У канцы мінулага года ў Менску надрукавана навукова-папулярная кніга нарысаў “Гісторыя Расіі ад Сярэлнявечча да сучаснасці”. Укладальнік кнігі – Лявон Баршчэўскі. Аўтарскі калектыў – кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў, кандыдат філалагічных навук Лявон Баршчэўскі, кандыдат мастацтвазнаўства Аляксей Хадыка. Рэцэнзентамі кнігі былі гісторыкі – прафесар Аляксандр Краўцэвіч і дацэнт Павел Церашковіч. Да выхаду гэтай кнігі можна было паставіцца скептычна: што яшчэ могуць напісаць менскія беларусы, хай сабе і кандыдаты навук, пра гісторыю Расіі, калі пра яе ўжо напісана столькі ўсяго шмат на любы густ: і па-савецку, і па-ліберальнаму, і па-якому хочаш. Прыкладна і я так скептычна паставіўся да гэтай кнігі і таму не спяшаўся яе купляць. Нарэшце, 9 лютага, купіў і чытаў яе нават у тралебусе. На наступны дзень падзяліўся навіной з настаўнікам гісторыі ў школе і вырашыў напісаць кароткую рэцэнзію.
Я не збіраюся тут разглядаць падрабязна сутнасць усёй кнігі, але хачу выказаць агульнае ўражанне. Кніга аўтарам удалася. Любы чытач будзе задаволены, бо прачытае нешта пра тое, чаго ён не ведаў раней. У чым поспех кнігі? Аўтары крытычна паставіліся да расійскіх выданняў і выказалі свой погляд на гісторыю Расіі. Можна сказаць, што гэта гісторыя Расіі вачыма беларусаў. Але і гэта не зусім так, бо аўтары зрабілі агаворку, што яны самі з рускімі ка-ранямі, хоць і лічаць сябе беларусамі.
Аб’ём кнігі 536 старонак у мяккай вокладцы. У кнізе дастаткова чорна-белых і каляровых фотаздымкаў. Кніга складаецца з 13 невялікіх раздзелаў (разам з уступам і пасляслоўем) і яшчэ даецца “Храналогія найважнейшых падзей ў гісторыі Расіі”. “Пачатак расійскай гістрыі” – гэта прадмова. “Замест заключэння: куды ідзе Расія?” – гэта пасляслоўе, падвядзенне вынікаў. Па ўсёй кнізе – гэта не пераказ вядомага, а імкненне аўтараў даць нешта новае. Пас-ля кожнага з 11-і раздзелаў даюцца асноўныя тэрміны і літаратура да гэтага раздзела. Напісана кніга простай мовай і лёгка чытаецца.
Што разглядаюць аўтары? На першым месцы палітычная гісторыя, потым удзяляецца ўвага развіццю гаспадаркі і культуры. Вельмі шырока паказана расійская культура як шматнацыянальная. Савецкая культура таксама дастаткова раскрыта як шматнацыянальная. І вось тут, на мой погляд, у аўтараў нават ужо перабор. Сярод мноства гэтых розных нацыянальных культур руская культура губляецца і ніяк не вылучаецца. І атрымліваецца расійская і савецкая шматнацыянальная культура, а руская так, сярод усіх. Ёсць у кнізе і дакументы, хоць іх няшмат. Назаву два з іх: “Адзін з расстрэльных спісаў з прозвішчам Ісака Бабеля, уласнаручна завізаваны Сталінам” (на с. 363) і табліца “Пастаўкі ЗША ў СССР (1941-1945)” (на с. 394). У чым каштоўнасць кнігі? Выказаны свежы погляд на падзеі расійскай гісторыі. Пра іх расказана праўдзіва і аргументавана, так, як бачаць іх беларускія гісторыкі. Ніхто не абмяжоўваў і не навязаваў аўтарам нейкі афіцыйны погляд.
Хоць гэта кніга мае для Беларусі і нават Расіі вялікае значэнне, але выдадзена яна прыватным выдаўцом Зміцерам Коласам накладам усяго 300 асобнікаў. Не сумяняваюся, што і звыш тысячы асобнікаў будзе лёгка распрадана па 30 рублёў за кнігу. Такая кніга патрэбна ў кожную школу, спатрэбіцца кожнаму настаўніку гісторыі. Яе з радасцю прачытаюць і вучні старэйшых класаў.
Ёсць у кнізе і істотныя недахопы. Спачатку па змесце. Перагружана прозвішчамі дзеячаў нацыянальнях культур народаў Расіі і СССР. Зусім коратка, схематычна сказана двума сказамі пра значныя падзеі, як напрыклад, пра вызваленне Балгарыі ад прыгнёту Асманскай імперыі ў 1877 -1878 гадах. Нават не згадана, што там ваявалі болей за 10 генералаў з Беларусі. Таксама і пра паўстанне дзекабрыстаў 1825 года, у якім удзельнічалі беларусы. І фактычна разграміў гэта паўстанне (расстраляў з гармат) наш зямляк Іван Ануфрыевіч Сухазанет. Варта было б у гэтай кнізе напісаць яшчэ адзін раздзел “Уклад беларусаў у рускую навуку і культуру”. Таксама патрэбна шырэй паказаць ролю нашых землякоў у развіцці гістарычных падзей у Расіі і СССР. Ні словам не сказана ў кнізе пра нашага земляка з вёскі Каловічы Вілейскага раёна маскоўскага пісьменніка канца ХІХ стагоддзя Івана Кандраццева. Можна было надрукаваць і яго партрэт. А тут надрукавалі партрэт маладога Янкі Купалы (на с. 257), які сюды так пасуе, як сядло карове. Тут Купала зусім лішні. А партрэтаў Сяргея Ясеніна і Валерыя Брусава зусім не змясцілі. Афармленне кнігі месцамі зусім кепскае. Ілюстрацыі маленькія, невыразныя. Горш за тое, некаторыя партрэты абмяжоўваюцца адной галавой, і тая абрэзана (на с. 306 – князь Георгій Львоў, і на 476 – Віктар Чарнамырдзін). Пазнаць можна і толькі. Але ж гэта непавага і да таго, каго змясцілі, і да чытача. Раней бы цэнзура такія фотаздымкі забараніла б друкаваць. Згаданыя недахопы можна хутка і лёгка выправіць.
Дзякую аўтарам за добрую кнігу.
Сымон Барыс.