Ёсць людзі, якія не перастаюць здзіўляць разнастайнасцю сваіх зацікаўленняў. Маючы ў сэрцы вялікую любоў да роднай зямлі, сваё захапленне яны накіроўваюць на тое, каб паказаць нам усім непараўнальную прыгажосць родных мясцінаў. Захапіўшыся гісторыяй, яны не толькі многа часу праводзяць у архівах і бібліятэках, але і шчодра дзеляцца сваімі адкрыццямі, новым досведам гістарычных падзей. І не дзіва, што каля такіх асоб утвараецца кола такіх жа аматараў і аднадумцаў, завязваецца шчырае сяброўства. Менавіта такім чалавекам з’яўляецца Мікола Ліннік, якому 3 сакавіка спаўнілася 65 гадоў.
Мікола (Мікалай Міхайлавіч) Ліннік нарадзіўся 3 сакавіка 1954 г. у вёсцы Порычы Валожынскага раёна Менскай вобласці. Закончыў сярэднюю школу № 1 г. Валожына, Менскі радыётэхнічны інстытут. Радыёінжынер. Амаль сорак гадоў адпрацаваў у філіяле “Міжгародняя сувязь” РУП “Белтэлекам”. Пенсіянер.
Сябар Беларускага Саюза журналістаў.
Больш за пяцьдзясят гадоў займаецца фатаграфіяй і журналістыкай. Сваімі ведамі ў галіне фатаграфіі ён шчодра дзеліцца з удзельнікамі аматарскага фотааб’яднання “Пазітыў” пры Цэнтральнай публічнай бібліятэцы імя Янкі Купалы г. Менска, з’яўляючыся амаль на працягу чатырох гадоў яго нязменным кіраўніком. Вынікам гэтай працы сталі традыцыйныя калектыўныя фотавыставы ўдзельнікаў аб’яднання ў памяшканні бібліятэкі.
Мікалай Міхайлавіч удзельнік літатаратурна-музычнага аб’яднання “Акорд”, літаратурнага аб’яднання “ЛітЭра”. На працягу многіх гадоў з’яўляецца таксама ўдзельнікам паэтычнага тэатра “Арт-С”, галоўнай пляцоўкай якога стала сталічная бібліятэка №15 імя Цёткі.
Інфармацыйныя, публіцыстычныя і гістарычныя матэрыялы і фота Міколы Лінніка друкаваліся ў розных рэспубліканскіх і мясцовых газетах і часопісах Беларусі, часопісах “Военна історія” (Кіеў, Украіна), “Каталог индустрии развлечений” (Расія). Апавяданні надрукаваны ў зборніку “Чистая правда и фантазия” і альманаху літаб’яднання “ЛітЭра”.
Мікола Ліннік – пераможца і двойчы дыпламант літаратурных конкурсаў “Дэбют” Першамайскага раёна г. Менска, пераможца фотаконкурсу “Мой Первомайский – 2014”, шматразовы дыпламант рэспубліканскіх фотаконкурсаў “На связи с миром”, лаўрэат ХІІ, ХІІІ Менскіх гарадскіх фестываляў нацыянальных культур “Яднанне”, удзельнік Х і дыпламант ХІ Рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур у Гародні.
Захапленне гісторыяй дало магчымасць стаць паўнавартасным удзельнікам навуковых канферэнцый, прысвечаных перамозе войскаў Вялікага Княства Літоўскага над татарамі восенню 1362 года, якія прайшлі у Вінніцы, Кіеве, Хмельніку (Украіна) і Менску.
Фатаграфіі Міколы Лінніка выкарыстаны для ілюстравання паэтычных зборнікаў “О себе и о тебе”, “Гасцінец” Івана Пыкі, “Романса трепетные звуки” Уладзіміра Самуйліка, кніг “Сцежкі пілігрыма на скрыжаваннях часу”, “Дыханне цішыні”, “Ціхая радасць” Ядзвігі Рай, “Комбатанты или Отребье” Юрася Нератка, паэтычнага зборніка “Заблытаўся сярод навін…”, альманаха літаб’яднання “ЛітЭра”, буклетаў Інстытута беларускай гісторыі і культуры і юбілейных буклетаў філіяла “Міжгародняя сувязь” РУП “Белтэлекам”.
Фатаграфічныя працы Міколы Міхайлавіча таксама змяшчаюцца на шматлікіх сайтах: Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, аб’яднання ўкраінцаў у Беларусі “Ватра”, Свята-Троіцкага храма ў Менску, паэтычнага тэатра “Арт-С” і шмат інш.
Мікола Ліннік удзельнічаў у калектыўных фотавыставах у Багданаве, Валожыне, Маладзечне, Менску (Палац мастацтва, Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы, бібліятэка № 15 імя Цёткі, дзіцячая бібліятэка № 2, Менскі радыётэхнічны інстытут), Разані.
На персанальным ліку майстра мастацкага фота 41 персанальная фотавыстава. Яны адбыліся ў Нацыянальным культурным цэнтры Украіны ў Маскве, Палацы Рэспублікі, Пасольстве Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, галерэі “Вільнюс”, Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь, дзіцячай бібліятэцы № 2, Цэнтральнай публічнай бібліятэцы імя Я. Купалы, бібліятэках №№ 7, 9, 10 імя М.Мінковіча, 12, 15 імя Цёткі, 20, Таварыстве беларускай мовы імя Ф. Скарыны, філіяле “Міжгародняя сувязь” РУП “Белтэлекам” ў Менску, Генеральным консульстве Украіны ў Берасці, Ганаровым консульстве Украіны ў Гродне, Міжгародным вузле электрасувязі № 2 у Гомелі, Валожынскім раённым краязнаўчым музеі, сярэдняй школе № 1 у Валожыне, Цэнтры традыцыйнай беларускай культуры і побыту ў в. Плябань Маладзечанскага раёна, Доўскай сельскай бібліятэцы, на свяце ўкраінскай культуры ў Верхнім горадзе ў Менску, свяце горада ў Радашковічах.
І свой юбілей ён адзначыў чарговай выставай “Абрысы Айчыны” ў галерэі “Вільнюс” бібліятэкі № 18 г. Менска, адкрыццё якой адбылося 5 сакавіка 2019 года. Адкрыццё прайшло ў цёплай, сардэчнай абстаноўцы. Прысутныя, а іх сабралася каля 50 чалавек, убачылі здымкі Міколы на славу прыгажосці яго роднай Валожыншчыны і ўсёй Беларусі.
Трэба зазначыць, што Мікола Ліннік пры стварэнні сваіх фотаработ ніколі не карыстаецца фоташопам і ўсе цудоўныя мо-манты, злоўленыя яго аб’ектывам, прыгожыя яшчэ і сваёй натуральнасцю.
Творчасці Міколы Лінніка былі прысвечаны праграмы на тэлеканале “Беларусь-1”, радыёканалах “Культура”, “Радыё Рацыя”. Артыкулы пра гэтага цікавага і таленавітага творцу друкаваліся ў газетах “Белтелеком. Всё о нас”, “Вечерний Брест”, “Голас Радзі-мы”, “Краязнаўчая газета”, “Літаратура і мастацтва”, “Маладзечанская газета”, “Наша слова”, “Новы час”, “Працоўная слава”, “Рэгіянальная газета”.
У сувязі з юбілеем вельмі хочацца пажадаць Мікалаю Міхайлавічу Лінніку новых адкрыц-цяў і творчых цудоўных здзяйсненняў. Будзем з нецярпеннем чакаць новых праектаў і цікавых сустрэч.
Сафія Дамброўская