Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ЧЫСТЫ ЧАЦВЕР У МАКАШАХ

ЧЫСТЫ ЧАЦВЕР У МАКАШАХ

8 мая 2019, 09:07 Культура, ТБМ 35
ЧЫСТЫ ЧАЦВЕР У МАКАШАХ

Літаратурна-экалагічная  акцыя “100 дубоў для Жылкі”, што  ўзяла пачатак на гарадзейскім беразе Ушы, прадоўжылася праз тыдзень у прырэчнай вёсцы Макашы, нібыта прыплыла сюды па цячэнні ракі. Добрую  справу  ахвотна падтрымалі менавіта тут: Макашы – радзіма Уладзіміра Жылкі, тая вёска, што чатырнаццаць першых гадоў жыцця песціла яго, наталяла хараством роднага краявіду, гадавала “песняра змагання і красы”.

Захавалася дасёння і хата, у якой ён нарадзіўся. Але агульны збор   удзельнікі акцыі прызначылі не каля яе, а ў цэнтры вёскі, каля помніка паэту-земляку. Сардэчныя вітанні гучалі ад старшыні Гарадзейскага сельскага савета Наталлі Цвіркі і кіраўніка гаспадаркі “Нясвіжскія Астроўкі” Васіля Халопіцы. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Алена  Анісім гаварыла пра важнасць грамадскіх ініцыятыў на захаванне нацыянальнай памяці і добраўпарадкаванне бацькоўскіх мясцін. Вядомыя ў Беларусі ўраджэнцы Макашоў прызнаваліся ў сыноўняй любові да роднай вёскі; Часлаў Бука прапанаваў да 120-годдзя здзейсніць паездку ў горад Уржум, да магілы Жылкі. Вучні Астроўскай школы (яны завіталі на чысты чацвер ў Макашы вялікай грамадой са сваім дырэктарам і настаўнікамі) дэкламавалі вершы. Старшыня раённай арганізацыі ТБМ Наталля Плакса заклікала пашыраць межы акцыі, апавяшчаць пра яе не толькі праз друк, але і шляхам “прыватнай дыпламатыі”. Прапанавала яна таксама  прыняць-зацвердзіць пазнавальны знак Жылкі-паэта  – белую лілею. Гэты трапны сімвал пададзены ў адным з яго вершаў:

Душа мая тужлівая –

Лілея між балот.

Яна ўзрасла, маўклівая,

Між багны сонных вод.

Галоўны распарадчык акцыі Леанід Качановіч размеркаваў і скаардынаваў работу без малога паўсотні ўдзельнікаў-энтузіястаў. Працоўных аб’ектаў набралася некалькі – гэта вольнае месца-трохкутнік каля хаты паэта, тэрыторыя ля помніка, пустка за могілкамі, вялікі масіў за вёскай у бок Ушы. Як і ў Гарадзеі, так і ў Макашах спадар Леанід  папярэдне правёў вялікую падрыхтоўчую работу; арганізоўваў для яе калі рабочых ЖКГ, калі працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, калі сяброў Гарадзейскай суполкі, калі мясцовых жыхароў.

– Сёння пасаджана яшчэ сто дубкоў, – усцешана падсумоўвае Леанід Качановіч, – але праца не скончана. Трэба клапаціцца пра дрэўцы, высыпаць аглядную дарожку, зрабіць лаўкі і альтанку, адрамантаваць студню, усталяваць камяні з радкамі вершаў. Але гэтыя клопаты не палохаюць і не засмучаюць – робім жа дзеля прыгажосці і памяці. Думаю, да Жылкавага юбілею акурат паспеем.

Вольга Карчэўская,

Нясвіж.

На фота аўтара:

1) Агульны збор;

2) Сябры ТБМ каля хаты Уладзіміра Жылкі;

3) Дубок ад Алены Анісім;

4) Сябры Гарадзейскай суполкі: праца не скончана.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0019
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0017
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2216
Далучайцеся да нас