Тапонім ГАВЯЗНА абавязкова вернецца на мапу Стаўпеччыны і Беларусі. Праз год, два ці праз пяць або дзесяць, але вернецца.
Удзельнікі чытацкіх слуханняў у Вішняўцы (гістарычнай Гавязне) былі ў гэтым адзінадушныя. Маўляў, таму ёсць зарука – кніга-хроніка “Гавязна і Гавязнянка” пісьменніка, эколага, змагара за нацыянальную памяць і актывіста ТБМ Валерыя Дранчука. А яшчэ, канстатавалі яны, зусім нядаўна з’явіўся важны дакумент – Канцэпцыя інфармацыйнай бяспекі. Менавіта гэты дакумент патрабуе замацоўваць у сваіх межах і НАЦЫЯНАЛЬНУЮ КАНЦЭПЦЫЮ ГІСТАРЫЧНАГА МІНУЛАГА КРАІНЫ, БЕЛАРУСКАЙ МАДЭЛІ ПАМЯЦІ.
– Калі пісаў кнігу, – кажа Валер Дранчук, – я ведаў (і ў кнізе гэта ёсць!), што самая дакладная канцэпцыя памяці сфармулявана акурат маімі землякамі ў іх звароце да выканаўчай улады: “Вярніце тое, што ў нас забралі!”. Гэта быў апагей кампаніі “За Гавязну”, 2003 год. З тых падпісантаў – 24-х старэйшых жыхароў – сёння засталося толькі двое. Я сведка: людзі крыкам крычалі, прасілі, патрабавалі: вярніце адвечную назву, знак нашай Бацькаўшчыны, корань мясцовасці. Але іх не пачулі. Атрымліваецца так, што дзеянні ўлады супярэчылі сённяшняй “канцэпцыі інфармацыйнай бяспекі” краіны. Невядома, ці пачуе хто цяпер.
Удзельнікі, абмяняўшыся думкамі, дамовіліся “перазагрузіць” патрабаванні, звярнуцца да ўлады з прапановай памяняць падыходы ў прыняцці рашэння, прынамсі, не ўжываць такі сумнеўны механізм уліку грамадскай думкі як рэферэндум (хачу – не хачу, падабаецца – не падабаецца).
Плануецца і зварот у Рэспубліканскую тапанімічную камісію з просьбай актуалізаваць свой вердыкт аб вяртанні гістарычнай назвы Гавязна, які быў прыняты ў 2006 годзе і які зваротнай сілы не мае.
Імпрэза называлася так: “Як вярнуць на мапу Стаўпеччыны тапанімічны помнік”Гавязна”. Чытацкія слуханні па старонках кнігі-хронікі В. Дранчука “Гавязна і Гавязнянка”.
На сустрэчу прыйшлі дзеці колішніх падпісантаў, карэнных жыхароў Га-вязны. Сярод іх Ала Шчука-Сяржант, Галіна Адаміцкая, Зінаіда Чалых.
– Я б хацела прыйсці на маміну магілу і сказаць: “Мама, Гавязна вярнулася!” – са слязамі на вачах прызналася Ала Шчука-Сяржант. – Мама гэтым жыла, верыла, што ўлада адумаецца, верне забранную назву мястэчка. На жаль, не дачакалася.
– Я была ў пятым классе, калі перайменавалі наша мястэчка. Але мы, дзеці, не хацелі прызнаваць новую назву і аддаваць сваю. На сшытках яшчэ доўга пісалі “Гавязнянская школа”… – прыгадала Зінаіда Чалых. – Ніколі гэтага не забудуся.
Былі на імпрэзе і людзі з ваколіц. Муж і жонка Гладкія жывуць у Менску, але карані побач – у Новых Навасёлках Нясвіжскага раёна (колішняя Гавязнянская гміна).
– Перада мной старадаўняя карта, – сказаў Валянцін Гладкі. – І я вось гляджу, што Гавязна была больш, чым населены пункт. Гэта цэлая мясцовасць, якая аб’ядноўвала дзясяткі вёсак, засценкаў, урочышчаў, хутароў. Забраць такую назву – значыць, збядніць наваколле, пазбавіць мясцовасць свайго адвечнага імя.
– А я вось правяду паралель. Доктар, які робіць аперацыю, раіцца са спецыялістамі. І не пытаецца парады ні ў хворага, ні ў яго родзічаў, ні, тым больш, у людзей з вуліцы. Так і гістарычныя, тым больш адзінкавыя, назвы. Як можна пытацца ў жыхароў, калі гісторыя даўно вырашыла, – разважала Марына Гладкая-Калевіч.
Намеснік старшыні ТБМ Станіслаў Суднік (родам з в. Сейлавічы – колішняя Гавязнянская гміна) прывёў прыклады вяртання гістарычных назваў: Магільнае ў Уздзенскім раёне (было перайменавана ў Нёман), Пагулянка, Заазер’е і Альба ў Нясвіжскім раёне (гэтыя прыгожыя, адвечныя, гістарычныя назвы былі заменены пры камуністах адпаведна на Кирпичный, Свекловичный і посёлок Биомицинового завода).
Старшыня сельвыканкама Таццяна Белановіч сказала, што ёй было вельмі важна пачуць аргументы “за Гавязну”. Безумоўна, што аргументы “супраць” яна пачуе таксама, але ў іншым месцы.
– Усім, каму я падпісаў кніжку, не прамінаў казаць: “Чытайце з алоўкам!”. Гэта значыць, працуйце, назапашвайце аргументы, праца над памылкай працягваецца – для гэтага і пісалася кніжка, – дадаў на завяршэнне Валер Дранчук.
Наш кар.