Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ЗРОБІМ РАЗАМ – ЗРОБІМ ДЛЯ СЯБЕ

ЗРОБІМ РАЗАМ – ЗРОБІМ ДЛЯ СЯБЕ

17 чэрвеня 2019, 22:45 ТБМ 31
ЗРОБІМ РАЗАМ – ЗРОБІМ ДЛЯ СЯБЕ

Існуе ў Верхнядзвінску ў доме № 72 па вуліцы Першамайскай ініцыятыва пад назвай “Добры сусед”. Ініцыятыве год, і ёсць падстава для святкавання і не толькі з  нагоды маленькага юбілею, а таму, што акцыя працягвае жыць.

У Еўрапейскі дзень суседзяў, які быў заснаваны ў  французскай сталіцы больш за 10 год таму, заснавальнік – Атаназ Перыфан (Atanase Perifan), і прыходзіцца на апошні дзень траўня,  “Добры сусед” працягваў працу па добраўпарадкаванні свайго двара.

Крыху гісторыі. Удзел і перамога грамадскай ініцыятывы  ў конкурсе “Добры сусед”, што ладзіўся Офісам еўрапейскай экспертызы і камунікацый даў магчымасць на атрыманыя сродкі набыць  дрэвы для пасадкі, зрабіць альтанку для адпачынку, прыгожыя дамкі для птушак, якія гняздуюцца на мясцовым вадаёме.   Але галоўнае – перамога ў конкурсе дала штуршок месцічам распачаць добраўпарадкаванне тэрыто-рыі дома, у якім пражывае 60 сем’яў.

Калі напачатку мы, сваім жаночым аргкамітэтам, планавалі правесці некаторыя работы, канешне,  з удзелам жыхароў дома, былі вялікія сумневы адносна вялі-кай актыўнасці. І нават перш сход, які прайшоў у сярэдзіне красавіка, не вельмі абнадзеіў. Але ўжо першая вялікая праца на пасадцы дрэваў зняла ўсе сумненні.У адзін дзень было пасаджана 17 прыгожых туй. Дзякуй жылкамунгасу,  які зразумеў нашыя памкненні і на працягу ўсёй акцыі дапамагаў “Добраму суседу”. Затым адрамантавалі пляцоўку для кантэй-нераў, і  зараз самі жыхары кантралююць узнікненне “непажаданых звалак”, якія да гэтага часу былі праблемай. Першыя еўракантэйнеры з’явіліся таксама каля дома № 72, затым прыйшла чарга да сметніц. І зноў жа – пры падтрымцы ЖКГ і эколага арганізацыі Алены Карасевай. Прыгажуні вербы атулілі азярцо, абапал тратуара з’явіліся кусты хостаў і дэкаратыўных кустоў, кожны пад’езд упрыгожылі вазоны з кветкамі. “Птушыныя домікі” абжылі качачкі. Дарэчы, апошні домік спускалі на ваду ўсім домам падчас свята, на якое завіталі госці не толькі з суседніх дамоў, а і з горада і нават з суседніх вёсак.

Я казала жыхарам дома: “Пад ляжачы камень вада не пацячэ. Калі самі будзеце сядзець, апусціўшы рукі, нічога не будзе. Трэба варушыцца”.

А яшчэ ад імя раённага аддзялення ГА “Беларусская жаночая ліга” мы звярнуліся з хадайніцтвам у раённы Савет дэпутатаў аб узнагароджанні самага актыўнага ўдзельніка, можна казаць, гаспадара дома, Фёдара Андрэевіча Ломача граматай раённага Савета дэпутатаў за актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні горада. Грамату райсавета на свяце ўручыла старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Францаўна Козел. Вось так! Каштоўным падарункам аргкамітэта ўзнагароджаны і яшчэ наш памочнік Аляксей Краўчанка. А граматы аргкамітэта атрымалі аж 15 чалавек! І як казалі потым самі жыхары, што аргкамітэт справядліва адзначыў удзел кожнага жыхара ў акцыі “Добры сусед”.

“Добры сусед” двухмесячны марафон па добраўпарадкаванні прыдамавой тэрыторыі па вул. Першамайскай Верхнядзвінска завяршыў СВЯТАМ ДОМА. Тон у спевах задае Валянціна Мінчук, у кампаніі гасцей з Менска, Андруся Такінданга і Аляксея Шэіна. А на мяне лягла няпростая справа быць вядоўцай свята, якое доўжылася больш за дзве гадзіны. Горад яшчэ не меў досведу правядзення святаў такого кшталту, але першы блін прайшоў лёгенька!

Жаданымі гасцямі “Добрага суседа” былі Андрусь Такінданг і Аляксей Шэін, які прэзентаваў сваю кнігу “Сем камянеў”. Наш зямляк Сяргей Сцяпанавіч Панізьнік, які заглядвае на маю старонку ў Фэйсбуку так напісаў Аляксею: “Аляксей! На Дрысеншчыне сем камянёў пасей!”

Андрусь Такінданг за невялікі прамежак часу стварыў сапраўдны дзіцячы хор чалавек у 25! Як жа хораша спявалі дзеткі разам з ім беларускія песні! А пераможца літаратурнай віктарыны на веданне творчасці У. Караткевіча атрымаў шыкоўны падарунак – два тамы Васіля Быкава! Вось што ўзрадавала: ведаюць дзеткі і пра Караткевіча, і пра Быкава!

І гэтай вясной  акцыя мела працяг: пасаджана некальі дрэваў “арэху манчжурскага, “воцатнага дрэва”, жыхары працягваюць высаджваць кветкі ў вазонах у кожным пад’ездзе. А позняй восенню беларуская чыгунка прапанавала нам забраць каля 20 сходняў, праўда, цяжкаватых, для ўсталявання мастка да возера. Звярнуліся да дэпутата акругі Зубрыцкага У.В. па дапамогу: патрэбен трактар, не адмовіў, і вось масток да возера ўкладзены. А жыхары задумваюцца ўжо пра тое, што трэба было б пачысціць возера, выраўняць тэрыторыю вакол яго, працягваць працу па азеляненні.

Штогадовая майская дата па святкаванні Дня суседзяў знайшла водгук больш, чым у 1200 партнёраў і рэалізуецца ў 30 краінах свету. Дзень суседзяў актуальны і для нашага грамадства, у якім, як і ў іншых краінах, назіраюцца негатыўныя ў сацыяльным плане тэндэнцыі: зніжэнне кантактаў і ўзроўню камунікабельнасці людзей, сыход “у сябе”, цяга  да адзіноцтва, раз’яднанасць, а агульныя справы яднаюць людзей.

Акцыя “Добры сусед” дае падставы для таго, каб казаць, што з людзьмі трэба працаваць. І ўладам, і грамадскаму сектару.

Валянціна Болбат,

Верхнядзвінск, ТБМ.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5518
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Далучайцеся да нас