“Браты мае, мужыкі родныя.
З-пад шыбеніцы маскоўскай прыходзіцца мне да
вас пісаці, і можа раз астатні.
Горка пакінуць зямельку родную і цябе, дарагі
мой народзе. Грудзі застогнуць, забаліць сэрца, –
ды не жаль згінуць за тваю праўду…”
Кастусь Каліноўскі.
“Кожнаму, хто прыехаў у Вільню, я ўручыў бы ордэн Каліноўскага!” – так сказаў паэт Уладзімір Някляеў на гістарычна-паэтычным Рэквіеме, які адбыўся ў музеі гісторыі тэатра і кіно Летувы (былы малы палац Радзівілаў) на другі дзень пасля ўрачыстага перапахавання паўстанцаў 1863 года. Мяркую, ордэна Каліноўскага заслугоўвае кожны беларус, хто хацеў, але па важкіх прычынах – адсутнасць візы, праца, матэрыяльная нястача і да т.п. – не прыехаў у Вільню 22 лістапада. За гэтыя два дні ў старажытнай Вільні, якая была, ёсць і будзе духоўнай сталіцай Беларусі, давялося пагаварыць з дзесяткамі знаёмых і незнаёмых удзельнікаў гэтай гістарычнай падзеі, і іх настрой, іх думкі, іх словы былі сугучны маім, кожны гаварыў:
– Я ўзнагародзіў сам сябе – прыехаў у Вільню! Прыехаў, каб аддаць даніну павагі продкам, якія разам з палякамі, летувісамі, украінцамі, латышамі паўсталі супраць расейскай імперыі за дзяржаўную незалежнасць, за свабоду, роўнасць, братэрства, “за нашу і вашу свабоду”! Прыехаў, бо – беларус, прыехаў, каб паказаць цяперашняй Расеі, якая так і засталася імперскай, што мы, гэтаксама як Каліноўскі і яго паплечнікі, сёння гатовы змагацца за незалежную Беларусь, за свабоду. Калі б не прыехаў, дык усё астатняе жыццё шкадаваў бы, мне б вярэдзіла душу, што не прыехаў, што вось жа мог прыехаць, а не прыехаў.
Складана перадаць эмоцыі, якія перапаўнялі кожнага ўдзельніка цырымоніі развітання з Кастусём Каліноўскім і яшчэ 19 паўстанцамі. Сотні бел-чырвона-белых сцягоў! Тысячы свабодных, годных людзей! У вольнай Вільні! І гучнае скандзіраванне: “Жыве Беларусь!”, “Каго любіш? Беларусь!”, “Слава героям! Героям слава!”. У тым ліку гучала: “Дзякуй, Летува!”. Гэта быў дзякуй летувіскай уладзе за арганізацыю развітання на такім высокім узроўні, якое было ўрачыстае, але не казённае, было шчырае, людскае, чалавечае, гэта быў дзякуй летувіскай дзяржаве, летувіскаму народу, што мы, беларусы, маем магчымасць свабодна ўшанаваць сваіх герояў тут, у свабоднай Вільні.
Было вельмі холадна. Працоўны дзень. І, тым не меней, шмат людзей! І многа-многа моладзі і дзяўчат, жанчын! І гэта – у Вільні, куды патрэбны віза, грошы на праезд і на пражыццё, і дзе якраз у гэтыя дні была мінусавая тэмпература і студзёны вецер! І разумееш страх беларускіх уладаў: толькі дай “слабіну”, і сотні тысяч вольных беларусаў выйдуць на вуліцы Менска, каб зрабіць сталіцу нашай краіны вольнай, каб зрабіць вольнай усю нашу краіну. Менавіта па-гэтаму ўлады трымаюць у сакрэце змест інтэграцыйных дамоўленасцяў, якія першы Прэзідэнт Беларусі збіраецца падпісаць з Расеяй сёлета 8 снежня.
На жаль, не адбылася запланаваная сустрэча беларускіх удзельнікаў перапахавання паўстанцаў 1863 года з чальцамі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта была б сімвалічная сустрэча! Не адбылася… . І такая знакавая сустрэча ўжо ніколі не адбудзецца. Не ведаю прычыну і таму не хачу дарма наракаць на кагосьці. Прыкра будзе даведацца, што сустрэча не адбылася з-за нястачы грошай для арэнды залы, бо, напрыклад, уваход на канцэрт гурта “Dzieciuki”, які адбыўся ў Вільні вечарам 22 лістапада, быў 5 еўра, і зала была поўная.
Запомніліся дзве сустрэчы з літоўцамі. Малады месціч з універсітэцкай (праўда, тэхнічнай) адукацыяй, які свабодна валодае рускай і ангельскай мовамі, ад мяне даведаўся, хто такі Каліноўскі. 65-гадовы рабочы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, які каля гары Гедыміна чакаў заканчэння цырымоніі, каб прыступіць да выканання сваіх службовых абавязкаў, паказаў мне месца, дзе знайшлі парэшткі паўстанцаў і сказаў, што пра Каліноўскага ён ведае са школы, і спытаўся ў мяне: “А Каліноўскі беларус ці паляк?”. Нічога дзіўнага. У кожнага народа свае героі.
