27 чэрвеня на сядзібе ТБМ імя Ф. Скарыны ў Менску адбылася сустрэча кіраўнікоў арганізацыі з журналістамі, прысвечаная 30-годдзю ТБМ. Прысутныя ўшанавалі памяць былых старшынь арганізацыі – Ніла Сымонавіча Гілевіча і Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна.
Сённяшняя старшыня Алена Мікалаеўна Анісім, якая 20 гадоў займаецца актыўнай дзейнасцю ў ТБМ, нагадала пра дасягненні ТБМ у розных галінах.
Таварыства пастаянна ладзіць навуковыя мовазнаўчыя і праваабарончыя канферэнцыі. Адна з іх праходзіла ў 2015 годзе пад назвай “Моўныя правы і іх абарона”. ТБМ арганізавала пераклад “Правілаў дарожнага руху” на беларускую мову.
Падрыхтавана 6 дапаможнікаў па тэстах для ацэнкі ўзроўню ведання мовы, якімі карыстаюцца тыя, хто выкладае беларускую мову як замежную.
Высокі рэйтынг па грамадскай накіраванасці і змястоўнасці маюць перыядычныя выданні, заснаваныя ТБМ: газеты “Наша слова” і “Новы час”. Створаны электронны сайт газеты “Наша слова” nslowa.by. Паспяхова выдае часопіс ” Верасень” паэт і бард Эдурад Акулін. Зарэгістраваны ў Лідзе “Лідскі летапісец” шмат увагі надае мясцовай гісторыі і краязнаўству. Вядзецца праца над перакладам на беларускую мову “Грамадзянскага кодэкса”, якім змогуць карыстацца ва ўсіх судах.
Актыўна ідзе супрацоўніцтва ТБМ з каталіц-кімі і ўніяцкімі святарамі, далучаюцца і праваслаўныя. ТБМ плённа супрацоўнічае з амбасадарамі еўрапейскіх краін. Яны штогод удзельнічаюць у напісанні нацыянальнай дыктоўкі. Па іх ініцыятывах былі выдадзены кнігі на беларускай мове пра Швецыю, Фінляндыю, Румынію і іншыя краіны. Выдадзены беларуска-англійскі і беларуска-шведскі размоўнікі.
Намеснік старшыні ТБМ Дзяніс Тушынскі распавёў пра працу над “Законапраектам аб падтрымцы беларускай мовы”. Доўгі перыяд працавала рабочая група, Законапраект прайшоў пэўныя стадыі, былі ўнесены карэкціроўкі. Алена Мікалеўна Анісім прапанавала гэты дакумент у Палату Прадстаўнікоў, у міністэрствы і арганізацыі. Былі атрыманы адмоўныя адказы на гэтыя прапановы. Міністэрства юстыцыі зрабіла свае заўвагі.
Новая рабочая група ў хуткім часе зробіць адаптацыю Законапраекта да тых патрабаванняў, якія прад’яўляе Міністэрства юстыцыі.
– Мы спадзяёмся, што далей Законапраект пойдзе на разгляд Палаты Прадстаўнікоў, – сказаў Дзяніс Тушынскі.
– Мы разумеем важнасць гэтага Законапраекту і важнасць яго прыняцця, таму выконваем працэдуру па прасоўванні яго. Адмоўныя адказы не перашкаджаюць нам перадаць яго ў Палату Прадстаўнікоў. Большасць дэпутатаў тэкст Законапраекту ўжо мае, – адзначыла Алена Анісім.
Аляксандр Давідовіч, які ўжо пяць гадоў узначальвае Менскую гарадскую арганізацыю ТБМ, распавёў пра мерапрыемствы на сядзібе ТБМ і дзейнасць клуба “Прамова”.
6 верасня ТБМ будзе ладзіць канферэнцыю па пытаннях захавання гістарычнай і культурнай спадчыны ў гатэлі “Манастырскі”.
Э. Дзвінская,
фота аўтара
На здымках:
- Алена Анісім; 2. Старшыня арганізацыі ўручае пасведчанне 16-гадоваму Дзянісу Куршуку; 3. Алена Анісім і Дзяніс Тушынскі; 4. Выданні ТБМ.