Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Тэксты 12-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі, рэкамендаваныя ТБМ

Тэксты 12-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі, рэкамендаваныя ТБМ

12 лютага 2019, 09:11 Мова, ТБМ 49
Тэксты 12-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі, рэкамендаваныя ТБМ

Шаноўнае спадарства!

Рада ТБМ пастанавіла адзначыць чарговы (20-ы) Міжнародны дзень роднай мовы напісаннем 12-й Агульнанацыянальнай дыктоўкі. На Радзе былі вызначаны тэмы ў падтрымку Беларушчыны па Каліноўскаму, па Арлову, па Караткевічу.

Мы друкуем артыкул “Адкуль узялася паншчына?” з “Мужыцкай праўды” № 2. Гэты тэкст пісалі ў 2013 годзе. Змяшчаем чатыры фрагменты з эсэ Уладзіміра Арлова “Незалежнасць – гэта…”, а таксама “Беларускую песню” Уладзіміра Караткевіча.

У дадатак рэдакцыя “Нашага слова” прапануе верш вучаніцы 40-й школы г. Магілёва Насці Мацюлінай “Наказ”. Магчыма, менавіта гэты верш захочуць напісаць у школах.

Безумоўна, у кожным горадзе, у кожнай вёсцы, у кожнай установе,  у кожнай арганізацыі вольна ўзяць свой тэкст нечым больш блізкі, больш адпаведы канкрэтнай мясцовасці, статусу канкрэтнай установы і г.д. Галоўнае, каб да дыктоўкі далучылася як мага больш беларусаў, каб быў заўважным наш беларускі свет.

Адкуль узялася паншчына?

Дзецюкі!

Калі Бог стварыў усіх людзей вольнымі і ўсім даў аднолькавую душу, дык адкуль жа гэта ўзялося, што адзін марнуе ды і над людзьмі збыткуе, а другі бедны паншчыну служыць або аброкі ў казну плаціць?

Быў калісьці народ наш вольны і багаты. Не памятаюць гэтага нашыя бацькі і дзяды, але я вычытаў у старых кніжках, што так калісьці было. Паншчыны тады ніякай не было. І няма чаго таму дзівіцца, бо было лесу шмат, поля – колькі хочаш, а людзей мала, дык нашто ж служыць паншчыну за зямлю, калі кожны мог лесу выцерабіць, хату сабе паставіць і мець сваё поле.

Але ў суседстве з намі жыў немец і цар. Аднаму і другому багацце наша калола ў вочы, каб іх так колка схапіла, і хацелі нас сагнаць з нашае Бацькаўшчыны. Трэба было бараніцца, дык кароль кажа: “Хадзем бараніцца!” – а тут не ўсе ідуць, ды і мала нашых пайшло. Выгналі цара і немца, але каб жонкі і дзеці гэтых, якія хадзілі на вайну, мелі за што пражыць, кароль наш напісаў такое права: “Гэтыя, якія не хочуць ісці бараніць сваю зямлю, няхай абрабляюць поле гэтым, якія б’юцца за волю і шчасце ўсіх”.

І гэтак было доўга: адны баранілі край, усё хадзілі па войнах, а другія то аралі, то сеялі, то касілі, то жалі. Згэтуль і ўзялася гэтая паншчына. Мяркуйце цяпер самі, ці можна было зрабіць справядлівей, як зрабіў калісьці наш кароль?

Яська, гаспадар з-пад Вільні.

(“Мужыцкая праўда” № 2, 1862 г.)

Незалежнасць — гэта…

… Незалежнасць — гэта калі ты пойдзеш у школу і цябе будуць вучыць на тваёй мове (а дзяўчынку Гражынку, якая падабалася табе ў дзіцячым садзе, — на яе мове, а твайго суседа хлопчыка Мішу, тату якога завуць Ісакам, — на ягонай, а другога твайго суседа хлопчыка Алёшу, бацькі якога прыехалі сюды, бо ў іхнім горадзе на Волзе, каб купіць малому малака, трэба займаць чаргу а пятай гадзіне раніцы, — на ягонай). Цябе будуць вучыць на тваёй мове, і дзеля гэтага тваім тату і маме не трэба будзе ўсё лета збіраць па кватэрах заявы бацькоў, якія не тое каб не хацелі вучыць сваіх дзетак так, як твае тата і мама, а проста ніколі пра гэта не думалі, бо выраслі пры інтэрнацыяналізме. І гэтыя заявы не трэба будзе губляць тры разы дырэктару і два — сакратарцы, і першы вераснёвы дзень ты не пачуеш на ўрачыстай лінейцы, што «год от года хорошеет материально-техническая база нашей школы», а прыйшоўшы ў свой клас не даведаешся, што дзякуючы няўхільнаму клопату партыі і ўраду, у вас на ўвесь клас толькі адзін лемантар і дзве «матэматыкі» на роднай мове.

… Незалежнасць — гэта калі ты будзеш студэнтам і на лекцыі па вышэйшай матэматыцы твой смуглявы раўналетак з Мадагаскара, які вучыцца за грошы сваёй, а не тваёй краіны, нахінецца да цябе і запытае, што значыць слова «імавернасць», і ты па-французку растлумачыш яму.

