50 гадоў таму на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта адбылася адметная падзея, пра якую ў агульных рысах ведае кожны, хто цікавіцца літаратурай і тагачасным культурным жыццём. У кастрычніку 1968 года з ініцыятывы Алеся Разанава, Віктара Яраца і Лявона Барташа некалькі сотняў студэнтаў БДУ падпісалі ліст з пажаданнем, каб на беларускім аддзяленні гуманітарныя дысцыпліны выкладаліся на роднай мове. Тое, што для сучасных студэнтаў падаецца натуральным, у 1960-я гады было вялікай марай, і для партыйнага кіраўніцтва гэтая мара выглядала абсалютна неадпаведнай надзённым задачам. Тым больш, што падзеі разгортваліся неўзабаве пасля “Пражскай вясны”, увядзення войскаў у Чэхаславацкую Сацыялістычную рэспубліку і задушэння там мірных дэмакратычных пераўтварэнняў.
Але для большасці студэнтаў, якія падпісвалі ліст, пашырэнне беларускай мовы ва ўніверсітэце падавалася цалкам нармальнай перспектывай. Безумоўна, ідэя напісаць ліст з’явілася ў асяроддзі людзей творчых, шчырых і зацікаўленых.
– Наш курс прафесар Міхась Ларчанка аднойчы жартам назваў хатай-чытальняй, – успамінае паэтка, літаратуразнаўца Алена Руцкая. – У аўдыторыю заўсёды прыносілі газеты і часопісы, новыя зборнікі вершаў і прозы, абменьваліся імі, абмяркоўвалі. Апекаваліся намі многія выкладчыкі, асабліва пісьменнікі-выкладчыкі. Непрынукнутае пакаленне шасцідзясятнікаў уражвала і захапляла. А пасля натхнёных аповедаў Уладзіміра Караткевіча (Алег Лойка запрашаў яго на сустрэчы з “узлётаўцамі”) “гістматы”, “дыяматы”, лекцыі па гісторыі Беларусі, ды яшчэ на рускай мове, зусім не ўспрымаліся. Пра гэта загаварылі, бо хацелася, каб адчувалася дамінаванне беларускай мовы.
Пра ідэю напісання ліста я даведалася, як помніцца, ад Жэні Янішчыц, ішла да яе па нейкі падручнік, расказала, што наш выкладчык замежнай літаратуры на практычных сказаў, што згодны, каб больш дысцыплін выкладалася па-беларуску, і можа чытаць свой курс на беларускай мове. Да самага інтэрната вымяркоўвалі прагнозы – атрымаецца што ці не. Амаль ніхто не бачыў у такіх пажаданнях крамолы”.
План з лістом не быў рэалізаваны: імкненне падтры-маць мову афіцыйна асудзілі, Алесь Разанаў і Віктар Ярац былі адлічаныя і пазней працягнулі вучобу ў іншых навучальных установах. У агульных рысах “гісторыя з лістом” добра вядомая, але ўдакладненне асобных дэталяў дазва-ляе зрабіць яе яшчэ цікавейшай і выявіць акалічнасці, якія дапамагаюць больш выразна усвядоміць супярэчнасці эпохі…
Гісторыя з лістом найперш скіроўвае нашу ўвагу на сам артэфакт. Алесь Разанаў пераконваў следчых, што спаліў ліст, але фота дакумента лёгка знаходзіцца ў байнэце. Што адбылося насамрэч? Калі студэнты адчулі небяспеку, малады паэт зімітаваў знішчэнне ліста і спаліў некалькі аркушаў паперы. “Адказныя таварышы”, якія хацелі атрымаць звесткі пра ўсіх, хто падпісаўся, не задаволілі сваю цікаўнасць. Ліст быў надзейна схаваны, пазней захоўваўся ў сяброў, а ў пачатку 1990-х гг. стаў экспанатам Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі і культуры (цяпер Нацыянальны гістарычны музей).
Каму быў адрасаваны ліст – і адпаведна смелая просьба-пажаданне мець больш прадметаў на беларускай мове? Насамрэч адрасат не быў пазначаны, але студэнты планавалі накіраваць яго “на самы верх” – першаму сакратару ЦК КПБ Пятру Машэраву.
– Мы падпісвалі ліст, бо сапраўды чакалі зменаў, – распавядае Віктар Ярац. – Студэнты ехалі ў беларускую сталіцу з вёсак ды мястэчкаў і спадзяваліся на глыток беларускай вечнасці, але яе тут не было… Выглядала на тое, нібы мы патрапілі не ў сталіцу Беларусі, а ў Курскую губерню. Ішла татальная русіфікацыя, і гэта ўзрушвала. Многія разлічвалі на падтрымку з боку Пятра Машэрава. Але тады мы яшчэ не вельмі разумелі, што пад пільным наглядам Крамля мала што можа змя-ніцца. Нават перадаць ліст не атрымалася, бо “стукнуў” нехта з аднакурснікаў…”
Хто найбольш ахвотна падпісваў ліст? Як згадвае Алесь Разанаў, “першакурснікі падпісаліся практычна ўсе. На другім курсе подпісаў было крыху меней, на трэцім, нашым, – яшчэ меней. На чацвёртым курсе не падпісалася і палова, а на пятым зусім мала”. Такім чынам, больш асцярож-ныя і абачлівыя студэнты старэйшых курсаў не захацелі рызыкаваць. Бо, натуральна, старэйшыя сябры распавядалі пра тонкасці ідэалагічнай работы і папярэджвалі, што ў кожнай групе, на кожным курсе ёсць асобы, якія далі згоду на сeпрацоўніцтва з КДБ.
