Адкрытую ў лютым у памяшканні літаратурнага аддзела Лідскага гістарычна-мастацкага музея выставу “Крок мінуўшчыны”, прымеркаваную галоўным чынам да 105-годдзя з дня нараджэння Валянціна Таўлая, супрацоўнікі музея абяцалі папоўніць новымі экспанатамі. І дапамаглі ім у гэтым калегі з Гарадзенскага дзяржаўнага гістарычна-археалагічнага музея, дзе захоўваюцца асобныя рэчы, дакументы, рукапісы, звязаныя з жыццём і творчасцю паэта, перададзеныя туды ў свой час яго другой жонкай Лідзіяй Сяргееўнай. Некаторымі рукапісамі і дакументамі Гарадзенскі музей днямі падзяліўся з лідскім, і выстава “Крок мінуўшчыны” ў доме Таўлая па вуліцы Замкавай папоўнілася.
У ліку прывезеных з Гародні экспанатаў – аўтабіяграфія Валянціна Таўлая, напісаная яго рукой у 1945 годзе; рукапісы яго вершаў, напісаных пераважна ў Гарадзенскай турме і адноўленых ім у памяці, у тым ліку сшытак з вершамі; пасведчанне члена Саюза пісьменнікаў СССР; даведка аб тым, што ў 1942-1944 гадах Таўлай быў сувязным партызанскага атрада імя Катоўскага; пасведчанне да медаля “За доблесную і самаадданую працу ў перыяд Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.”; прафсаюзны білет, выдадзены паэту незадоўга да яго смерці ў 1947 годзе.
Магчыма, у далейшым выстава “Крок мінуўшчыны” папоўніцца дакументамі альбо іх копіямі з музея адной са школ горада Баранавічы, дзе таксама шануюць памяць аб Валянціне Таўлаі.
– Яшчэ ў мінулым годзе мы распачалі музейна-педагагічныя заняткі для выхаванцаў дзіцячых садкоў “Моўная хвіліна з Таўлаем Валянцінам”, – расказвае навуковы супрацоўнік Лідскага гістарычна-мастацкага музея Алесь Хітрун. – Гэтыя заняткі будзем працягваць і ў бягучым годзе, чакаем заявак ад устаноў дашкольнай адукацыі. У год 105-годдзя з дня нараджэння Ва-лянціна Таўлая мы, супрацоўнікі музея, хочам атрымаць больш інфармацыі пра яго першую жонку Кіру Брант, з якой ён жыў у Лідзе, у гэтым вось доміку каля замка (як яны пазнаёміліся, як склаўся далейшы лёс Кіры). Хочам таксама больш даведацца пра гэты домік. Хто ў ім жыў у розныя часы? Няхай адклікнуцца тыя, хто хоць штосьці ведае пра гэты будынак. Любая дробязь будзе для нас цікавай і каштоўнай.
А яшчэ карэспандэнту стала вядома, што кампазітар Леанід Шурман даслаў у Лідскі гістарычна-мастацкі музей праз сацыяльнае сеціва ноты на асобныя вершы Валянціна Таўлая. Супрацоўнікі музея спадзяюцца, што хто-небудзь з лідскіх выканаўцаў захоча выканаць песні на гэтыя вершы.
І яшчэ адно пажаданне лідскіх музейных работнікаў, якое тычыцца “таўлаеўскай” тэмы, – набыць дакументальны фільм “Валянцін Таўлай” (1978 год, аўтар сцэнарыя – Вячаслаў Адамчык). Магчыма, названы фільм захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве кінафотафона-дакументаў горада Дзяржынска.
Наш кар.