Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Як беларускую школу пераводзілі на беларускую мову, Гісторыя адной настаўніцы

Як беларускую школу пераводзілі на беларускую мову, Гісторыя адной настаўніцы

28 мая 2019, 08:43 Мова 27
Як беларускую школу пераводзілі на беларускую мову,  Гісторыя адной настаўніцы

У Магілёве ў 1993-94 годзе па-беларуску навучаліся блізу 1000 вучняў, у 2019-м – усяго 19. Гэта вынік “моўнага” рэферэндуму, які адбыўся з ініцыятывы Аляксандра Лукашэнкі 14 траўня 1995 года і пазбавіў беларускую мову статусу адзінай дзяржаўнай.

Набіраць беларускія класы ў гарадскіх школах пачалі неўзабаве пасля атрымання Беларуссю незалежнасці. Дагэтуль вучыцца па-беларуску маглі толькі дзеці з вясковых школ. У год правядзення рэферэндуму ў гарадах масава пачалі пераводзіць на расейскую мову беларускія класы. У іх школьнікі паспелі адвучыцца тры гады.

Свабода пагутарыла з магілёўскай настаўніцай Ларысай Унучак, якая ў 1992 годзе працавала ў адным з першых беларускіх класаў. Яна згадвае, як адбывалася беларусізацыя школьнай адукацыі ў Магілёве на пачатку 1990-х, як яе згортвалі, а таксама выказвае свой погляд на цяперашнія спробы аднавіць беларускамоўнае школьніцтва.

 

Сцісла пра Ларысу Унучак

– 65 год. Мае вышэйшую адукацыю. Скончыла Магілёўскую педа-гагічную вучэльню, Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя Горкага (цяпер Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт) ды аспірантуру.

– Педагагічную кар’еру пачала з працы ў вясковай школе. Вучыла дзяцей матэматыцы на беларускай мове, хоць мела спецыялізацыю “настаўнік пачатковых класаў”.

– Выкладала ў Магілёўскім педагагічным інстытуце (цяпер Дзяржаўны ўніверсітэт імя Куляшова).

– У 1992 годзе сумяшчала настаўніцтва ў школе з выкладчыцкай дзейнасьцю ў Магілёўскім педагагічным каледжы. У ім распрацоўвала спецкурсы для будучых настаўнікаў беларускіх класаў.

– Цяпер на пенсіі, але гатовая вярнуцца ў школу, каб вучыць дзяцей на беларускай мове.

 

Як пачыналася беларусізацыя адукацыі

 

Прававым падмуркам для беларусізацыі школьнай адукацыі стаў закон “Аб мовах”, прыняты 26 студзеня 1990 года Вярхоўным саветам БССР адзінаццатага склікання. Адзінай дзяржаўнай мовай тая рэдакцыя закону абвяшчала беларускую.

Камісія па адукацыі Вярхоўнага Савета 12 склікання на чале з Нілам Гілевічам распрацоўвала рэкамендацыі, якія Міністэрства адукацыі рэалізоўвала на практыцы.

У 1991 годзе прымаецца закон “Аб адукацыі”, які яшчэ больш спрыяе беларусізацыі школ. З’яўляюцца класы з беларускай мовай навучання. Настаўнікам, якія працуюць на беларускай мове, выплачваецца 10-працэнтная надбаўка да заробку.

На пачатку 1990-х Ларыса Унучак працавала настаўніцай пачатковых класаў у 18-й школе Магілёва. У 1992-м ёй прапанавалі папрацаваць у класе з беларускай мовай навучання. Адкрыццё такіх класаў падавалася як эксперымент, а ініцыятыва ішла з раённага аддзела адукацыі.

Настаўніца кажа, што вучняў для адзінага ў школе беларускага класа пачалі набіраць 15 жніўня. 1 ве-расня ў ім было 29 першакласнікаў.