Якія наступствы мела “гісторыя з лістом”? Атмасфера на факультэце была напружаная, але скандалу ці надзвычай драматычнай развязкі не адбылося. Партыйныя і камсамольскія функцыянеры выказалі сваё адмоўнае стаўленне і рэзкае асуджэнне “нацыяналістычных настрояў”. Тым часам, многія студэнты, выкладчыкі, пісьменнікі падтрымлівалі ініцыятыву “трэцяга беларускага курса” – прычым дастаткова настойліва. Найперш гэта Ніл Гілевіч, Максім Танк, Уладзімір Караткевіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік… Удзельнікі тых падзей могуць лёгка працягнуць гэты пера-лік. Напрыклад, Алеся Разанава падтрымаў рэктар Берасцейскага педінстытута Сяргей Гусак – таленавіты літаратуразнаўца і вельмі сумленны чалавек. Віктар Ярац згадвае добрым словам пісьменнікаў Міхася Даніленку, Леаніда Гаўрылкіна… Падтрымка ўплы-вовых людзей надавала ўпэўненасці і дапамагла арганізатарам акцыі вырашыць праблему з навучаннем.
Што да настрояў у студэнцкім асяроддзі, то паказальным быў справаздачна-выбарчы камсамольскі сход, які адбыўся ў лістападзе. Алеся Разанава абралі спачатку старшынём сходу, а потым кіраўніком камсамольскай арганізацыі курса. І гэта здарылася неўзабаве пасля камсамольскага сходу, на якім арганізатарам акцыі зрабілі строгую вымову! Не перашкодзіў студэнтам нават кіраўнік універсітэцкага камсамолу, а накіраваны ад факультэта Іван Навуменка проста пакінуў залу. “Людзі зразумелі, што сістэме можна супрацьстаяць, што яна не ўсемагутная,” – адзначае Алесь Разанаў. Аднак пасля асабістых гутарак з кіраўнікамі камсамольскай ар-ганізацыі многія студэнты са-ступілі, і на наступным сходзе былі зацверджаны рашэнні, патрэбныя кіраўніцтву.
Сітуацыя з выкладаннем гуманітарных дысцыплін у БДУ на той час засталася нязменнай. Але студэнцкая акцыя, вядома, мела сэнс:
– Найперш трэба было зрушыць з месца сам стан рэчаў, выявіць сябе, падаць свой голас нязгоды, сказаць, што нешта не так у “каралеўстве” Беларусь, – разважае Алесь Разанаў. – Загадзя наступстваў ніхто з нас не вылічваў і не змог бы вылічыць. Неабвешчаныя, у нас былі і далейшыя намеры з выхадам за межы БДУ. Аднак ужо нашы самыя першыя крокі сталіся падзеяй, урэшце, як выявілася, у гэтым і быў самы большы вынік нашага выступу. Па сваім значэнні ён, пэўна, пераўзыходзіў тыя паблажкі-ўступкі, якія былі б дасягнутыя шляхам мірных перамоў. Пра іх, дарэчы, і га-варыў дэкан філфака Аляксей Арсенавіч Воўк, наракаючы, чаму мы не звярнуліся са сваёй ініцыятывай наўпрост да яго.
Універсітэцкія падзеі 1968 года не змаглі змяніць сітуацыю ў краіне, але змаглі паказаць, што можна не баяцца быць сабой і сказаць уголас, што “жыве Беларусь”.
Адлічэнне з БДУ і працяг навучання ў іншых ВНУ было своеасаблівым пакараннем для бунтароў, але не стала жыццёвай катастрофай. Новыя знаёмствы і стасункі нават спрыялі пашырэнню патрыятычных ідэй. Выразна сведчаць пра гэта ўспаміны паэта, тэлежурналіста, грамадскага дзеяча Міколы Пракаповіча:
– У групе Берасцейскага педінстытута, куды давялося патрапіць Алесю Раза-наву, размаўлялі па-беларуску або на мясцовых гаворках, у інтэрнаце час ад часу нала-джваліся калектыўныя чытанні і абмеркаванні, нярэдка па-маладому бескампрамісныя і паспешлівыя. Пра ліст студэнтаў філфака БДУ ў абарону беларускай мовы мы даведаліся толькі праз нейкі час пасля таго, як у групе з’явіўся новы студэнт з рамантычнымі кудзеркамі на галаве і рымскім профілем.
