23 чэрвеня дом Валянціна Таўлая Лідскага гістарычна-мастацкага музея, што па вуліцы Замкавая, 7 зноў запрасіў прыхільнікаў прыгожага пісьменства на чарговы літаратурны куфэрак “Любі, браток, родны куток! “, які праходзіць у рамках культурна-турыстычнага праекта “Замкавы гасцiнец”. На гэты раз мерапрыемства змяніла сваю форму. Дзеля гэтага была важкая нагода. Для прыхільнікаў беларускай літаратуры, а менавіта творчай спадчыны народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава разгарнулася выстава аднаго дня “Васільком у жыце Беларусі назаўсёды застанецца Быкаў”, якая прымеркавана да 95-годдзя з дня нараджэння класіка і 75-годдзя з дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Трэба зазначыць, што ўсё мерапрыемства было арганізавана на пляцоўцы ля дома-музея В. Таўлая.
Так, пад адкрытым блакітным небам лідскія прыхільнікі творчай спадчыны класіка маглі пабачыць асабістыя рэчы Васіля Уладзіміравіча Быкава, якія захоўваліся ў хатнім архіве Быкава, а менавіта сына пісьменніка таксама Васіля (Васільевіча). Яны былі перададзены падчас сустрэчы на яго кватэры яшчэ студэнту, але ўжо супрацоўніку лідскага музея Алесю Хітруну, які вучыўся ў Гарадзенскім дзяржуніверсітэце імя Янкі Купалы. У той дзень было ўзята інтэрв’ю ў сына знакамітага пісьменніка, якое было змешчана ў матэрыялах “Быкава трэба чытаць” (газета “Наша слова”, № 25 (1124) за 19 чэрвеня 2013 г.) і “Дар бацькі нікому не перадаўся” (газета “Звязда”, № 208 (27573) за 2 лістапада 2013 г.). І вось надышоў момант пазнаёміцца з арыгіналамі, тымі рэчамі, якімі ў свой час карыстаўся народны пісьменнік Беларусі. А гэта запісныя кніжкі В. Быкава з чарнавымі рукапіснымі накідамі да твораў, якія нідзе не друкаваліся (да рамана “Лесвіца” і інш.), рэдакцыйныя лісты-адказы Васілю Быкаву, ручка, якой карыстаўся пісьменнік, яго пасведчанне – дэпутата Гародзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных БССР ад выбарчай акругі № 225, запрашальны білет на вечар, прысвечаны 50-годдзю з дня нараджэння пісьменніка.
Таксама можна было ўбачыць шэраг фотаздымкаў, на якіх засведчаны сустрэчы В. Быкава разам з дэлегацыяй у 1975 годзе, сярод якіх Р. Барадулін і кіраўніцтва саўгаса Тарнова Лідскага раёна; у Лідзе на сустрэчы з вучнямі СШ № 8 ў лютым 1976 года, у тым ліку і ў Лідскім краязнаўчым музеі ў 1973 годзе. Ёсць і фотаздымак, на якім адлюстравана сустрэча з пісьменнікамі ў Гудзевічах (Мастоўскі раён) у траўні 1967 года, арганізаваная Алесем Белакозам і рэдакцыяй раённай газеты “Зара над Нёманам”, дзе прысутнічаюць Валянціна Жалкоўская, Вольга Іпатава, Аляксей Пяткевіч, Данута Бічэль, Вера Белакоз, Аляксандр Жалкоўскі, Васіль Быкаў, Ларыса Геніюш, Алесь Белакоз.
Для ўвагі былі прадастаўлены стосы матэрыялаў і кніг, якія былі падпісаны куратару выстаўкі Алесю Хітруну, напрыклад, былым дырэктарам музея В. Быкава ў Гародні Мікалаем Мельнікавым, лідскім журналістам Аляксандрам Жалкоўскім (які меў шчырыя адносіны з Быкавым), сынам пісьменніка, і серыя кніг, укладальнікам якіх з’яўляецца Сяргей Шапран. Іх можна было пагартаць, не выходзячы з імправізаванай пляцоўкі.
Так, сярод прыхільнікаў мерапрыемства былі і тыя, хто меў магчымасць сустракацца з класікам. Яшчэ ў студэнцкія гады кансультаваўся ў яго лідскі пісьменнік Уладзімір Васько. Ён і распавёў перад прысутнымі пра тыя шчаслівыя моманты. Дарэчы, лідскі творца неаднаразова дзяліўся гэтымі ўспамінамі ў мясцовай прэсе і ў сваіх кнігах. Захавалася ў яго і перапіска з В. Быкавым, а менавіта пісьмы, якія датуюцца 20.01.1966 г. і 18.09.1973 г. Іх, між іншым, У. Васько і перадаў у фонды музея. Так, доказ таго, што ў свой час адбываліся паміж імі сустрэчы, прысутныя пачулі ў аўдыё-кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому” ў выкананні самога Васіля Быкава.
Вядома, што В. Быкаў – майстар празаічных твораў, ён вершаў не пісаў. Але ж даследчыкам Сяргеем Шапранам быў знойдзены яго віншавальны ліст на Каляды, які адрасоўваўся Рыгору Барадуліну, Уладзіміру Караткевічу і Нілу Гілевічу. Агучыць гэты твор і іншыя, прысвечаныя народнаму пісьменніку, пад акампанемtнт гітары атрымалася ў лідскага барда Сяргея Чарняка.
Поглядам на грамадскія справы, якімі займаўся ў свой час знакаміты пісьменнік, і пра тое, як сёння з пашанай увекавечваецца дзяржавай яго імя падзяліўся лідскі краязнавец, галоўны рэдактар газеты “Наша слова” Станіслаў Суднік.
Па просьбе прыхільнікаў творчасці Васіля Быкава, дзейнасць выставы “Васільком у жыце Беларусі назаўсёды застанецца Быкаў” будзе працягнута да 8 ліпеня, менавіта да дня вызваленя Лідчыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Гайда, у дом Таўлая. Васілёк Беларушчыны вас чакае!
Алесь Крупскі,
прыхільнік нязгаснай творчасці Васіля Быкава.