24 лютага споўнілася 84 гады з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Рыгора Іванавіча Барадуліна, а 2 сакавіка – пяць гадоў з дня яго смерці.
Мы сустрэліся з укладальніцай шматтомнага выдання “Дзённікаў і запісаў”, літаратурнай даследчыцай Наталляй Давыдзенка, якая склала шматфарматны калейдаскоп грамадскага, по-бытавага, творчага і асабістага жыцця паэта. Тамы выходзілі ў серыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны. Людзі Беларусі”. Пяты выпуск “Дзённікаў і запісаў” паступіў у бібліятэкі і кнігарні краіны. Спадарыня Наталля працуе над шостым томам запісаў народнага паэта.
Дзённікі, лісты, зацемкі, накіды, чарнавікі – невычэрпная крыніца для больш глыбокага спазнання і разумення чалавека, а тым больш, творцы такога маштабу, як народны паэт Рыгор Барадулін. Галоўнай мэтай складальніка было поўна сабраць, расшыфраваць, спарадкаваць дзённікі і шматлікія раскіданыя “пункцірныя” запісы на хаду.
– Я спадзявалася, -распавяла Наталля Аляксееўна, – што праз гэтыя запісы чытачы будуць пазнаваць шматгранную асобу крыштальна-нацыянальнага паэта, знаёмага і незнаёмага, шчыра любімага і дарагога сэрцу кожнага беларуса.
Мне дапамагала ў падборы каментароў Ірына Якаўлеўна Сляповіч, з якой мы разам працавалі ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У афармленні вокладак дапамог Яраслаў Мальдзіс, які вы-біраў і размяшчаў адпаведныя гадам фотаздымкі.
Складзеная картатэка вершаў дазволіла мне адшукаць у дзённікавых запісах творы, якія ніколі раней не друкаваліся, і ўключыць іх у выданне.
У чарнавых блакнотах было шмат запісаных фразаў, рыфмаў, вершаў. Рыгор Іванавіч гартаў свае запісы, вяртаўся да іх праз гады, імкнуўся падмеціць сакавітае беларускае слова. Ён быў вельмі цікаўным, у падарожжах запісваў усе свае ўражанні. У Азіі ён заўважаў адценні пустыні і колер кветак, як звісае вінаград з дахаў у дварах.
– Які перыяд ахоплівае пяты том “Дзённікаў і запісаў”?
– Падзеі 1989-91, занатаваныя ў 5-тым томе – гэта пярэдадзень знікнення СССР і з’яўлення новых ці адрожданых дзяржаў. На слуху перабудова, дэмакратыя, галоснасць, мітынгі і шэсці на Курапаты, на гадавіну Чарнобыля. 1 з’езд народных дэпутатаў у Маскве.
У Беларусі ўтвараецца падраздзяленне Міжнароднага аб’яднання пісьменнікаў ПЭН- клуба – ПЭН – цэнтр, і Рыгор Барадулін становіцца яго першым прэзідэнтам. Ён – сябра Беларускага Народнага Фронту і яго соймаў. Камуністы пачынаюць здаваць партбілеты. У Менску збіраецца першы кангрэс беларусістаў.
19 жніўня 1991 года адбылася спроба дзяржаўнага перавароту ў Маскве ГКЧП. 25 жніўня аб’яўляецца незалежнасць БССР, 8 снежня 1991 кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісваюць у Белавежскай пушчы пагадненне аб утварэнні СНД. Адначасова імкліва скачуць цэны, танеюць грошы, апустошваюцца паліцы крамаў. У гэты час Рыгор Іванавіч атрымлівае навіну аб нараджэнні ўнучкі.
У 90-тыя гады паэт наведваў Талін, Кіеў, Ташкент, Пскоў, Маскву, Ашхабад.
Не спынялася яго выдавецкая праца. Ён рупіўся пра 6-томны збор твораў Васіля Быкава, выбранае Язэпа Пушчы. У выдавецкім калідоры чуўся яго вясёлы голас, шмат якім супрацоўнікам трэба было пастарацца адлавіць усеагульнага ўлюбёнца, каб нешта ўдакладніць, паправіць, падпісаць. Чакалі і маладыя паэты і паэткі, каб уручыць свае сціплыя опусы, пачуць водгук і падказку. Яго часу, увагі, спагады і душы хапала на ўсіх.