– Тады быў уздым. Усё навокал мянялася, мо не так хутка, але гэта адчувалася. Тая атмасфера натхняла людзей, – адзначае настаўніца.

Былы выкладчык Магілёўскага ўніверсітэта імя Куляшова Міхась Булавацкі сцвярджае, што ў 1993-94 навучальным годзе на беларускай мове вучыліся 6,6% магілёўскіх школьнікаў – гэта блізу 1000 вучняў. Тады на базе 9-й гарадской школы дзеяла беларуская гімназія. А ў дзясятку школ набралі беларускія класы.

Мясцовая прэса таго часу, спасылаючыся на звесткі гарвыканкама, паведамляла, што ў 1993 годзе больш за 60 працэнтаў першакласнікаў меліся вучыцца на беларускай мове. Па Беларусі гэты працэнт сягаў 76 працэнтаў. Акрамя таго, у 1993 годзе ў мясцовых дзіцячых садках рыхтаваліся набраць больш за 300 беларускіх груп.

 

Праблемы беларускіх класаў

 

Па словах Ларысы Унучак, асноўная праблема для педагога беларускага класа палягала ў тым, што вучні з расейскамоўнага асяроддзя не былі падрыхтаваныя да вучобы па-беларуску. Настаўнік меўся сам знайсці спосабы іх адаптацыі. Дапаможнікаў па гэтай праблематыцы не было.

– Трэба было думаць, як найхутчэй узбагаціць слоўнікавы запас вучняў ды як развязаць праблему з маўленнем, – тлумачыць суразмоўніца тагачасныя рэаліі, дадаючы, што такія цяжкасці актуальныя і цяпер.

Яна знайшла выйсце ў складанні дынамічных слоўнікаў з малюнкамі розных прадметаў, якімі карысталіся яе вучні на ўроках. Дзецям не трэба было пастаянна нагадваць, як прадмет гучыць па-беларуску, бо яны маглі адшукаць яго па малюнках. Прыдумляла настаўніца казкі, якімі тлумачыла, чаму беларускія літары адрозніваюцца ад расейскіх і як яны складаюцца ў гукі і словы.

Па яе словах, дзеці не баяліся памыляцца. Самастойная праца спрыяла таму, што за больш паспяховымі цягнуліся тыя, каму веды даваліся цяжэй.

Праца з бацькамі

 

Суразмоўніца адзначае, што першыя паўгода бацькі былі ў няпэўнасці, ці змогуць іхныя дзеці вучыцца па-беларуску. Яны сумняваліся, што беларускамоўная адукацыя ў расейскамоўным горадзе замацуецца. Некаторыя з іх прыходзілі на ўрокі – і заставаліся задаволеныя ўбачаным. За першыя дзве чвэрці колькасць вучняў у класе не зменшылася.

 Ларыса Унучак кажа, што прасіла бацькоў, каб тыя дома гаварылі з дзецьмі па-беларуску. Даводзіла ім, што “для грунтоўнага засваення матэрыялу і ведання мовы замала, каб яна гучала толькі ў клясе”.

Тыя дзеці, якія чулі мову ў сям’і, былі на ўроках больш паспяховымі.

 

Урокі здымалі на відэа

 

У 1992 годзе Ларысе Унучак прапанавалі месца ў Магілёўскім педагагічным каледжы. У яе абавязкі ўваходзіла і рыхтаваць настаўнікаў для беларускіх класаў. Увесь год яна сумяшчала працу ў школе і каледжы.

– Павучыць дзяцей па-беларуску мне было важна з прафесійнага пункту гледжання, каб якасна рыхтаваць навучэнцаў каледжа, – кажа суразмоўніца.

 Ейныя ўрокі ў беларускім класе здымалі на відэа, каб паказваць настаўнікам з іншых гарадоў.

У каледжы Ларыса Унучак выкладала свае дысцыпліны па-беларуску. Праз ейныя спецкурсы прайшлі блізу 1000 навучэнцаў. Цяпер тагачасным выпускнікам 35-45 гадоў.

– Аб’ём беларускай мовы навучэнцам каледжу даваўся дастатковы, каб яны маглі працаваць па-беларуску. Акрамя таго, іх прафесійны абавязак – ведаць беларускую мову і вучыць на ёй дзяцей, – кажа настаўніца.

“Вучні пабачылі, што беларуская мова не патрэбная”

 

Праз тры гады, у 1995-м, клас Унучак перавялі на расейскую мову навучання. Па яе словах, бацькі былі незадаволеныя зменамі, але “не бунтавалі”.

– Вучні пабачылі, што іхняе навучанне на беларускай мове раптам стала нікому не патрэбнае. З гэтым яны жывуць дагэтуль, – лічыць настаўніца.

Суразмоўніца кажа, што стаўленне да беларускамоўнага навучання пачало мяняцца ў 1994 годзе, калі да ўлады прыйшоў Аляксандар Лукашэнка. Пасля рэферэндуму яе калегі цікавіліся, “што будзе далей з беларусізацыяй у святле ўведзенага дзвюхмоўя.

– Я тады казала, што для беларускай мовы месца не застанецца, бо многім было зручна, каб панавала расейская мова. Беларуская ж засталася б у навучальным працэсе толькі пры ўмове, што яна адзіная дзяржаўная, – кажа Ларыса Унучак.

У каледжы яна працавала да 2004 года, пакуль ён не страціў статусу самастойнай сярэдняй спецыяльнай установы. Апошнія беларускія класы ў Магілёве зніклі ў 2001 годзе.

 

“Захады чыноўнікаў, каб аднавіць беларускае навучанне, фрагментарныя”

 

Клас з беларускай мовай навучання з адным вучнем з’явіўся ў Магілёве толькі ў 2010-м. Цяпер у дзвюх школах вучыцца па-беларуску 19 дзяцей. Усе класы малакамплектныя. Найбольшая колькасць вучняў – 8 чалавек. Найменшая – 1 вучаніца.

Захады чыноўнікаў, каб аднавіць беларускае навучанне, Ларыса Унучак называе фрагментарнымі. На яе думку, яны не ствараюць сістэмы навучання па-беларуску і не спрыяюць фармаванню нацыянальнай самасвядомасці школьнікаў.

 Педагог адзначае, што перад настаўнікамі стаіць той жа выклік, што і на пачатку 1990-х гадоў: як адаптоўваць дзяцей з расейскамоўнага асяроддзя да вучобы на беларускай мове.

– Але маім цяперашнім калегам прасцей, бо засталіся нашы напрацоўкі, – заўважае Ларыса Унучак.

 

Чаму школы не гатовыя да беларускамоўных класаў

 

Педагог лічыць, што ў вышэйшага начальства няма выразнай пазіцыі наконт навучання па-беларуску. А без гэтага школы не наважацца самастойна набіраць беларускія класы.

Чыноўнікі заяўляюць, што беларускія класы з’явяцца, калі будуць ахвотныя вучыцца ў іх. Але вучняў у такія класы шукаюць толькі актывісты Таварыства беларускай мовы.

– Безумоўна, актывісты ТБМ робяць усё, што ад іх залежыць, каб беларускія класы з’явіліся, але ў іх няма рэсурсаў уплыву на школу, – каментуе сітуацыю Ларыса Унучак.

 Суразмоўніца лічыць, што сітуацыю можа пераламаць толькі масавае жаданне бацькоў, каб іх дзеці вучыліся па-беларуску.

Радыё Свабода.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін
Грамадства

15 верасня — падарожжа на Мёршчыну, у край журавоў і журавін

6 верасня 2019, 09:4022
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0521
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0021
Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым
Навіны

Прайшлі лекцыі "Гістарычнай школы" з Алегам Трусавым

20 верасня 2018, 09:0920
Далучайцеся да нас