Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
КУЛЬТПАХОД НА ВЫЦІНАНКУ

КУЛЬТПАХОД НА ВЫЦІНАНКУ

29 красавіка 2019, 20:46 Культура, ТБМ 28
КУЛЬТПАХОД  НА  ВЫЦІНАНКУ

Выстава выцінанкі ў Нацыянальным  гістарычна-культурным музеі-запаведніку “Нясвіж” вельмі актуальная на сёння, калі дэкларуем вяртанне да “сваіх каранёў” і  шанаванне нацыянальных набыткаў, калі трапляем падчас у недарэчныя сітуацыі ад няведання сваёй культурнай спадчыны, ад прафесійнай непадрыхтаванасці  і дылетанцкага наскоку ў паказе роднага. Таму сябры Нясвіжскага ТБМ з удзячнасцю прынялі запрашэнне на адкрыццё выставы вядомай   майстрыхі Дар’і Алёшкінай “Куфэрак выцінанак”. Украінка са Львова па ўсім свеце (Францыя, ЗША, Паўднёвая Карэя, Польшча) прэзентуе даўняе народнае мастацтва праз яго сучаснае бачанне.

Наведнікі выставы наколькі замілоўваліся незвычайнымі творамі, настолькі ж  дапытваліся пра дэталі і тэхніку выканання, сюжэты выцінанак, спалучэнне ў іх традыцыйнага з аўтарскім. Цікавіла адрозненне беларускай выцінанкі ад украінскай, адметныя асаблівасці выцінанак іншых суседніх народаў.  Цешыла  высокая ацэнка  беларускіх – а гэта, як адзначыла аўтарытэтная майстрыха, вышэйшы пілатаж!

Прыгадвалася са сведчанняў нашых маці, бабуляў, што даўней і ў нясвіжскіх ваколіцах ў многіх сялянскіх хатах бытавала вясковая аўтарская выцінанка. Мела яна дэкаратыўна-прыкладное прызначэнне. Зазвычай пад вялікія святы – найчасцей пад Нараджэнне Хрыстова – у нясвіжскага крамніка набывалі  паперу і выразалі з яе фіранкі на вокны, сурвэткі на палічкі. Займаліся гэтым пераважна маладыя дзяўчаты, пераймалі ўзоры адна ў адной. Каторая старалася прыдумаць і на свой густ, каб быў лепшы за  суседскі. Захоўваліся тыя папяровыя карункі, як у каго – да вясны ці ўсё лета. А праз год зноў прыходзіў святочны час выцінанак.

Размова, што пачалася ў выставачнай зале палаца, па дзівосным збегу абставін прадоўжылася і пасля. Атрымалася так, што вечарам у адной і той жа маршрутцы зноў сустрэліся гаспадыня выставы  і наведніцы: Дар’я Алёшкіна ехала ў Менск, а Валянціна Холадава і Галіна Ярашэвіч, сяброўкі Нясвіжскага ТБМ – у Новы Свержань. Гэтыя актыўныя, грунтоўна дасведчаныя ў пытаннях культуры і гісторыі жанчыны,  сталі для госці з Украіны экскурсаводамі па родных ваколіцах, што мільгалі за вокнамі. Распавялі пра адметна каштоўны гістарычны тапонім Гавязна, пра блізкую радзіму Якуба Коласа, не прамінулі згадаць  Адама Міцкевіча і падзякаваць жыхарам Львова за густоўны помнік беларуска-польскаму паэту, пачынальніку славянскага рамантызму.

…Так і доўжыўся, як любяць казаць дыпламаты, дыялог культур. Найлепшы дыялог, бо дыпламатыя была грамадская, жывая, шчырая.

Наталля Плакса,

Нясвіж.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

9 кастрычніка 2025, 19:5430
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

27 верасня 2024, 20:2618
Смак роднае мовы
Мова

Смак роднае мовы

23 студзеня 2019, 15:1116
100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва
Культура

100 гадоў з дня нараджэння мастака Леаніда Шчамялёва

17 лютага 2023, 15:4916
Далучайцеся да нас