З 21 жніўня па 15 верасня ў Нацыянальным гістарычным музеі Рэспублікі Беларусь экспанавалася выстава, прымеркаваная да 110-годдзя з дня нараджэння савецкага дыпламата, дзяржаўнага дзеяча, ураджэнца Беларусі Андрэя Андрэевіча Грамыкі.
Адзін з найвялікшых дыпламатаў XX ст. А.А. Грамыка (1909-1989) нарадзіўся ў вёсцы Старыя Грамыкі Гомельскага павета Магілёўскай губерні (цяпер – Веткаўскі раён Гомельскай вобласці). Ён паходзіў з нябеднай беларускай сялянскай сям’і, якая паходзіла са шляхецкага роду (што старанна замоўчваў), большая частка якога ў часы Расійскай імперыі была пераведзена ў падаткавы стан. У афіцыйных біяграфіях паведамлялася пра сялянскае паходжанне і тое, што яго бацька-селянін працаваў на заводзе.
З 13 гадоў Андрэй хадзіў з бацькам на заробкі, часцей на нарыхтоўку і сплаў лесу. Пасля заканчэння 7-гадовай школы працягнуў адукацыю ў прафесійным тэхнічным вучылішчы і тэхнікуме ў Гомелі, затым – у Старабарысаўскім сельскагаспадарчым тэхнікуме (в. Старабарысаў Барысаўскага раёна Менскай вобласці)
У 1932 годзе скончыў Менскі сельскагаспадарчы інстытут, паступіў у аспірантуру Усесаюзнага навукова-даследчага інстытута эканомікі сельскай гаспадаркі (Масква).
У 1931 годзе ажаніўся, у 1932 годзе нарадзіўся сын Анатоль. будучы вучоны-афрыканіст.
Пасля пераезду ў Маскву быў запрошаны на працу ў Народны камісарыят замежных спраў СССР. У 1943-1946 гг. займаў адказную пасаду амбасадара СССР у ЗША, удзельнічаў у стварэнні ААН.
У якасці міністра замежных спраў СССР А.А. Грамыка адыграў важную ролю ва ўрэгуляванні Карыбскага крызісу, арганізоўваў падпісанне шэрагу ключавых міжнародных дагавораў у сферы раззбраення і абмежавання ўзбраенняў, садзеqнічаў стварэнню АБСЕ і інш. Дыпламат карыстаўся высокім аўтарытэтам у савецкіх і замежных палітыкаў, за жорсткі стыль вядзення перамоваў атрымаў мянушку “Mr. Nyet” (Містар “Не”) за своеасаблівы стыль вядзення перамоў.
Пасля смерці Чарненкі на сакавіцкім Пленуме ЦК КПСС 11 сакавіка 1985 года Грамыка прапанаваў кандыдатуру Гарбачова на пасаду Генеральнага сакратара ЦК КПСС – фак-тычна першай асобы дзяржавы. Па сведчанні ўнука, дырэктара Інстытута Еўропы РАН Аляксея Грамыкі, які спасылаецца на расказ дзеда, у той дзень міністр замежных спраў СССР узяў слова першым на паседжанні Палітбюро ЦК КПСС, даў кароткую станоўчую характарыстыку М. С. Гарбачову і высунуў яго на вышэйшую пасаду ў дзяржаве, што і было падтрымана іншымі. Паводле гэтых жа сведчанняў, пасля Андрэй Андрэевіч шкадаваў аб сваім рашэнні. Тым не менш у сваіх падцэнзурных успамінах “Памятное”, выдадзеных у 1988-1990 гадах, Грамыка станоўча выказаўся пра Гарбачова і пра палітыку “перабудовы”.
Грамыка актыўна ўдзельнічаў і ва ўнутранай палітыцы СССР – быў членам ЦК КПСС, членам Палітбюро ЦК КПСС, займаў пасаду Першага намесніка Старшыні Савета міністраў СССР. У 1985-1988 гг. А.А. Грамыка быў Старшынём Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР, з’яўляючыся тым самым фармальным кіраўніком дзяржавы.
Неўзабаве пасля адстаўкі (1988) выйшлі ў свет мемуары “Памятное” (першая кніга), над якімі Грамыка працаваў апошнія гады, у 1990 годзе выйшла другая кніга, у гэтым жа годзе мемуары агулам апублікаваны і на англійскай мове ў брытанскім выдавецтве “Хатчынсан”.
У Рэспубліцы Беларусь яго імем названы вуліца і школа ў горадзе Ветка, у Гомелі ўстаноўлены помнік-бюст дыпламату ў скверы яго імя. На выставе прадстаўлены дакументальныя матэрыялы, прысвечаныя жыццю, дзейнасці і спадчыне вядомага дыпламата: копіі указаў, дамоваў і пастановаў, дыпламатычныя ноты, а таксама разнастайны фотаматэрыял – здымкі значных міжнародных падзей, у якіх самы непасрэдны ўдзел прымаў А.А. Грамыка.
Выстаўка знаёміць не толькі з палітычнай дзейнасцю – працай на пасадзе пасла СССР у ЗША і Міністра замежных спраў СССР – але і з асабістым жыццём дыпламата.
Праект “Андрэй Андрэевіч Грамыка – дыпламат савецкай эпохі” арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.
P.S. Шкада, што на выставе не былі прадстаўлены асабістыя рэчы А.А. Грамыкі.
Аляксей Шалахоўскі,
гісторык культуры.