Злучаныя Штаты Амерыкі падтрымліваюць намаганні прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага па ажыўленні менскага працэсу, заявіў РИА Новости спецпрадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША па Украіне Курт Волкер, каментуючы апошнюю прапанову ўкраінскага лідара. Волкер адзначыў, што „Украіна выконвае свае абавязацельствы ў межах менскіх дамоўленасцяў, наколькі гэта магчыма, і Расеі трэба зрабіць тое ж самае”. „Расеі неабходна дамагчыся рэальнага, устойлівага спынення агню, вывесці цяжкія ўзбраенні і асабісты склад і распусціць створаныя ёю незаконныя ўзброеныя фармаванні”, — дадаў высокапастаўлены прадстаўнік дзярждэпа. 8 ліпеня Уладзімір Зяленскі выступіў з відэазваротам, у якім прапанаваў прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну правесці сустрэчу ў Менску. „Трэба пагаварыць? Трэба. Давайце. Абмяркуем, чый Крым і каго няма на Данбасе, — сказаў прэзідэнт Украіны. — Кампанію для размовы прапаную наступную: я, вы, прэзідэнт ЗША Дональд Трамп, прэм’ер Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй, канцлер ФРГ Ангела Меркель, прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон”. „Месца? Думаю, Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка з задавальненнем прыме нас у Менску. Мы не мяняем і не адмаўляемся ні ад якіх дыпламатычных фарматаў. Мы прапануем пагаварыць”, — дадаў Зяленскі. Аляксандр Лукашэнка падтрымаў прапанову Зяленскага правесці ў Менску міжнародную сустрэчу па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе з удзелам кіраўнікоў Расеі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі і Германіі, паведаміла прэс-служба прэзідэнта Беларусі. „Наш прэзідэнт абсалютна падтрымлівае прапановы Уладзіміра Зяленскага. Гэтая пазіцыя нязменная — і заключаецца яна ў тым, што нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл гармат, трэба сядаць і вырашаць праблемы, якіх шмат”, — гаворыцца ў паведамленні. „Што да абвешчаных прапаноў пра ўдзельнікаў сустрэчы, то ўсе напэўна памятаюць — прэзідэнт нашай краіны неаднаразова казаў, што „гэтую праблему павінны вырашыць мы — тры славянскія народы. Не еўрапейцы, не амерыканцы, а менавіта мы, каб яна не была замарожаная па прыкладзе іншых гарачых пунктаў на постсавецкай прасторы”. Аднак калі вырашыць праблему ў такім фармаце не атрымліваецца, і адзін з бакоў канфлікту — у гэтым выпадку Украіна — настойвае і прапануе ўдзел і іншых гульцоў, мы такі фармат падтрымліваем таксама. Тым больш што і пра ўдзел ЗША ў вырашэнні гэтага канфлікту Аляксандр Лукашэнка ўжо даўно казаў — без амерыканцаў вырашыць гэтую праблему будзе складана, ужо занадта яны пагружаныя ў гэтыя працэсы”, — адзначае прэс-служба. У сваю чаргу прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што ініцыятыва Зяленскага будзе разгледжаная. „Пакуль я не гатовы неяк адказваць, гэта ж абсалютна новы фармат, — цытуе Пяскова РИА Новости. — Па-першае, трэба зразумець, ці ёсць перспектывы ў такой сустрэчы. Па-другое, трэба зразумець, што гэта за новы фармат прапаноўваецца. Справа ў тым, што ЗША не з’яўляюцца ўдзельнікам „нармандскага фармату”, і як быць з менскімі дамоўленасцямі, пад якімі стаяць подпісы ўдзельнікаў нармандскага працэсу, але не стаяць подпісы ніякіх прадстаўнікоў Злучаных Штатаў Амерыкі. Гэта новая ініцыятыва, безумоўна, яна будзе разгледжаная, але пакуль я не магу выказаць нейкай рэакцыі”. Перамовы аб урэгуляванні сітуацыі ва Украіне ў „нармандскім фармаце” на вышэйшым узроўні праходзілі ў Менску 11—12 лютага 2015 года. У сустрэчы ўдзельнічалі прэзідэнты Украіны Пётр Парашэнка, Расеі Уладзімір Пуцін, Францыі Франсуа Аланд, а таксама канцлер ФРГ Ангела Меркель.
belapan.by