У Нясвіжы прэзентавалі каляндар “Маляванкі ў Ваш дом!”
Гэта ўжо сямнаццатае выданне з каляндарнай серыі “Маляўнічая Бацькаўшчына” і шостае з тых, што маюць нясвіжскую тэматыку.
Месца прэзентацыі – раённы гістарычна-краязнаўчы музей – надзвычай пасавала тэме і зместу календара, які на гэты раз прысвячаецца “песнярам красы”, што спавядалі прыгажосць, хараство, пекнату як сродак для ўратавання свету і Беларусі, – вандроўным мастакам-самавукам з іх маляванкамі і паэту Уладзіміру Жылку, ураджэнцу нясвіжскіх Макашоў. Як вядома, у наступным 2020 годзе 27 траўня “паэту красы” спаўняецца 120 гадоў з дня нараджэння.
Падчас экспедыцый у вёскі раёна ды шматгадовага краязнаўчага даследвання сябрамі ТБМ выяўлена за паўсотню маляванак, засведчана аўтарства большасці з іх, занатаваны біяграфічныя звесткі. Дванаццаць найбольш адметных і разам з тым характэрных для Нясвіжчыны работ размясціліся на старонках выдання ў фармаце А-3. Макет і структура кожнага месяца ўключае радкі з вершаў Уладзіміра Жылкі, літаратурна-краязнаўчыя занатоўкі, эколага-псіхалагічныя падказкі месяца, напаміны пра вартыя памяці святы і дні.
Да некаторых датаў пададзены актуальны каментар, як, напрыклад, да Дня роднай мовы 21 лютага: у 2020 годзе спаўняецца 25 гадоў, калі адбыўся рэферэндум, які скасаваў статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай… Або на 1 верасня як Дзень ведаў: 86 адсоткаў беларускіх школьнікаў і 99,9 – студэнтаў атрымліваюць веды на… расейскай мове.
А ў “Падказках месяца” на снежань чытаем: “Да запавету паэта (“Не запамятай ніколі…”) на ўсіх падставах далучым і нашу святую родную мову – гаварыць і думаць па-свойму, быць нацыянальна ідэнтыфікаванай, адметнай асобай навокал і ў свеце. Гэта першае, што дае нам мова. Таму навучаймася замаўляць і сваё бескампраміснае права на самае ганаровае месца роднай мовы ў сваёй краіне. Ніякае “дзвюхмоўе” не павінна парушыць гэтае пра-ва, змяніць яго. Родная мова адна, і яна заўсёды з намі. З роднай мовай – у год наступны!”
Супрацоўнікі музея прапанавалі для агляду сваю выставу маляванак. Госці прэ-зентацыі чыталі вершы Жылкі – своеасаблівыя маляванкі ў слове. Гучалі слушныя прапановы па ўшанаванні памяці паэта. 2020 год нясвіжскія сябры ТБМ аб’явілі ГОДАМ ЖЫЛКІ. Каляндар стаў своеасаблівымі ўводзінамі ў яго.
Вольга Карчэўская,
Нясвіж.
На фота. 1. Падчас прэзентацыі; 2. Пра каляндарную серыю “Маляўнічая Бацькаўшчына” расказвае заснавальнік, мастак і рэдактар серыі Валер Дранчук; 3. Ян Мысліцкі, сын сейлаўскага мастака Юзіка Мысліцкага распавядае пра бацьку і яго маляванкі; 4. Кіраўнік дзіцячай мастацкай студыі Марына Канавалава і яе выхаванцы прэзентуюць выставу “Прыляцелі павы”. 5. У. Бруй чытае вершы У. Жылкі