Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Мікалай Падгайскі: Недастаткова ў нас ініцыятыўных людзей

Мікалай Падгайскі: Недастаткова ў нас ініцыятыўных людзей

24 снежня 2019, 15:35 ТБМ 23
Мікалай Падгайскі:  Недастаткова ў нас ініцыятыўных людзей

У мінулыя выходныя Баранавіцкая філія Таварыства беларускай мовы адзначыла 30 год сваёй дзейнасці. Было шмат удзельнікаў, якія эмацыйна гаварылі пра рост сваёй свядомасці пад уплывам Таварыства, прагучалі і крытычныя заўвагі. Падрабязней Радыё Рацыя пагаварыла з Мікалаем Падгайскім, які раней узначальваў філію:

РР: “Як вы ацэньваеце работу Таварыства беларускай мовы за 30 гадоў?”

Мікалай Падгайскі: “30 гадоў – гэта такі аграмадны тэрмін, гэта так многа зроблена, многа, магчыма, і не зроблена. А ўся праца была на энтузіязме з самага пачатку і да сённяшняга дня. Усё ж такі мова – гэта тое, што найбольш аб’ядноўвае людзей, якія працуюць у гэтай арганізацыі. У цяжкія далёкія, амаль савецкія часы, было не проста людзям працаваць”.

РР: “Але, наколькі я пачула з выступаў, таго ж Міхася Берната, што яны хадзілі і на прадпрыемствы і ў школы з лекцыямі, то-бок, свабодна працавалі з насельніцтвам. Я б сказала, што зараз умовы найбольш цяжкія”.

Мікалай Падгайскі: “У гэтым сэнсе непараўнальна складаныя. Пасля прыходу Лукашэнкі сітуацыя карэнна змянілася. І не толькі, што потым не маглі хадзіць па прадпрыемствах, а нават памяшканне папрасіць, напрыклад, бібліятэку, для правядзення мерапрыемства, гэта было немагчыма. Не давалі. Не давалі нідзе.

РР: І зараз таксама?

Мікалай Падгайскі: Цяпер амаль таксама. Але зараз у нас ёсць дом, аднавілі, запусцілі яго ў эксплуатацыю. І цяпер нам лягчэй. Мы любое сур’ёзнае мерапрыемства можам правесці ў гэтым доме. Хаця цяпер у нас дружбы з уладай трохі болей. Таварыства цяпер займаецца справай толькі Таварыства. Раней была і некаторая палітычная дзейнасць, некаторых сяброў з кіраўніцтва арганізацыі. Таму там былі свае складанасці, звязаныя ў многім з гэтым. Мне здаецца, каб чыста па пытаннях беларускай мовы, культуры Таварыства працавала, у 2000-ых, пачатак – сярэдзіна 2000-ых, то лягчэй было, быў бы лепшы кантакт з уладамі. Мы цяпер адмовіліся ад чыста палітычнай ба-рацьбы.

РР: “Вы адмовіліся, але не адчуваеце, што гэта ўсё ж такі мінус вашай дзейнасці? Таму што гэта ж адраджэнская праца. Усяроўна, я думаю, улады вам не давяраюць”.

Мікалай Падгайскі: “Канешне, улады, па-першае, не давяраюць. Улады насцярожана адносяцца да нас. Але калі мы да іх звяртаемся, то заўсёды з намі паводзяць сябе карэктна чыноўнікі любога ўзроўню”.

РР: “Пасля таго, як вы ім “пакляліся”, скажам так, што не будзеце лезці ў палітыку?”

Мікалай Падгайскі: “Мы нікому не кляліся. Абсалютна. Проста Сырыца сыйшоў, а Сырыца быў заангажаваны ў палітычнай дзейнасці. Сырыца быў цэнтрам грамадзянскай супольнасці. Ён быў пісьменны, разумны, абаяльны, умеў напісаць пісьмо, умеў стварыць любы дакумент, да яго ішлі ўсе, у тым ліку і гэтыя палітыкі, якія ў нас бываюць часцяком даволі недасведчаныя. Ён смела выступаў. Заўсёды імкнуўся ўдзельнічаць у гэтых выбарчых камісіях. Можа быць з-за таго ён і памёр, быў удзельнікам гарадской выбарчай камісіі і пасля выбараў сказаў праўду, тую праўду, якая была на самой справе, пра тое, што там тварылася.

РР: “Пасля гэтага праз пару дзён ён і памёр?”

Мікалай Падгайскі: “Ён праз некалькі дзён, можа праз тыдзень-два і памёр пасля гэтага. Тут з аднаго боку гэтая смерць выклікае і некаторыя пытанні, а з другога боку яўных прэтэнзіяў да ўлады няма”.

РР: “Апошнімі гадамі яны яго не чапалі?”

Мікалай Падгайскі: “Што значыць не чапалі?”

РР: “Так, як калісьці, калі падкінулі патроны”.

Мікалай Падгайскі: “Такога яны ўжо больш не рабілі. Гэта не значыць, што яму было намнога лягчэй. Ну ва ўсякім разе нейкі давер можна разглядаць, што яны яго ўзялі ў выбарчую камісію. У гарадскую выбарчую камісію ўключылі старшыню мясцовага Таварыства беларускай мовы. Гэта таксама быў узровень нейкага даверу. Але ён, як сумленны чалавек, сказаў пра тое, што пабачыў. Улада нам на святкаванне 100-годдзя БНР дала памяшканне, далі музыкантаў. Яна нам даволі моцна пайшла насустрач – рэальна і моцна дапамагла ў правядзенні гэтага святкавання. Дастаткова нармальныя ў нас сёння адносіны”.

РР: “А якіх вынікаў вы дамагліся адносна пашырэння ўжывання беларускай мовы?”

Мікалай Падгайскі: “Хаця не так гладка, але мы дамагаемся стварэння беларускіх класаў для тых, хто хоча ў гэтых класах вучыцца. Адносна аўтавакзала ўлады пайшлі нам насустрач – аформілі аўтавакзал па-беларуску. Аб’явы ў аўтобусах – мы таксама пра гэта пытанне ставілі”.

РР: “А што вы лічыце мінусам у вашай дзейнасці?”

Мікалай Падгайскі: “Асноўны мінус – у нас недахоп людзей, якія праяўляюць ініцыятыву, і якія могуць і хочуць нешта рабіць. Такіх людзей вельмі мала”.

Радыё Рацыя.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4728
Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя
Выданні

Як аформіць падпіску на «Нашу гісторыю» — інструкцыя

18 снежня 2018, 10:5716
З днём нараджэння Данута Янаўна
літаратура

З днём нараджэння Данута Янаўна

13 снежня 2022, 21:3616
Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу
Навіны

Шэрыя пацукі распазналі голад суродзічаў па паху і здабылі ім ежу

26 сакавіка 2020, 10:1416
Далучайцеся да нас