20 ліпеня група сяброў ТБМ імя Ф. Скарыны здзейсніла падарожжа па мясцінах, звязаных з месцам нараджэння і маладых гадоў Станіслава Манюшкі. Вандроўка была прысвечана 30-годдзю ТБМ і 200-годдзю з дня нараджэння родапачынальніка беларускай і польскай оперы.
Сябры ТБМ наведалі мястэчкі Алесіна, Шыпяны, Малыя Ляды, Волму, Смілавічы.
Дырыжор і музыказнаўца, лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў пазнаёміў вандроўнікаў з гісторыяй шляхецкага роду Манюшкаў, распавёў пра перапляценні лёсаў, духоўныя і культурныя традыцыі і гістарычны кантэкст, у якім развівалася творчасць кампазітара. Удзельнікі вандроўкі даведаліся пра малавядомыя факты з гісторыі роду Манюшкаў і пачулі рамантычную гісторыю кахання Станіслава і Аляксандры Мюлер.
Разважаючы над многімі фактамі, можна было заўважыць, як хрысціянская вера мацавала род Манюшкаў, гартуючы патрыятычны дух ВКЛ і Рэчы Паспалітай, прыносячы багаты плён у кожным з пакаленняў: плён шматдзетнасці, плён добрага догляду за зямлёй, міласцівага стаўлення да сялян, клопату пра народную асвету і адукацыю.
Дзед слыннага творцы Станіслаў Манюшка-старэйшы ат-рымаў маёнткі пры падзеле ўладанняў гетмана ВКЛ Міхала Казіміра Агінскага. Ён быў суддзём Вялікага Княства Літоўскага, ажаніўся позна, у 51 год, з Евай Вайніловіч. Яго маёмасць налічвала мільён злотых, і ён быў сапраўдным гаспадаром. У яго нарадзілася 16 дзяцей, да сталага ўзросту дажылі толькі 10, (6 сыноў і 4 дачкі), апошняя дзяўчынка нарадзілася, калі яму было 72 гады. Большасць з яго сыноў скончылі Віленскі ўніверсітэт і атрымалі званні дактароў права. Акрамя бацькі Манюшкі – Часлава. Ён не паспеў гэтага зрабіць, бо пачалася Напалеонаўская кампанія і ўсе сыны Станіслава Манюшкі выступілі супраць расій-скага царскага войска на баку Напалеона за адраджэнне Рэчы Паспалітай. Часлаў Манюшка быў таленавітым чалавекам, захавалася 12 альбомаў яго малюнкаў. Ён служыў пры штабе і быў ад’ютантам маршалаў Мюрата і Даву, даслужыўся да чына капітана.
Дамінік Манюшка ў сваіх уладаннях у Радкаўшчыне адмяніў прыгоннае права яшчэ ў 1843 годзе, падзяліўшы зямлю паміж сялянамі. Ён пабудаваў ім хаты, увёў незалежны суд, адчыніў бясплатныя школы для дзяцей. У школах не толькі вучылі чытаць і пісаць, але і выкладалі геаметрыю, чарчэнне і пчалярства, туды запрашаліся выкладчыкі з Парыж-скага і Пражскага ўніверсітэтаў, выкарыстовалася сістэма вядомых еўрапейскіх педагогаў Джозафа Ланкастара і Ёгана Песталоцы.
У Алесіне засталіся часткі каменнага манумента Дамініку Манюшку, абнесеныя плотам. Ля іх вандроўнікі сфатаграфаваліся на памяць.
Пасля вайны 1812 года ўсе браты Манюшкі вярнуліся ў Смі-лавічы жывыя і здаровыя, была падзелена зямля, якая належала бацьку, і Чаславу дастаўся Убель. З сям’і Манюшкаў выйшлі многія вучоныя і асветнікі.
Сядзіба, дзе нарадзіўся будучы кампазітар, не захавалася. Там зараз знаходзіцца санаторый “Волма”. Аляксей Фралоў спыніўся з групай ля велічэзнай таполі, побач з якой стаяў маёнтак Манюшкаў. Верагодна, гэта тая таполя, якую адлюстраваў на малюнку Напалеон Орда.
Казімір Манюшка, які атрымаў у спадчыну Смілавіцкі палац, быў батанікам, ён выводзіў новыя гатункі раслін, пабудаваў цяпліцы, заклаў вакол сядзібы парк, які захоўваецца да сённяшняга дня.
Часлаў у 1818 годзе ажаніўся з Альжбетай Маджарскай. Яна паходзіла з вядомага роду, прадстаўнікі якога заклалі ў Слуцку фабрыку, дзе ткаліся знакамітыя слуцкія паясы.Тэхніку ткацтва прывёз Ян Маджарскі.
5 траўня 1819 года маленькі хлопчык, які будзе насіць імя Станіслаў, нараджаўся з цяжкасцю. Было адчынена акно, каб матулі было лягчэй дыхаць. Праз яго ў пакой уляцела ластаўка, якая звіла гняздо паблізу. Яна вывела птушанят і цэлае лета лётала каля Убельскай сядзібы. Яна засталася ва ўспамінах членаў сям’і як сімвал прынесенага жыцця і таленту кампазітара. У памяць аб здарэнні ў нашы дні запачаткаваны фестываль, названы “Убельская ластаўка”.
На пяты дзень маленькі Станіслаў быў ахрышчаны ў Смі-лавіцкім парафіяльным касцёле.
