Днямі ў рамках чарговага паседжання літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” адбылася прэзентацыя кнігі вершаў лідскага паэта Міхася Іванавіча Мельніка “З табою”.
Міхась Іванавіч Мельнік родам з Магілёўшчыны (з вёскі Майсеевічы Асіповіцкага раёна). Вось ужо сорак пяць гадоў яго жыццё, творчасць, працоўная і грамадская дзейнасць цесна звязаны з Лідчынай. Тут ён працаваў у сельскіх школах, у СПТВ-55 механізацыі меліярацыйных работ, а найбольшы адрэзак часу – выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Лідскім педагагічным вучылішчы (пазней – Лідскі каледж). Быў таксама перыяд працы наглядальнікам і вартаўніком у Лідскім гістарычна-мастацкім музеі.
Міхась Мельнік выдаў зборнікі вершаў “Скрыжаванне” (1996, у суаўтарстве з Пятром Чаборам), “Лодка жыцця” (2009), “З табою” (2019), з’яўляецца ўкладальнікам і рэдактарам анталогіі твораў лідскіх аўтараў аб беларускай мове “Шануйце роднае слова!” (2008, гэтаму зборніку няма аналагаў ні ў адным іншым горадзе Беларусі, акрамя Менска). Таксама выдаў інфармацыйны фотаальбом (сумесна з паэтам Леанідам Віннікам) пра вядомых людзяй Лідчыны канца XX – пачатку XXI стагоддзя “Время и судьбы” (2004), склаў буклет “70. Уладзімір Мельнікаў” пра таленавітага лідскіага мастака (2008). На многія вершы паэта напісаны песні.
Міхась Іванавіч – выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, пэўны час быў дэпутатам Гарадзенскага абласнога Савета дэпутатаў. З’яўляўся галоўным арганізатарам устаноўкі ў Лідзе помніка вялікаму беларускаму першадрукару і асветніку Францішку Скарыну (скульптар – Валяр’ян Янушкевіч, урачыстае адкрыццё помніка адбылося 25 ліпеня 1993 года). Будучы кіраўніком літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, шмат намаганняў прыклаў да стварэння ў 2010 годзе літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея. Перадаў з асабістага архіва ў фонд музея шмат матэрыялаў аб сваёй творчасці і творчасці некаторых іншых пісьменнікаў.
Нядаўна ў Лідскай друкарні, пры фінансавай падтрымцы Лідскага гістарычна-мастацкага музея, была выдадзена ў кішэнным фармаце трэцяя кніга паэзіі Міхася Мельніка “З табою”. Рэдактарам кнігі і аўтарам прадмовы да яе з’яўляецца навуковы супрацоўнік музея, паэт, даўні сябар Міхася Іванавіча Алесь Хітрун. У прадмове Алесь вельмі ўдала раскрыў сэнс назвы новага зборніка: “З табою – гэта значыць з Беларуссю, з малой радзімай, з прынёманскім краем, з Лідай, з Францішкам Скарынам, з Валянцінам Таўлаем, з любімай жанчынай, са сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукам, з сябрамі і з зацікаўленымі чытачамі”. Ад сябе дадам: з усім, што хвалюе і цікавіць, што натхняе на напісанне вершаў.
Эпіграфам да ўсяе кнігі не выпадкова выбраны наступныя радкі паэта:
А жыць так радасна і чыста,
калі ўсвядоміў сваю мэту,
калі адданы запавету:
ў жыцці
быць вечным аптымістам!
Сапраўды, вершы, прадстаўленыя ў зборніку, аптымістычныя, сонечныя, жыццесцвярджальныя, напісаныя чалавекам, які знайшоў сваё прызванне ў жыцці і заўсёды быў верны гэтаму прызванню. Як заўважыў хтосьці з прысутных на прэзентацыі кнігі, дэвіз творчасці Міхася Мельніка – “Мір, Жыццё і Мова!” Чытач знойдзе ў кнізе грамадзянскія, патрыятычныя, філасофскія, інтымныя, пейзажныя вершы. Многія з гэтых вершаў нарадзіліся ў сценах дома Таўлая (літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея), калі Міхась Іванавіч працаваў там вартаўніком, многія былі надрукаваны на літаратурнай старонцы “Лідскай газеты”.
Першыя чытачы зборніка адзначылі сакавітасць, натуральнасць беларускай мовы, на якой напісаны вершы, багацце вобразаў і мастацкіх сродкаў, кранальнасць твораў, іх глыбокую чалавечнасць.
– Бывае, некаторыя паэты здольныя, валодаюць формай, пішуць прыгожа, аднак па змесце іх вершы пустыя, як ёлачныя цацкі, у іх няма душы, глыбіні, дабрыні, спагады, святла, – гаварыў падчас прэзентацыі кнігі паэт Валерый Мацулевіч. – У вершах жа Міхася Іванавіча ўсё гэта ёсць, у іх пры-сутнічае тое, што называецца сапраўднай паэзіяй. І вельмі добра, што ў нас ёсць такія паэты.
Наш кар.
Міхась МЕЛЬНІК
Родная зямля
Пахнеш, як мама, ты сырадоем,
і кожны мне твой каласок
так знаёмы,
і кожная сцежка твая, і ручэй,
а дні без цябе –
нібы цемень начэй…
Але і ў расстанні – табою жыву,
таму я жыццём заўжды даражу.
Пажаданне
Усміхайцеся, людзі, часцей,
усміхайцеся светла, бясконца…
Не губляйце высокіх надзей –
і засвецяць яны, нібы сонца.
Ахвяруйце парывы душы –
краю роднаму шчырыя песні,
а нашчадкам у мірнай цішы –
летуценні – як плёну прадвеснік.
Станьце шчодрымі сэрцам сваім
без пахвал для сябе і выгоды
і дзяліцеся ўсім дарагім…
Ды жывіце з любоўю і згодай.
Да прыроды вы будзьце бліжэй –
няхай радуе ў небе вясёлка…
І гарэць будзе як найдаўжэй
шчасця вашага ясная зорка!
Вернасць
Глыбока карэннямі
зросся з зямлёю
разлапы, прысадзісты дуб адзінокі,
пасаджаны некалі
продкам далёкім
у полі за ціхаю вёскай маёю.
Ён мохам, як футрам
шыкоўным, абшыты,
стаіць, нібы волат,
на роднай раллі…
І з месца яго не зварушыш
нічым ты -Навекі ён верны
матулі-зямлі.