Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Светлыя краявіды тонкага і інтэлігентнага мастака

Светлыя краявіды тонкага і інтэлігентнага мастака

7 студзеня 2020, 11:04 Культура 45
Светлыя краявіды тонкага і інтэлігентнага мастака

Творчасць свайго бацькі, выдатнага майстра краявідаў, беларускага жывапісца другой паловы ХХ стагоддзя Пятра Пятровіча Шарыпы (1942-2013) папулярызуе  яго дачка Алена Шарыпа. Тыя, хто прыйшоў на яго выставу “Святло і паветра” ў галерэю “Атрыўм”, адразу ўзгадалі  лепшыя моманты дзяцінства: далягляды, якія напаўнялі душу радасцю, блуканні па лясных сцяжынках з кошыкам, незабыўны блакіт азёр і рэчак.

На працягу амаль саракагадовага творчага шляху Пётр Шарыпа стварыў шэраг палотнаў у розных жанрах жывапісу: партрэт, тэматычная карціна, нацюрморт, пейзаж, але самымі эмацыянальнымі і запамінальнымі яго палотнамі сталі менавіта пейзажы.

Рамантычны краявід – найбольш выразны накірунак у творчасці Пятра Шарыпы. Ён працягваў традыцыі беларускіх пейзажыстаў, якія развівалі Фердынад Рушчыц, Вітольд Бялыніцкі-Біруля, Станіслаў Жукоўскі.

Дзіця вайны, якое маці хавала ў лесе ад карнікаў, прыкрываючы кустамі, зведала жыццё ў зямлянцы і голад, узрасло ўражлівым, прагным да ведаў. Вучань Арашкаўскай школы Віцебскай вобласці сямігадовы Пятрок захапіўся каляровымі рэпрадукцыямі Куінджы і Левітана на вокладках першых пасляваенных падручнікаў і імкнуўся навучыцца маляваць.

У 1960-тым годзе ў Віцебску ён паступіў на мастацка-графічны факультэт педынстытута, некаторы час працаваў настаўнікам на вёсцы. Працягнуўшы навучанне ў Менску ў тэатральна-мастацкім інстытуце  ў такіх настаўнікаў, як Хаім Ліўшыц, Май Данцыг, Натан Воранаў, ён вывучаў сродкі выразнасці і выпрацоўваў свой жывапісны стыль.

Выезды на пленэры ў розныя куткі Беларусі, шматгадзінныя назіранні за зменамі ў прыродзе – за свячэннем паверхні возера і дыханнем паветра, за фарбамі і пахам кветак – наталялі душу і прыносілі авалоданне сакрэтамі майстэрства.

Чулы педагог, Пётр Пятровіч Шарыпа шмат гадоў выкладаў у Рэспубліканскім каледжы мастацтваў імя І. Ахрэмчыка і далучаў сваіх выхаванцаў да рэалістычных традыцый мастакоў мінулага, такіх, як І. Шышкін, І. Левітан, К. Каровін. Шмат таленавітых дзяцей прайшло праз яго майстэрню, сваю манеру пісьма і свой шлях знайшлі яго вучні Алесь Пушкін, Ларыса Журавовіч, Аляксандр Сільвановіч і іншыя.

У галерэі “Атрыўм” у Нацыянальнай бібліятэцы мы сустрэліся з дачкой мастака Аленай Пятроўнай Шарыпай. Спадарыня Алена – таксама жывапісец. Свае першыя малюнкі яна пачала рабіць, назіраючы за татам на вёсцы ў бабулі на Віцебшчыне. З 14-ці гадоў сумесныя падарожжы на Аршаншчыну, у Крэва, Браслаў, Слабодку прывілі ёй любоў да беларускага архітэктурнага краявіду, таму яе дыпломная праца па заканчэнні Беларускай акадэміі мастацтваў была прысвечана архітэктуры старажытнага мястэчка Гальшаны.

Выстава “Святло і паветра”, прысвечаная Году малой радзімы, была арганізавана праз супрацоўніцтва Алены Шарыпы з выставачным аддзелам Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і будзе доўжыцца да лютага 2020 года.

– Спадарыня Алена, ці не ўзгадаеце, хто надаў Пятру Пятровічу імпульс як будучаму мастаку?

