Выстава дакументаў, прымеркаваных да 100-годдзя абвяшчэння БССР, разгорнута ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі. На адкрыцці выставы выступілі супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага музея, Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Прадстаўленыя дакументы даюць больш поўную інфармацыю пра падзеі 1918-1919 гадоў і пра стварэнне БССР. Першая сусветная вайна і рэвалюцыі 1917 года прывялі да краху імперый і стварылі магчымасць для фарміравання нацыянальных дзяржаў.
– Мы наблізіліся да важнай падзеі ў гісторыі краіны – 100-годдзя БССР, – сказаў намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі А.А. Суша. – Гэтая падзея прадвызначыла лёс нашай краіны і яе стан, у якім яна была 30, 50 і 80 гадоў таму. Быў абраны той вектар развіцця, які прайшоў праз усё ХХ стагоддзе. Маючы глыбокія гістарычныя карані, беларуская дзяржаўнасць фарміравалася на пачатку ХХ стагодзя, пачынаючы ад бурлівых падзей 1917 года, ад Берасцейскага і Рыжскага міру, да абвяшчэння БНР – ССРБ-ЛітБел- БССР. У той кароткі перыяд нарадзіліся Беларускі ўніверсітэт, Нацыянальная бібліятэка і шматлікія дзяржаўныя ўстановы. На прыкладах крыніц бібліятэкі і Нацыянальнага архіва, якія з трапяткімі пачуцця-мі ставяцца да захавання гістарычных дакументаў, на выставе паказаны публікацыі перыяду абвяшчэння БНР- ССРБ-ЛітБел-БССР.
– За сто гадоў наша краіна прайшла шлях, дзе былі трагічныя падзеі, – адзначыў намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза, – і была велізарная колькасць поспехаў. Дакументы, якія захоўваюць гісторыкі, уплываюць на фарміраванне на-цыянальнай свядомасці і пачуццяў патрыятызму ў тых, хто сёння адстойвае незалежную беларускую дзяржаву.
На мерапрыемтсве выступіў гісторык Валянцін Генрыхавіч Мазец, які з’яўляецца аўтарам новай манаграфіі, прысвечанай 100-годдзю БССР.
– Калі мы адзначалі 100-годдзе БНР правядзеннем канферэнцыі ў Інстытуце гісторыі, узнікла ідэя стварыць кнігу да 100-годдзя Беларускай савецкай рэспублікі, былі выкарыстаны ўнікальныя крыніцы, успаміны, звязаныя з гэтым часам. У іх адлюстравана, як складана і супярэчліва прыходзілася беларусам даказваць свае права на самастойнае дзяржаўнае жыццё, – сказаў Валянцін Мазец.
1 студзеня 1919 года была абвешчана ССРБ і выдадзены “Маніхвэст Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі”. У хуткім часе на I Усебеларускім з’ездзе Саветаў была прынята Канстытуцыя ССРБ. У экспазіцыі прадстаўлены фотаздымкі будынка на пл. Свабоды, дзе ў той час знаходзіўся Дом ураду БССР.
Шматлікія экспанаты распавядаюць пра дзейнасць Змітра Жылуновіча, Аляксандра Чарвякова і Аляксандра Мяснікова. На выставе прадстаўлены асобнікі газет “Дзянніца”, “Звон”, “Звезда”, “Гоман”, “Оршанский вестник” і іншых выданняў, рукапісы Змітра Жылуновіча, рэдкія архіўныя фотаздымкі.
“Зміцер Жылуновіч быў галоўным рэдактарам газеты “Дзянніца”, якая выходзіла ў Петраградзе, – піша ў сваёй дакументальнай аповесці” Без эпітафіі” (1989) Эрнест Ялугін. – Дзянніца – гэта значыць ранішняя зорка, прадвесніца світання, узыходу сонца. Газеце прадстаяла адыграць немалаважную ролю ў развіцці ідэі стварэння БССР. Першы нумар “Дзянніцы” ўдалося надрукаваць на шэранькай паперы і рускім шрыфтам тыражом 5 тыс. экзэмпляраў.”
Драматычныя падзеі 1918-1819 гадоў падрабязна апісаў у сваёй кнізе “БНР-БССР” (2002) пісьменнік Генрых Далідовіч. “Колькі было высілкаў, нерваў, сілы волі і духу, каб вырваць з зубоў нашу Беларусь! – піша Г. Далідовіч. – А ўдалося найхутчэй таму, што бальшавікі не столькі прыслухаліся да Белнацкама, увогуле да “чаяний” усяго беларускага народа, колькі пагадзіліся з пунктам Жылуновіча, што Беларусі пагражае белапольская акупацыя, дык няхай яна лепш пад уладай Саветаў стане буферам паміж буржуазнай Польшчай і Савецкай Расіяй. Жылуновіч, нарэшце, акрыляецца і сам піша “Маніхвэст”. Збываецца шматвекавая мара лепшых сыноў беларускага народа, і ўвасобіць яе ў жыццё выпала яму. Зм. Жылуновіч і А. Чарвякоў – буйныя асобы, без іхняй кіпучай дзейнасці было б нялёгка дабіцца БССР, але і ім адным было б гэта не па сіле, за імі былі Белнацкам, беларускія камуністычныя секцыі, розныя грамадскія і культурна-асветніцкія суполкі з дзясяткамі тысяч актывістаў, з сотнямі тысяч спачуваючых, – канстатуе пісьменнік. – Але амаль усе, хто ствараў і БНР, і БССР, былі разагнаныя (выжыў той, хто перабраўся за мяжу), а пры сталінізме – знішчаныя.
Зм. Жылуновіча доўгі час прызнавалі толькі як пісьменніка Цішку Гартнага, як палітычнага дзеяча яго поў-насцю рэабілітавалі толькі ў 90-тыя гады, і ягоным імем назвалі вуліцу ў Менску і паставілі помнік на радзіме.”
Эла Дзвінская,
фота аўтара.