Школьнікам я даволі іранічна ставіўся да слухання бацькам па радыё “варожых галасоў”. Мае ж стасункі з палітыкай змяніліся, бадай, пасля “Пражскай вясны”. А нацыянальнае пытанне ў канфрантацыі з камуністычнай ідэалогіяй узнікла, хутчэй, не ад размоў з Алесем, колькі ад самой студэнцкай акцыі і рэакцыі на яе ўладаў. Сам жа Алесь успрымаўся не як ахвяра, а як лідар, здольны павесці за сабой. Ён не дараваў прыні-жэння, ні маральнага, ні фізіч-нага. А стаўленне савецкіх уладаў да нацыянальных культур і было такім прыніжэннем цэлых народаў”.
Вакол Алеся Разанава гуртаваліся аднадумцы. Дзякуючы маладому паэту, у Берасце траплялі фотакопіі забароненых кніг і дакументаў.
– Былі і сумесныя вандроўкі ў сталіцу, візіты ў рэдакцыі “ЛіМа”, “Маладосці”, знаёмствы з маладымі мастакамі (Яўгенам Куліком, Аляксеем Марачкіным), з сябрамі-аднакурснікамі ў студэнцкім інтэрнаце. Да Рыгора Барадуліна завіталі проста на кватэру. Гэта было як адкрыццё новай, беларускай планеты з яе захапляльным творчым жыццём, – згадвае Мікола Пракаповіч.
Прыхільна паставіліся ў Гомелі да Віктара Яраца – і таксама даведаліся пра гісторыю з лістом ужо ў той час, калі хлопец стаў студэнтам Го-мельскага педагагічнага інстытута. Віктар Ярац скончыў аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта, атрымаў ступень кандыдата філалагічных навук, доўгі час працаваў там выкладчыкам, а галоўнае – узначальваў літаб’яднанне “Крыніца”, дзе пачынаўся літаратурны шлях шматлікіх выдатных творцаў.
Дзякуючы гісторыі з лістом, многія тагачасныя сту-дэнты пачалі больш асэнсавана ставіцца да грамадска-палітычных падзей, актыўна падтрымалі нацыянальную ідэю і, зрэшты, шмат зрабілі на ніве беларушчыны.
– Учынак Алеся Разанава, Віктара Яраца і Лявона Барташа ў 1968 годзе ўскалыхнуў Менск, Беларусь, – згадвае паэтка, педагог Тамара Аўсяннікава. – Пра падзею даведаліся за межамі краіны, і цяпер яна на слыху. Трэба было крочыць у нагу з усімі, а тут знайшліся тыя, хто парушыў роўныя шэрагі. І сёння, магчыма, у некаторых студэнтаў спее думка ўскалыхнуць свядомасць не толькі сваіх аднагодкаў, для якіх родная мова стала няроднай, каб абудзіць іх этнічную памяць.
Ганна Скрыпка.
Ад рэдакцыі.
Размясціўшы гэты матэрыял, мы ўбачылі, што вельмі мала сказана пра трэцяга ініцыятара ліста Лявона Барташа, і вырашылі коратка дадаць.
Лявон (Леў Георгіевіч) Барташ нарадзіўся ў Мастоўскім раёне на хутары каля вёскі Княжаводцы, якую ў 1943 годзе спалілі немцы. У вёсцы было 1,5 тысячы чалавек.
Пасля ліста 1968 года Лявона Барташа не адлічылі з БДУ. Чаму? Ён і сам не ведае. Далі давучыцца і накіравалі па размеркаванні ў Асвею Віцебскай вобласці, дзе ён адбыў тры гады. Вярнуўся на родную Мастоўшчыну. Некаторы час працаваў у райвыканкаме, а пасля выступіў ініцыятарам стварэння музея “Чалавек і лес”, дырэктарам якога прабыў каля двух дзясяткаў гадоў.
Музей стаў цэнтрам беларускасці ў Мастах. Тут збіраліся нацыянальныя актывісты, фармаваліся беларускія асяродкі. Сам Лявон, калі прыйшла пара, уступіў у БНФ, быў разам з Алесем Белакозам на ўстаноўчым з’ездзе ТБМ, быў у Мастоўскай раённай арганізацыі ТБМ. Актыўна супра-цоўнічаў са Станіславам Суднікам падчас бытнасці таго ў Мастах і пазней.
У мясцовай незалежнай газетцы “Мастоўскі веснік” друкаваў “сарказмы” на тутэйшую вертыкаль.
Лявона Барташа з 1968 года добра памятае і добра пра яго адзываецца знакаміты беларускі гісторык Анатоль Сідарэвіч, які вучыўся на некалькі курсаў раней.
Жыве ў Мастах.
Інфармацыя атрымана ад Язэпа Палубяткі, сябра Лявона Барташа на працягу многіх дзесяцігоддзяў.