Некалькі крэсак жа біяграфіі Радаслава Астроўскага
Дырэктар Віленскай беларускай гімназіі ў 1924 – 1936 гг., старшыня Таварыства беларускай школы, сябар кіраўніцтва Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ) і ў 1925-1926 гг. дырэктар Беларускага кааператыўнага банка ў Вільні, цераз які праходзілі грошы з СССР, прызначаныя на падтрымку дзейнасці БСРГ, а з 1926 г. член КПЗБ Радаслаў Астроўскі, быў вялікім аматарам астраноміі. У заходнебеларускай прэсе можна прачытаць яго артыкулы, у якіх ён папулярызаваў астранамічная веды (пісаў пра сонечныя і месяцавая зацьменні, вывучэнне планет і г. д.). Яго артыкулы былі накіраваны на падвышэнне адукацыйнага ўзроўню беларускага народа.
Беларуская прэса паведаміла, што 14-15 студзеня польскія ўлады правялі арышты “павадыроў Беларускай Работніцка-Сялянскай Грамады і асоб вінавачаных у камунізме … Адначасна адбывалася рэвізыя ў паслоў і беларускіх дзеячоў Грамады. Рэвізыя адбылася таксама ў Беларускім Банку. Паслоў арыштавалі пры такіх абставінах: пас. Тарашкевіча паліцыя знайшла ў Калёніі (пад Вільняй) у доме Астроўскага. Пры арышце, як пішуць польскія газэты, у Тарашкевіча знойдзена вялікая сума ў далярах і інструкцыя, як тварыць арганізацыі камуністычнай партыі. Пас. Валошына арыштавалі ў кватэры, а п. Рак-Міхайлоўскага на вакзале, у часе калі меўся садзіцца на цягнік. Сярод дзеячаў Грамады ў Вільні арыштавалі: гр. Астроўскага …” 1.
2 лютага 1927 г. віленская газета “Слова” ў артыкуле пад назвай “Дырэктар Астроўскі цікавіцца палітыкай”, паведаміла, што “Дырэктар беларускага банка Астроўскі, увязнёны ў Лукішках па справе Грамады, пісьмова звярнуўся да пана пракурора пры Акруговым судзе з просьбай аб дазволе атрымліваць па падпісцы газеты “Слова”, “Кур’ер Віленскі”, “Газету Варшаўскую”, “Голас Праўды” і “Варшавянку”. Пры гэтым, адначасова, ён адмовіўся ад турэмнага рацыёну харчавання.
Адначасова з гэтым Астроўскі папрасіў аб дазволе прывезці яму з дому астранамічныя і матэматычныя прылады для напісання навуковых прац.
Пан пракурор дазволіў Астроўскаму падпісацца на пералічаныя газеты і даў дазвол перадаць вязню патрэбныя наву-ковыя прылады” 2.
Цікава, што праз некалькі дзён, верагодна, прачытаўшы артыкул у “Слове” і здзівіўшыся надзвычайнай дабрыні пракурора, да жонкі Астроўскага прыйшоў нейкі авантурнік, які прадставіўся менавіта тым пракурорам і патрабаваў за свае паслугі 50 злотых. Астроўская выклікала паліцыю і адмовілася даць грошы3.
А 25 лютага беларуская газета “Маланка” паведаміла пра “астраномію на Лукішках”, надрукавала з гэтай нагоды цікавы малюнак і верш4. Дарэчы, падчас суда над БСРГ, выдавец газеты “Маланкі” Янка Маразовіч сказаў, што падсуднаму Астроўскаму вельмі падабалася яго газета5. На судовым працэсе супраць Грамады Радаслаў Астроўскі быў апраўданы6.
У “Маланцы” былі надрукаваны наступныя малюнак і верш:
Вось дык штука” Вось дык дзіва!
Хоць пражыў я з пару коп!
Ці з вас калі хто бачыў
На Лукішках тэлескоп?
Хто там, хто парой начною
Глядзіць з-за кратаў у Сусвет.
Чаго хоча? Што шукае
Сярод чысьленных планет?
Мо глядзіць, ці там на Марсе,
На Сатурне, ці Луне
Арыштуюць “на ўчынку”
Таго, хто сьпіць салодка ў сьне.
І ці брэшуць там газеты,
Як тут польскія якраз?
Не! Бо бачыш, Obst’аў7, Cat’аў8, Bor’аў
Няма болей, – толькі ў нас!
Я. М.
Яшчэ ў вязніцы Астроўскі мяняе свае палітычныя погляды і робіцца прыхільнікам супрацоўніцтва з польскімі ўладамі. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
Нешта падобнае на выпадак Астроўскага (астраномія і тэлескоп у Лукішках) адбылося з нарадавольцам Мікалаем Марозавым, які быў прыгавораны да пажыццёвага зняволення і адбываў свой тэрмін у Петрапаўлаўскай і Шлісербургскай цвердзях. Ён таксама меў тэлескоп і дазвол весці назіранні з даха равелінаў цвердзяў, дзе адбываў тэрмін. За час зняволення ён вывучыў адзінаццаць моў, напісаў мноства навуковых прац па хіміі, фізіцы, матэматыцы, астраноміі, філасофіі, авіяцыі, палітэканоміі і цалкам прысвяціў сябе навуцы. Выйшаў на волю па амністыі 1905 г. Іншых выпадкаў знаходжання “тэлескопа ў турме” я прыгадаць не магу.
1 Сялянская Ніва. № 6 (57), 19 студзеня 1927.
2 Slowo. № 26 (1339). 2 lutego 1927.
3 Slowo. № 35 (1348). 13 lutego 1927.
4 Маланка. № 2. 25 лютага 1927.
5 Воля Працы. №5, 28 сакавіка 1928.
6 Голас Працы. №13, 26 траўня 1928.
7 Обст Ян Конрад (Obst, Jan Konrad), віленскі публіцыст, выдавец і гісторык.
8 Станіслаў Мацкевіч (Stanislaw Mackiewicz), тагачасны рэдактар газеты “Слова”, меў псеўданім “Cat”.