускія каляндары. Яе густоўныя вязаныя сукенкі радавалі вока. Яна ўпрыгожвала сядзібу букетамі кветак і стварала пазітыўны настрой у грамадскім памяшканні.
З гонарам брала ўдзел спадарыня Надзея ва ўрачыстасцях, прысвечаных 500-годдзю беларускага кнігадрукавання ў 2017 годзе. Заўсёды яна праяўляе цікавасць да літаратурных вечарын з удзелам вядомых беларускіх пісьменнікаў, гісторыкаў і краязнаўцаў і дапамагае ў правядзенні такіх імпрэз. Сябры клуба “Прамова” ўдзячныя ёй за няспынны клопат.
Не аднойчы Н.Я. Малаковіч адпраўлялася ў вандроўкі па Беларусі і ў замежжа разам з моладдзю. Зараз Надзея Якаўлеўна ўдзяляе час уласнаму здароўю і адпачынку. Шаноўная настаўніца і руплівіца беларушчыны мае двух унукаў: Кірыла і Уладзіслава.
“Якая ў нас сёння падзея
Святкуе радзіны Надзея,
Прышлі мы, сябры ТБМ,
Віншуем і зычым здароўя,
Паўсюль мы яе пазнаем.
На офісе – першай персонай
Усіх сустракае зрання,
На шэсцях – у першых калонах,
Паўсюль паспявае яна.
За вашу сумленную працу,
Адказнасць, адданасць і плён,
Ад усіх нас вам шчыры дзякуй
І нізкі сардэчны паклон!”-
напісала ў сваім віншавальным вершы, прысвечаным юбілярцы Наталля Качаноўская.
Э. Дзвінская,
фота аўтара
і з архіва
Н.Я. Малаковіч