Днём 1 снежня ў Слуцку залуналі бел-чырвона-белыя сцягі ў гонар слуцкіх паўстанцаў. Сёлета адзначаецца 99-я гадавіна Слуцкага збройнага чыну.
Пасля наведвання мемарыяльных крыжоў у вёсках Грозаў, Семежава, мястэчку Вызна (Чырвоная Слабада) сябры КХП-БНФ ушанавалі памяць удзельнікаў збройнага чыну ў Слуцку каля краязнаўчага музея на вуліцы Леніна. Падчас гістарычнай падзеі гэта вуліца мела назву Шашэйная. Менавіта па ёй у канцы лістапада 1920 года воіны Слуцкай брыгады рушылі ў бок вёскі Семежава. Падчас мітынгу з прамовамі выступілі кіраўнікі партыі, былыя дэпутаты Вярхоўнага Савета дапрэзідэнцкай эпохі.
У сваёй прамове намеснік старшыні партыі КХП-БНФ Юрась Беленькі нагадаў прысутным пра падзеі далёкага 1920 года. Параўнаў случакоў з удзельнікамі паўстання Кастуся Каліноўскага. І тыя, і другія ведалі, што могуць не вярнуцца, бо прыйдзецца аддаць жыццё.
– Паўстанцаў аб’ядноўвае перш за ўсё любоў да сваёй зямлі, Нездарма словы “Люблю Беларусь” былі паролем Каліноўскага і яго паплечнікаў. І гэтая ж любоў да сваёй зямлі штурхнула на змаганне случакоў з пераважнымі сіламі бальшавіцкай Чырвонай Арміі, каб адстаяць незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі.
Па словах прамоўцы, нашы людзі ўжо тады цудоўна ведалі, якой бядой можа закончыцца акупацыя спадкаемцамі “ардынскай дэспатыі”. Сёння тая ж бяда зноў пагражае беларусам. Нагадаў Юрась Беленькі і пра права народа на абарону сваёй Айчыны.
Намеснік старшыні КХП-БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савета пачатку 90-х гадоў Сяргей Папкоў у сваім выступе звярнуў увагу на імкненне Масквы пазбавіць беларусаў памяці і інтэлекту. Нягледзячы на такія захады “расійскага свету” беларусы ёсць і будуць жыць.
– Падзеі 22 лістапада 2019 года ў Вільні засведчылі, што свядомых беларусаў нямала, – выказаў упэўненасць прамоўца. – І гэтыя тысячы беларусаў з бел-чырвона-белымі сцягамі надаюць веры, што прыйдзе час, калі бацькі не будуць, як міласціну, выпрошваць у міністэрствах, каб ім далі магчымасць выхоўваць дзяцей на роднай мове.
Яшчэ адзін былы дэпутат Вярхоўнага Савета Сяргей Антончык патлумачыў прычыны нялёгкага сучаснага жыцця беларусаў:
– Цяпер, быццам, ёсць беларуская незалежная дзяржава, – сказаў ён. – Але ж чаму нам так цяжка жыць? Чаму маленькія пенсіі, шмат беспрацоўных, сотні і тысячы беларусаў уцякаюць з краіны? Прычына ў тым, што сённяшняя ўлада будуе небеларускую краіну, і мы ніводнага года не жылі па-беларуску і згодна з беларускімі каштоўнасцямі, а ператварыліся ў напаўкаланіяльны край.
Напрыканцы свайго выступу Сяргей Антончык раскрытыкаваў няўдалыя 25-гадовыя пошукі ўладаў асаблівай дзяржаўнай ідэалогіі.
– Змаганне случакоў – гэта нацыянальная гісторыя, а наша нацыянальная ідэалогія – жыць па-беларуску ў сапраўднай краіне і мець беларускую ўладу, – зрабіў выснову грамадскі дзеяч.
Удзел у мітынгу ўзялі каля 70 чалавек. Некаторыя жыхары Слуцка ўпершыню прысутнічалі на такім мерапрыемстве і асцярожнічалі, трымаючыся асобнымі групкамі наводдаль ад мітынгоўцаў. Найбольш смелыя з іх, аднак зрабілі фотаздымкі на памяць, трымаючы бел-чырвона-белы сцяг у руках.
А актывісты Руху салідарнасці “Разам” 99-ыя ўгодкі Слуцкага збройнага чыну ўшанавалі шэрагам акцый у мясцінах, звязаных з гэтай знакавай для Беларусі падзеяй. Лідар Руху Вячаслаў Сіўчык адзначыў:
– Рух салідарнасці “Разам”, пачынаючы з 2006 года, заўсёды ўшаноўваў памяць змагароў Слуцкага збройнага чыну вандроўкай па крыжах, якія пастаўленыя былі яшчэ да таго, як стала сённяшняя ўлада. Чаму мы ўшаноўваем памяць слуцкіх змагароў? Таму што іх подзвіг мусіць нас натхніць на барацьбу сёння. І гэтую барацьбу нам трэба весці незалежна ад таго, што хочуць ад нас у Маскве і што хоча нашая адміністрацыя. Беларусь – гэта святое, будзем змагацца за Беларусь.
Зінаіда Цімошак,
старшыня Слуцкай рады ТБМ, “Новы час”.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя,
Случчына.