У Беларусі з 13 па 18 кастрычніка знаходзіўся з візітам вядомы даследчык з ЗША, гісторык і археолаг, доктар філасофіі, кіраўнік “Групы даследавання рукапісаў” доктар Скот Кэрал, заснавальнік музея Бібліі ў Вашынгтоне. Ён удзельнічаў у шэрагу навуковых мерапрыемстваў і выступіў з лекцыямі ў Нацыянальнай бібліятэцы, БДУ і Баранавіцкім дзяржаўным універсітэце. У мінулым годзе, дзякуючы яго дзейнасці, была паспяхова праведзена сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай буйнейшая ў гісторыі краіны выстава “Беларусь і Біблія”.
У мінулым спартовец, чалавек моцнай волі і характару, чэмпіён ЗША, які рыхтаваўся да ўдзелу ў Алімпіядзе-80, быў пакліканы на служэнне, каб сведчыць па ўсім свеце пра даставернасць Бібліі. Ён выступае ў розных краінах свету, арганізуе выставы біблейскіх дакументаў у рамках праекту “Inspired Eхhibited”. Выставы на працягу апошніх гадоў былі арганізаваныя ў Ганконгу, Беларусі, Расіі і рыхтуюцца ў Папуа-Новай Гвінеі. Сёлета навуковец з камандай з 32 чалавек здзейсніў падарожжа ў Грэцыю на месцы пропаведзяў апостала Паўла ў Філіпіі, Фесалоніках, Кападокіі і іншых гарадах.
15 кастрычніка доктар Кэрал выступіў у Нацыянальнай бібліятэцы з лекцыяй “Кнігі да вынаходніцтва друку: нястомная праца перапісчыка”. Лекцыю наведалі беларускія даследчыкі Бібліі, студэнты Інстытута тэалогіі БДУ, прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.
Падчас даследаванняў Скоту Кэралу давялося вывучаць і ідэнтыфікаваць больш за 20.000 манускрыптаў, сярод якіх былі старажытныя Торы, кумранскія рукапісы, раннія хрысціянскія тэксты.
Вядомы амерыканскі навуковец распавёў пра працу перапісчыкаў Святога Пісьма на працягу тысяч гадоў. Доктар Скот звярнуў увагу на ідэнтычнасць па змесце тэкстаў, якія перапісваліся ў розныя часы.
Многія гадзіны праводзіць прафесар над рукапісамі, яны з’яўляюцца для яго акном у старажытны свет, праліваюць святло на аўтараў і перапісчыкаў тэкстаў. Навуковец заахвочвае студэнтаў да капіявання манускрыптаў. Удзельнікі лекцыі змаглі разгарнуць і патрымаць у руках старажытны скрутак Торы.
– Я віншую беларускіх даследчыкаў, якім удалося ажыццявіць факсімільнае ўзнаўленне Берасцейскай Бібліі! – прамовіў доктар Скот Кэрал.
Пасля паездкі ў Баранавічы, напрыканцы тыдня амерыканскі даследчык сустрэўся з юнымі наведвальнікамі “Клуба кніжных прафесараў” у Нацыянальнай бібліятэцы. Дарослых і дзяцей кранулі яго шчырасць, душэўная цеплыня, апантанасць даследаваннямі і моцная вера.
Эла Дзвінская,
На фота аўтара: Д-р Скот Кэрал ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі.