Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Вяртанне вобразу старажытнага Менска

Вяртанне вобразу старажытнага Менска

1 кастрычніка 2019, 06:06 Культура 45
Вяртанне вобразу старажытнага Менска

У мінулыя выходныя Менск святкаваў 952 гадавіну з дня першага ўспаміну ў летапісе. Сімвалічнай падзеяй у будынку гарадской ратушы стала прэзентацыя кнігі вядомага менскага архітэктара Сяргея Багласава “Адраджэнне  гістарычнага цэнтра Мінска. 1980-2016. Навукова-рэстаўрацыйная справаздача навуковага кіраўніка абъекта  (дакументал-ная хроніка)”.

На сустрэчы з грамадскасцю  Сяргей Георгіевіч Багласаў, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва 2015 года, распавёў пра доўгі шлях аднаўлення старажытнай забудовы па вуліцах Рэвалюцыйнай, Інтэрнацыянальнай, Ракаўскай, Віцебскай, Зыбіцкай, пра аднаўленне ратушы, плошчы Свабоды, і прадэманстраваў відэапрэзентацыю розных аўтарскіх аб’ектаў.

Сяргей Багласаў нарадзіўся ў Магілёве ў 1949 годзе. З 1962 года ён жыве ў Менску. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага палітэхнічнага інстытута па спецыяльнасці “Архітэктура” ён працаваў у Сектары звода помнікаў гісторыі і архітэктуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклора Акадэміі навук  БССР. У гэты перыяд яму даводзілася шмат падарожнічаць па краіне, вывучаць старажытнае дойлідства. З 1976 года, працуючы ў “Белрэстаўрацыі”, Сяргей Багласаў займаўся рэканструкцыяй Траецкага прадмесця і іншых помнікаў архітэктуры, а з 1980-га – непасрэдна гістарычным цэнтрам Менска.

Сяргей Георгіевіч падзяліўся ўспамінамі пра тое, у якім занядбаным і напаўразбураным стане знаходзіліся будынкі ў канцы 70-ых гадоў мінулага стагоддзя. У 80-я гады беларуская інтэлігенцыя рашуча выступіла ў абарону сваёй гістарычнай спадчыны. Пасля перыяду барацьбы будынкі былі ўзятыя пад ахову дзяржавы, былі праведзены раскопкі, ажыццеўлена навуковая экспертыза, была распрацавана 1-ая канцэпцыя рэканструкцыі, вызначаны яе тэмпы, да працы далучыліся інстытуты  “Мінскпраект”, “Белжылпраект” і іншыя.

– Верхняга горада ў Менску магло і не быць, – успамінае заслужаны архітэктар.-Абмяркоўваліся варыянты зносу забудовы. Даведаўшыся пра гэта, мы з Алегам Трусавым напісалі ліст Аляксею Касыгіну, які быў старшынём Усесаюзнага таварыства па ахове помнікаў гісторыі і культуры. Ліст патрапіў карэспандэнту ” Праўды”  ў Беларусі Івану Новікаву, і той выступіў з артыкулам. Гісторыя атрымала галоснасць, і жаданне разбураць будынкі адпала. За рэканструкцыю Верхняга горада выступілі ў друку з артыкуламі Уладзімір Караткевіч і Адам Мальдзіс.

 Ідэя аднаўлення ратушы ўзнікла яшчэ ў 1980-тым годзе, але толькі ў 2002-тым пачаліся будаўнічыя работы, якія завершыліся ў 2003 годзе.

У творчай майстэрні Сяргея Багласава былі распрацаваныя праекты аднаўлення былой царквы Святога Духа, будаўніцтва гандлёвага комплекса з паркінгам на вуліцы Няміга, гатэляў “Еўропа” і “Манастырскі”, шматлікіх скульптурных кампазіцый і іншых аб’ектаў.

Госці сустрэчы атрымалі кнігі з аўтографам знанага архітэктара і выказалі яму шчырую падзяку. Ганаровы старшыня ТБМ Алег Анатольевіч Трусаў павіншаваў свайго сябра з выхадам грунтоўнага і карыснага выдання, якое адлюстроўвае вехі ў развіцці архітэктурнага вобразу сталіцы.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!
Грамадства

Археолагі пра старажытны човен: Мы не чакалі, што гэта будзе такая вялікая знаходка!

9 лістапада 2018, 09:2817
Каля 20 школ па ўсёй краіне ўдзельнічаюць у "інавацыйным" праекце: у часткі навучэнцаў бяруць адбіткі пальцаў
Грамадства

Каля 20 школ па ўсёй краіне ўдзельнічаюць у "інавацыйным" праекце: у часткі навучэнцаў бяруць адбіткі пальцаў

21 снежня 2018, 12:0016
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2216
Далучайцеся да нас