…. Незалежнасць — гэта калі твой сын прынёс са школы пяцёрку па гісторыі і ты хваліш яго за гэтую пяцёрку, бо ведаеш, што ён атрымаў яе не па тым прадмеце, дзе вучаць пра Лядовае пабоішча і перамогу калектывізацыі, а па тым, дзе вучаць пра Грунвальдскую бітву, якая ўратавала твой народ ад смерці, і кажуць праўду пра тую ўладу, што расстраляла твойго дзеда і задушыла голадам тваю бабулю.

… Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі.

Уладзімір Арлоў,

люты 1990 г.

Беларуская песня

 

Дзе мой край? Там, дзе вечную песню пяе Белавежа,

Там, дзе Нёман на захадзе помніць варожую кроў,

Дзе на ўзвышшах Наваградскіх дрэмлюць суровыя вежы

І вішнёвыя хаты глядзяцца ў шырокі Дняпро.

 

Ты ляжыш там, дзе сіняя Прыпяць ласкава віецца,

Дзе Сафія плыве над Дзвіною, нібы карабель…

Там, дзе сэрца маё з першым крокам, як молат, заб’ецца,

Калі б нават сляпым і глухім я прыйшоў да цябе.

 

Што сляпым? Нават мёртвым успомню высокія зоры,

Над ракою чырвонай і цмянай палёт кажаноў,

Белы ветразь на сініх, на гордых, як мора, азёрах,

І бары-акіяны, і неба – разлівы ільноў.

 

Дзе мой край?

Там, дзе людзі ніколі не будуць рабамі,

Што за поліўку носяць ярмо ў безнадзейнай турме,

Дзе асілкі-хлапцы маладымі ўзрастаюць дубамі,

А мужчыны, як скалы, – ударыш, і зломіцца меч.

 

Дзе мой край?

Там, дзе мудрыя продкі ў хвоях паснулі,

Дзе жанчыны, як радасны сон у стагах на зары,

А дзяўчаты, як дождж залаты. А сівыя матулі,

Як жніўё з павуціннем і добрае сонца ўгары.

 

Там звіняць неўміручыя песні на поўныя грудзі,

Там спрадвеку гучыць мая мова, булатны клінок.

Тая гордая мова, якую й тады не забудзем,

Калі сонца з зямлёю ў апошні заглыбяцца змрок.

 

Ты – наш край.

Ты – чырвоная груша над дзедаўскім домам,

Лістападаўскіх знічак густых фасфарычная раць,

Ты – наш сцяг, што нікому, нікому на свеце, нікому

Не дамо абсмяяць, апаганіць, забыць ці мячом зваяваць.

 

Мы клянёмся табе баразной сваёй першай на полі

І апошняй раллёй, на якую ўпадзём у журбе.

Мы клянёмся табе, што ніколі,

Ніколі,

Ніколі,

Так,

Ніколі не кінем,

Не кінем,

Не кінем цябе.

Уладзімір Караткевіч.

НАКАЗ

 

На ўсю Беларусь мільён пракурораў

І толькі адзін, толькі ён адвакат.

Рыгор Семашкевіч.

 

Ён быў адвакатам не толькі

Сялянскаму простаму люду.

Ён быў адвакатам для мовы,

Для мовы сваёй беларускай:

 

“Вы паслухайце, людзі добрыя,

Людзі добрыя, беларускія!

На судзе перад вамі і Богам я

За мову сваю заступлюся…

 

Ніякая яна не “мужыцкая”

Дый не горшая за французскую.

Мова наша напеўная, чыстая,

Мова наша такая ж людская!

 

Ну чаму ж мы такія бяздольныя?

Родных словаў чаму выракаемся?

І пісаць мы па-свойму няздольныя,

І з мовы свае насміхаемся…

 

Яна ж Богам навекі нам дадзена,

Каб душы нашай стаць адзежынай!

Яна продкамі ў генах закладзена,

Каб нашчадкам быць годна данесенай.

 

Шмат народаў, на мову забыўшы,

Адышлі з анямелым горлам.

Мову родную ў сэрцах стуліўшы,

Не пакіньце яе, каб не ўмёрлі!”

 

… Да словаў Мацея мы і зараз

Схіляемся ў думах і ў сэрцах.

Нам гэты наказ назаўсёды.

Як сцяг, тыя словы трымаем.

 

Жыццём той наказ мы пацвердзім,

Сынам перадаць сваім зможам.

Жыві, Беларуская Мова,

Бо ёсць у цябе адвакаты!

Насця Мацюліна,

вучаніца СШ № 40 г. Магілёва.

 

Падрыхтаваў да друку

Міхась Булавацкі.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3122
Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)
ТБМ

Справаздача аб фінансавай дзейнасці ТБМ з 1.01.2020 г. па 31.12.2020 г. (паўторна)

23 жніўня 2021, 17:1516
Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін
Грамадства

Змагар за беларускае слова і культуру пакінуў светлы ўспамін

26 студзеня 2021, 21:0216
Купалаў фэст у Радашковічах
Грамадства

Купалаў фэст у Радашковічах

20 ліпеня 2022, 14:5115
Далучайцеся да нас