Рыгор Іванавіч ездзіў па Беларусі па справах прапаганды беларускай літаратуры ў Віцебск, Оршу на вечарыны, на Шагалаўскія чытанні і наведваў іншыя мерапрыемствы. На адпачынак ён ездзіў у Дамы творчасці літоўскай Ніды, Кішынёва і латышскіх Дубултаў. Адпачынак быў працягам напружанай працы: з’яўляліся новыя вершы і безліч перакладаў: Пастарнак, Мандэльштам, Пушкін, Эмінеску, Райніс, Вальеха.
Перабудова прынесла душэўны сум і смутак, адчуванне ўзросту, амаль безвыходнасці і агульнай галечы. Рыгор Іванавіч ратаваў душу Ушачамі, едзіў удыхуць роднага паветра, наслухацца сакавітай мовы ў радні.
У 90-я гады Рыгора Іванавіча пачалі турбаваць думкі аб смерці.У цяжкія часы ён ніколі не жаліўся, не скардзіўся. Знешне ён быў з людзьмі, якія яго акружалі, а ўнутры сам-насам са сваімі думкамі. Душа яго балела, і нараджаліся вершы пра канец жыцця. Беларус стрыманы ў эмацыйных праявах, больш затоены ў самім сабе.Такі менталітэт беларуса: каб захаваць адчуванне прыстойнасці, трэба ўсё хаваць у сябе. Таму Рыгор Іванавіч выказваўся ў дзён-ніку, выліваў свае перажыванні ў вершах.
– У гэты перыяд Рыгор Ба-радулін пачаў больш ствараць вершаў на духоўныя тэмы?
-Да Бібліі Рыгор Іванавіч звярнуўся ў 90-тыя гады, калі Васіль Сёмуха ўзяўся перакладаць Біблію. Ён быў яго дарадчыкам. У кнігу “Евангелле ад мамы” ўвайшло шмат вершаў на спрадвечныя тэмы. Цяпер я дзіўлюся, колькі духоўных вершаў, перакладаў малітваў, псальмаў і прыпавесцяў, тэкстаў на сюжэты Старога і Новага Запаветаў, прысвячэнняў духоўным асобам Рыгор Іванавіч паспеў стварыць! За адзін вечар (а гэта пацвярджаюць даты пад вершамі), у яго нараджалася па некалькі геніяльных твораў на біблейскія тэмы! Наўрад ці ёсць у сусветнай літаратуры такі геній, які змог
– З Вашай дапамогай ён працаваў над апошнімі кнігамі?
– Кніга “Толькі б яўрэі былі” выйшла ў 2011 годзе і была для яго вельмі дарагой! Яўрэі, якія здаўна жылі з беларусамі ў духоўна-побытавым яднанні, былі яго блізкімі сябрамі, і яму хацелася асэн-саваць узоры беларуска-яўрэйскага сугучча. У кнігу ўвайшлі пераклады вершаў яўрэйскіх паэтаў, нарысы пра Марка Шагала, Заіра Азгура, Хайма Мальцінскага.
“Вушацкі словазбор” быў для яго таксама доўгачаканай кні-гай. Задума напісаць “Вушацкі слоўнік” у яго прысутнічала з восьмага класа, і здзейснілася ў апо-шнія гады жыцця.
Я прапанавала яму структуру, каб лепш усё захаваць.У раздзеле “Гаваркое слова” Рыгор Іванавіч падаў як плынь свядомасці аповеды Акуліны Андрэеўны Барадулінай і яе вушацкіх землякоў, Ганны Рыгораўны і Валянціны Уладзіміраўны Быкавай. Ён паспеў усе прачытаць, калі “Вушацкі словазбор” рыхтаваўся, мы змаглі ўдакладніць і дадаць усё, што ён хацеў. Кніга выйшла ў 2013 годзе.
Гутарыла Эла Дзвінская,
фота аўтара.
На здымку:
Наталля Давыдзенка.
* * *
1 сакавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылася прэзентацыя пяцітомнага збору “Дзённікаў і запісаў” народнага паэта Рыгора Барадуліна.
На вечарыне выступіла складальніца пяці тамоў “Дзённікаў і запісаў” Наталля Давыдзенка, старшыня ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” Барыс Пятровіч, намеснік старшыні Рады Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына” кнігазнаўца Валер Герасімаў. Слова ўзялі кіраўнік Беларускага саюза мастакоў, паэт, мастак Рыгор Сітніца, паэт, эсэіст, былы калега Рыгора Барадуліна па працы ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” Леанід Дранько-Майсюк і найбліжэйшы сябра апошніх гадоў жыцця Рыгора Барадуліна музыка Алесь Камоцкі.
Эла Дзвінская.