Маці першай заўважыла талент хлопчыка і адвезла яго ў Варшаву, дзе ён займаўся музыкай у Станіслава Аўгуста Фрэера. Дзеці вучыліся ў школе пры піярскім манастыры. Праз тры гады, скончыўшы пачатковую школу, Станіслаў з бацькамі вярнуўся на Беларусь. У Менску юнак займаўся ў мужчынскай гімназіі, але яе не скончыў, таму што пачалося паўстанне 1830-31 гадоў, аднак працягваў займацца прыватна са сваімі дзядзькамі Казімірам і Да-мінікам. Станіслаў вырас высокаадукаваным чалавекам, акрамя польскай і расійскай, ён ведаў яшчэ англійскую, французскую і італьянскую мовы, меў літаратурны дар, які выяўляецца ў яго пісьмах. Музыкай ён займаўся ў Дамініка Стэфановіча. Дом Манюшкаў у Менску быў цэнтрам культурнага жыцця. Юнак вырашыў стаць кампазітарам, каб пісаць творы, у якіх выступалі б акцёры ў нацыянальных касцюмах.
У Вільні ва ўзросце 17 гадоў Манюшка пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Аляксандрай Мюлер, якой было 16 гадоў. Маці нявесты Марыя Мюлер падтры-мала дзяцей, яна дала згоду на шлюб у тым выпадку, калі Стані-слаў атрымае адукацыю. І тады таленавіты юнак адправіўся ў Бер-лін у музычную акадэмію. Там ён дэбютаваў як кампазітар…
У Вільні прагучаў першы духоўны твор кампазітара “Вострабрамскія літаніі”, прысвечаны абразу Маці Божай Вострабрамскай. У Вільні Станіслава чакала Аляксандра. Яны абвянчаліся ў касцёле Пана Езуса. За 18 гадоў у сям’і Манюшкаў нарадзілася 10 дзяцей, да сталага ўзросту дажылі 7, самым вядомым з іх быў малодшы сын Ян, які стаў прафесарам Пецярбурскай мастацкай акадэміі.
У Смілавічах Аляксей Фралоў запрасіў зацікаўленых вандроўнікаў наведаць музычную гасцёўню, створаную ў 2017 годзе пры падрымцы праекта ЕС-ПРААН па садзейнічанні культурнаму развіццю рэгіёнаў.
– Станіслаў Манюшка быў кампазітарам еўрапейскага ўзроўню. Яго імя можна было б назваць сярод такіх, як Бедржых Сметана, Антанін Леапольд Дворжак,- адзначыў спадар Аляксей. – У Варшаве сёлета адбыліся вялікія святкаванні. У Вялікім тэатры адбыўся прыём. Прэзідэнт Анджэй Дуда ўсклаў кошык з кветкамі на магіле кампазітара. Здзейснілася падарожжа нашай творчай інтэлігенцыі па замежных мясцінах Манюшкі, трох ключавых кропках: Вільні- Берліне- Варшаве.
Мы рабілі з аркестрам “Capella Akademia” і зоркамі беларускай оперы на пляцы Верх-няга горада ля ратушы канцэрт у час правядзення Дня польскай культуры. Праводзілі публічны гарадскі сімфанічны канцэрт, прысвечаны беларускаму і польскаму класіку. Адбыўся пленэр з удзе лам Беларускага саюза мастакоў. Шмат асобаў заангажаваны ў святкаванне юбілею і ўспрымаюць яго актуальным для сябе. У Вільні праходзіла канферэнцыя пад эгідай ЮНЭСКА.
У Смілавічах даследчую працу па гісторыі роду Манюшкаў распачаў у 1969 годзе настаўнік геаграфіі, дырэктар мясцовай сярэдняй школы Васіль Васільевіч Несцяровіч. Ён усталяваў навуковыя кантакты з гісторыкамі Польшчы і назапасіў грунтоўны матэрыял, звязаны з сядзібай бацькоў Манюшкі ў Убелі, з гісторыяй яго роду. Адзіны ў свеце музей Манюшкі знаходзіўся ў пасёлку Азёрны ў памяшканні школы, сёлета ён пераехаў у новы будынак – музычную гасцёўню ў Смілавічах.
Даследаванні працягвае дачка В.В. Несцяровіча Ірына Серада, якая працуе ў музычнай гасцёўні экскурсаводам. Яна знаёміць наведвальнікаў са шматлікімі фотаздымкамі, экспанатамі, якія распавядаюць пра жыццё і творчасць кампазітара-рамантыка, яго сям’ю і сяброў. Тут можна паслухаць фрагменты з опер кампазітара.
Палац Манюшкаў у Смілавічах выкуплены ў прыватную уласнасць, а частка яго парэшткаў закансервавана.
Праграма вандроўкі была вельмі змястоўнай. Падарожнікі і актывісты ТБМ па дарозе таксама здзейснілі экскурсію ў праваслаўны Свята-Дабравешчанскі манастыр у Малых Лядах, сродкі на будаўніцтва якога ахвяравалі Ігнат Завіша і яго жонка Марцыбэла Агінская. У ХVIII стагоддзі гэта быў манастыр базыльянаў.
Тэбээмаўцы наведалі музей “Прастора Хайма Суціна” і дзяцічы арт-цэнтр у Смілавічах, дзе ўбачылі шмат прыкладаў беражлівага і трапяткога стаўлення да гістарычнай і культурнай спадчыны.
Эла Дзвінская,
фота аўтара.
- Група тэбээмаўцаў начале з Аленай Анісім са сцягам, фота А. Давідовіча;
- Сябры ТБМ у вандроўцы;
- Ля манумента Дамініку Манюшку;
- Аляксей Фралоў у музычнай гасцёўні;
- Ірына Серада;
- Бюст С. Манюшкі.