– У дзяцінстве тата жыў у цётцы Матроны і дзядзькі Віктара ў Арэхаўску і вучыўся ў сярэдняй школе. Яго настаўніца па маляванні Ніна Дзям’янаўна Афанассева, якая паходзіла са старажытнага дваранскага роду, пазнаёміла з дарэвалюцыйнымі кнігамі з рэпрадукцыямі мастакоў.

– Каго з жывапісцаў ён больш любіў?

– Карціны Ісака Левітана “Залатая восень” і Архіпа Куінджы “Бярозавы гай” выклікалі ў яго неверагоднае захапленне! У старэйшых класах разам са сваім сябрам Васілём Аланццевым ён заняўся капіраваннем алейнымі фарбамі рэпрадукцый з часопіса “Огонёк”. Выпускнік Віцебскага мастацкага вучылішча Мікалай Кісялёў параіў яму паступіць на мастацка-графічны факультэт у педынстытут у Віцебск. Там ён пачаў пісаць першыя акварэльныя працы. Жывапісная культура сфарміравалася ў яго дзякуючы Пятру Крохалеву, Натану Воранаву і Маю Данцыгу  ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Кожны мастак – непаўторная індывідуальнасць, цэлы свет.

– Якія карціны Вам най-больш дарагія?

– Яго ранейшыя працы стылёва адрозніваюцца. Ім характэрны шырокі пастозны мазок як у Канстанціна Каровіна і Ленарда Туржанскага.

 З ранейшых мае любімыя карціны – “Вясновае срэбра”, “У блакіце”, “Адліга”. Потым ён пачаў пісаць больш тонкіх эцюдаў.

Пазнейшыя яго працы, такія, як “Касцёл францысканцаў”, больш дэталёва прапісаныя. Былі ў яго кампазіцыі на тэму вайны, такія, як “Вяртанне з роднай вёскі”.

– На палотнах мы бачым выявы Вашай матулі, жонкі мастака Людмілы. Дзе тата сустрэў сваю абранніцу?

–  У менскім тралейбусе. Ёй быў 21, а яму – каля трыццаці. Увечары яна вярталася з курсаў машыністак, а ён – з заняткаў у інстытуце. Яе вельмі ўразіла, што ён жыве светам мастацтва.

Хаця яна паходзіла з простай сям’і, сярод  яе сваякоў па дзеду быў выкладчык беларускай мовы і літаратуры, у далейшым – прафесар і акадэмік Міхась Лазарук.

– Пётр Пятровіч удзяляў шмат часу сваім выхаванцам?

– Яны з вучнямі часта ездзілі ў Полацк, Кіеў, Маскву. У праграму навучання ўключаліся экскурсійныя праграмы, вывучэнне архітэктуры, наведванне музеяў. 

Калі мне споўнілася 13 гадоў, пасля летніх вакацый, ён заўважыў, што ў мяне пачалі атрымлівацца ўдалыя працы. Я вучылася ў мастацкай школе, потым – у Рэспубліканскім каледжы па музыцы і выяўленчым мастацтве, дзе выкладаў тата, і ў Акадэміі мастацтваў.

– Пётр Пятровіч Шарыпа быў вельмі сціплым, інтэлігентным і не эпатажным мас-таком, чалавекам высокай культуры і светлай душы.

– Ён вельмі любіў прыроду Аршаншчыны. Часта хадзіў у лес на дзялянку з эцюднікам, перадольваючы пешшу многія кіламетры. У прыродзе ён знаходзіў спакой і суцяшэнне ад многіх турботаў і хваляванняў.

– Ці знайшоў ён сапраўднае шчасце ў жыцці?

– У творчасці ён быў шчаслівым! Яго працы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, гістарычна-культурным запаведніку “Заслаўе”, Аршанскай карціннай галерэі В. Грамыкі, музеі Вялікай Айчыннай вайны і ў яго майстэрні. Мне хацелася б зрабіць вялікую выставу да  яго 80-годдзя ў 2022 годзе, каб творы яго былі годна ацэнены.

Гутарыла Эла Дзвінская,

фота аўтара.

 

  • Tags
  • Пётр Шарыпа
Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4728
Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя
Выданні

Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя

18 снежня 2018, 10:5716
З днём нараджэння Данута Янаўна
літаратура

З днём нараджэння Данута Янаўна

13 снежня 2022, 21:3616
Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу
Навіны

Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу

26 сакавіка 2020, 10:1416
Далучайцеся да нас