Ад 1944 г. Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква (БАПЦ) знаходзіцца на Эміграцыі. 26 жніўня 1950 году Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква заснавала ў Брукліне прыход імя Святога Кірылы Тураўскага. Будынак Катэдральнага Сабору Святога Кірылы Тураўскага пачаў будавацца 5 чэрвеня 1850 года (закладзены вуглавы камень у фундамент будынку) ў стылі неаготыкі. Кіруе Саборам яго Міласць Найпачаснейшы СЬВЯТАСЛАЎ (Логін) Архіяпіскап БАПЦ. У цяперашні час у Саборы кожную нядзелю праводзяцца службы. І таксама пад дахам беларускай Царквы ладзяцца сустрэчы з беларусамі.
Стараста Катэдральнага Сабору сп. Аляксандр Хомчанка распавеў пра беларускага звышмаратонца з г. Ліды сп. Лявона Анацку, які завітаў у Нью Ёрк, каб паспрабаваць свае сілы ў маратоне імя Sri Chinmoy працягам у 10 содняў. Акрамя асабістага захаплення бегам сп. Лявон займае пасаду старшыні Лідскай арганізацыі Таварыства Беларускай Мовы.
Аляксандар Хомчанка
«Такога самаахвярнага, сумленнага, працавітага і пры гэтым неверагодна сціплага чалавека, як сп. Лявон раней бачыць не даводзілася. Трэба вельмі добра пашукаць і абсалютна ўпэўнены, што магчыма і не знойдзеце. Пасля тога, як сп. Лявон прабег 10-ці дзенны маратон у Нью Ёрку, мы запрасілі яго ў Беларускую Царкву і арганізавалі сустрэчу ў грамадскай залі Сабору. Было вельмі цікава сустрэцца з такім неардынарным чалавекам. Сустрэча прайшла цудоўна: цікавыя пытанні і цікавыя адказы, падчас трошкі жартоўныя.
Пасля прыемнай сустрэчы, даведаўшыся, што сп. Лявон збіраецца яшчэ нейкі час быць у Амерыцы, прапанавалі яму да ад’езду спыніцца у нашай Царкве, хаця добрых, прыстасаваных умоваў для пражывання ў Царкве няма, але гэтая акалічнасць яго не збянтэжыла. Мы, час ад часу, аказваем дапамогу беларусам, каторыя па пэўных прычынах часова не маюць магчымасці арэндаваць жыллё. Галоўная ўмова часовага пражывання – дапамога царкве. І тут пачалося: сп. Лявон усе прапалоў і перакапаў вакол царквы, зрабіў прыгожыя кветнікі, замовіў у сястрынства прыгожыя кветкі белага і чырвона колераў (пад колер нацыянальнага сцяга), адрамантаваў, пафарбаваў лесвіцы на другі паверх будынку, адрамантаваў і пафарбаваў адлівы фундаменту звонку па перыметру царквы і шмат чаго яшчэ… (глядзіце здымкі)»
«Мы не паспявалі прывозіць фарбу і матэрыялы… Хачу азначыць, што сп. Лявон прымаў і самы актыўны ўдзел у працы ля помніка Беларускім Змагарам, рэстаўрацыі і ўпарадкаванні тэрыторыі у Саўт Рывары у суседнім Штаце Ню Джэрсі. Пры жудаснай спякоце (тэмпература падымалася да +37*С) сп. Лявон, з сякераю ў руках, амаль што без перапынку, як заўзяты маратонец, павысякаў усе кусты і параснік па перыметры помніка… І гэта пры тым, што сакера ў сп. Лявона была тупая, а калі б вострая?»
Недалёка ад Канадыйскай мяжы, на поўначы штату Нью Ёрк, недалека ад Ніагарскага Вадаспаду Лявон Анацка прыняў удзел у маратоне Mighty Mosquito ў 100 міль (160 км).
«Мы планавалі разам са сп. Лявонам, што атрымаецца прыняць удзел у 52-дзенным на 3100 міль (амаль 5000 км) маратоне ў гэтым годзе, але спіс удзельнікаў быў сфармаваны яшчэ ўзімку. За кожным удзельнікам быў замацаваны суддзя, каторы фіксаваў час. Сп. Лявон нават 4 кругі прабег з удзельнікамі, але арганізатары папрасілі, каб ён сышоў з дыстанцыі, таму, што не было каму рэгістраваць яго час.»
«Са свайго боку яны паабяцалі ўключыць яго ў спіс маратонцаў на наступны год. Асноўны крытэр удзелу ў супермаратоне – прабегчы 10-ці дзённы маратон з вынікам не меньш чым 100 км/дзень. Ен гэта выканаў: прабег 1078 км.»
«Улічваючы тое, што не атрымалася ўзяць удзел у супермаратоне, дзеля нейкай маральнай кампенсацыі, ён папрасіў знайсці нейкі маратон у штаце Ню Ёрк. Мы яму дапамаглі гэта зрабіць. Апынулася, што гэта не вельмі блізка. Але, улічваючы ягоную апантанасць і вялікае жаданне бегчы, і ў знак удзячнасці за вялікую дапамогу ў Царкве, прапанавалі яго “падкінуць” да месца правядзення маратону Mighty Mosquito і зладзіць вандроўку да Ніагарскага Вадаспаду.»
«Такога сціплага, самаахвярнага, сумленнага чалавека раней бачыць не даводзілася. Усе ў царкве з вялічэзнай павагай адносяцца да сп. Лявона. Калі ў яго атрымаецца атрымаць візу і прыехаць на наступны год, з вялікім задавальненнем сустрэнем і чым зможам – дапаможам.»
Відэа і фота прадаставіў сп. Аляксанар Хомчанка