Зноў узгадаю гістарычна-паэтычны Рэквіем.
Вядоўца, гісторык Язэп Янушкевіч прэзентаваў дзве кніжкі, выдадзеныя адмыслова да 22.11.2019 – дня перапаховін парэшткаў 20 ўдзельнікаў нацыянальна-вызвольнага паўстання, адшуканых у 2017-2018 гадах на гары Гедыміна ў Вільні: гістарычна-літаратурны зборнік “І першым паказаўся Каліноўскі” (аўтар Я. Янушкевіч) на беларускай, летувіскай*, польскай, украінскай, нямецкай, ангельскай і іспанскай мовах, і чацвёртае выданне фотаальбома “ПАРТРЭТЫ ПАЎ-СТАННЯ 1863-1865” (аўтары Я. Янушкевіч і ягоная дачка Каміла Янушкевічанка) на беларускай, летувіскай і польскай мовах.
Спадар Янушкевіч з хваляваннем прачытаў свой нарыс “Спатканне з Легендай”, змешчаны ў кнізе “І першым паказаўся Каліноўскі”, – праўдзівую гісторыю пра тое, як вясной 1984 года пачуў ад дзеда Мікалая, вахцёра філфака Белдзяржуніверсітэта, верш, які нібыта прачытаў людзям Кастусь Каліноўскі з ужо накінутай на шыю пятлёю:
Хай злыдні над намі
Скрыгічуць зубамі, –
Любі сваю ніву, свой край!
І колькі ёсць сілы
Да самай магілы –
Ары, барануй, засявай! **
Не здолеў тады Язэп запярэчыць старому, маўляў, гэты верш узнік пазней: “…ці выпадала мне, нашчадку касінераў, маладзёну з “навукай за плячыма” аб-разіць ведамі 70-гадовага старога? Гэта значыць бязлітасна разбіць легенду, з якой Мікалай Дука пражыў доўгае і няпростае жыццё і застаўся чалавекам, гордым ад усведамлення свайго да-лучэння да апошняй хвіліны жыцця аднаго з выдатных сыноў беларускай зямлі, – які сваім кароткім, але яркім, як бліскавіца, жыццём разарваў панаванне векавой няпраўды над роднымі загонамі, пасеяў у сялянскіх душах усведамленне, што яны – не быдла, а роўныя з іншымі народамі ў праве на шчаслівейшую долю і волю, што яны ў грамадзе не “племя” са сваім “малоразвитым наречием”, а нацыя, якая на крутых заломах гісторыі памірала, але не памерла”.
Потым быў эмацыйны, узнёслы выступ У. Някляева, ягонае прызнанне, што зараз тут, у Вільні, ён шчаслівы, бо ў бачыў тут столькі беларусаў, што стагоддзямі чужынцы пераўтваралі наш край ваўкоў у край зайцоў і не дамагліся свайго, і што гэта ці не самая важная падзея ў яго жыцці, і ягоная сэнтэнцыя: паглядзіце на партрэты пастанцаў і паглядзіце на твары беларускіх урадоўцаў…, і ягоны заклік: “што ёсць моцы араць! Каб духам дацягнуцца да паўстанцаў!”.
За 28 год незалежнай Рэспублікі Беларусь для аўтара гэтай нататкі сама знакавай падзеяй было прыняццё разам з сябрамі Беларускага згуртавання вайскоўцаў сімвалічнай прысягі на вернасць беларускаму народу на плошчы Незалежнасці ў Менску 8 верасня 1992 года. Цяпер у мяне ёсць яшчэ адна знакавая дата – 22 лістапада 2019; Вільня.
Кастусь Каліноўскі і яго пабрацімы паказалі нам прыклад стойкасці і самаахвярнасці дзеля свайго народа.
Завершыць жа гэту нататку хачу словамі Язэпа Янушкевіча з кніжкі “І першым паказаўся Каліноўскі”: “ЗАБЫЦЬ ПРА ІХ – СЯБЕ ЗАБІЦЬ”.
* Letuviski – аўтар кніжкі Язэп Янушкевіч лічыць, што дзеля таго, каб не было блытаніны з гістарычным тэрмінам “Літва” (і вытворных ад яго: “літовец-ліцвін; літоўскі-ліцвінскі” і г.д.), правільней ужываць у дачыненні да жыхароў Letuwy (Lietuva) тэрмін “letuvisy” – адпаведна іхняй саманазве.
** З верша Янкі Купалы “Аратаму”, 1908 г.
Міхась Варанец,
г. Слонім.