Вянок памяці
Учора, у апошні дзень сакавіка, адляцела ў Вечны вырай светлая беларуская душа Наталлі Санько.
Ужо ў самім прыходзе Наталлі на свет мне бачыцца тое, што метафізічна паўплывала на лёс. Яна нарадзілася ў старажытнай украінскай Жоўкве з яе знакамітым замкам-рэзідэнцыяй вялікага князя і караля Яна Сабескага, пераможцы туркаў пад Венай. Адзначылася Жоўква і ў гісторыі айчыннай літаратуры. Якраз там, у друкарні манахаў-базылянаў, у 1906-м эмігрантка з Расейскай імперыі ў аўстра-вугорскую Галіцыю Алаіза Пашкевіч, якую мы ведаем і любім як проста Цётку, выдала пад псеўданімам Гаўрыла з Полацка сваю кнігу “Скрыпка беларуская”, а затым і “Хрэст на свабоду”.
Жыццёвы шлях Наталлі, семдзясят гадоў таму таемна ахрышчанай святаром ужо скасаванай бальшавікамі Украінскай уніяцкай царквы, будзе звязаны і з гісторыяй, і з беларускай літаратурай.
Калі бацькі – вайсковец з Лепельшчыны Міхал і маці-настаўніца Вольга родам з Клічава – вярнуліся ў 1955-м на радзіму і асталяваліся ў Менску, малой сямігадовай Наталлі было няўцям, чаму ў Жоўкве ўсе гаварылі па-ўкраінску, а ў сталіцы Беларусі ніхто па-беларуску не размаўляе. Сумнае дзіцячае адкрыццё таксама адгукнецца ў лёсе – нязводным імкненнем бараніць сваё, спрадвечнае. Спрычынілася да гэтага і клічаўская бабуля па кудзелі Паліна, таленавітая спявачка і апавядальніца, якая на ўсцеху дзецям і ўнукам затрымалася на гэтым свеце больш, чым на стагоддзе.
Скончыўшы школу са срэбным медалём, Наталля стала студэнткай біялагічнага факультэта БДУ, а затым супрацоўніцай Беларускага навукова-даследчага інстытута гематалогіі і пералівання крыві, дзе выславілася як эксперыментатарка і ўладальніца некалькіх патэнтаў на вынаходніцтвы. Аднак заняткі навукай усё больш саступалі іншым зацікаўленням і клопатам.
Разам з мужам Змітром, цяпер вядомым кнігавыдаўцом і сапраўдным беларускім асветнікам, Наталля ўвайшла ў легендарную ўжо цяпер нонканфармісцкую суполку “На паддашку”. Зянон Пазьняк, Міхась Чарняўскі, Лявон Баразна, Алесь Разанаў, Аляксей Марачкін, Віктар Маркавец, Міхась Раманюк… Сябры суполкі былі выдатнымі канспіратарамі: збіралася на свае паседжанні ў мастацкай майстэрні Яўгена Куліка, што месцілася на паддашку дакладна насупроць будынка КДБ.
Там, на паддашку, нараджаліся і паспяхова ўрэчаісніваліся нацыянальна арыентаваныя культурніцка-асветныя праекты, што былі выклікам афіцыйнаму мастацтву сацрэалізму. Надыходзіў час і для палітычных акцый.
У 1976-м шырока прагучала наладжаная “паддашкаўцамі” мастацкая выстава да 100-годдзя Цёткі. Яшчэ большы розгалас атрымала ў 1980-м экспазіцыя да 500-годдзя Міколы Гусоўскага. Наталля брала ўдзел у арганізацыі абедзвюх гэтых выставаў. Улады ўжо не маглі ігнараваць уключаны ў сусветны каляндар ЮНЭСКА юбілей аўтара “Песні пра зубра” і далі дазвол на выданне знакамітай паэмы. У той кнізе з ілюстрацыямі Яўгена Куліка правобразам беларускі ў народным строі з дзіцем на руках, што знаходзіцца на адным з графічных аркушаў, стала Наталля Санько.
Яна разам з мужам ды іншымі аднадумцамі рыхтавала першае, нелегальнае выданне вядомай працы Міколы Ермаловіча “Па слядах аднаго міфу”. Друкавальныя машынкі тады стаялі на ўліку ў спецслужбах, а для пакарання тых, хто адважваўся выпускаць у свет “крамольныя” тэксты, існаваў адпаведны артыкул Крымінальнага кодэксу, які пагражаў турэмным зняволеннем. Кніга Ермаловіча ўвайшла ў гісторыю беларускага самвыду і спрычынілася да навуковай дыскусіі пра ўтварэнне Вялікага Княства Літоўскага, а пазней афіцыйна перавыдавалася вялікімі накладамі. Тады ж Наталля, узброіўшыся нажніцамі, разразала на старонкі рулоны “пракручанага” на ратапрынце тэксту. Якая гэта доўгая ды нялёгкая праца, ведаю з уласнага досведу: памнажалі разам з сябрам Вінцэсем Мудровым кніжкі, прывезеныя ад Ларысы Геніюш з Зэльвы, у прыватнасці “Расейска-крыўскі (беларускі) слоўнік” Вацлава Ластоўскага.
Наталля адна з першых у беларускай кнігавыдавецкай справе асвоіла персанальны кампутар і стварыла макеты цэлай бібліятэкі кніг, сярод якіх такія папулярныя як “150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі”, “Дзесяць бітваў” Міхася Чарняўскага, “Адкуль наш род” аўтара гэтых радкоў, “Дзесяць вякоў беларускай гісторыі” (яго ж у суаўтарстве з Генадзем Сагановічам). Шмат Наталлінай працы і ў падрыхтоўцы маіх “Краіны Беларусі” і “Вялікага Княства Літоўскага” (у суаўтарстве з мастаком Змітром Герасімовічам) і зусім нядаўняй “Айчыны” (з Паўлам Татарнікавым).
Некалькі гадоў Наталля Санько ахвярна сканавала, рэтушавала і рэстаўравала для факсімільнага выдання гадавыя камплекты “Нашай Нівы” – легенды нацыянальнага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Часам стан газетных нумароў быў такі, што даводзілася працаваць з кожнай літарай…
У Наталлі Санько засталіся дзеці – Яніна і Кастусь ды ўнучка Міхаліна.
Сёння мы развіталіся з Наталляй у менскім Чырвоным касцёле, а ля труны леглі яе ўлюбёныя белыя і чырвоныя ружы.
Уладзімір Арлоў.