Днямі ў канферэнц-зале Лідскага замка, у рамках чарговага паседжэння літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, адбылася сустрэча з беларускім паэтам, празаікам, галоўным рэдактарам выдавецтва “Мастацкая літаратура” Віктарам Шніпам.
Віктар Анатольевіч Шніп – лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Мастацкая літаратура” (2008), з таго ж 2008 года з’яўляецца галоўным рэдактарам аднайменнага выдавецтва. Акрамя таго што выдае кнігі іншых пісьменнікаў, мае многа сваіх – больш за дваццаць кніг паэзіі, прозы, дзённікавых запісаў. Шмат вершаваных тэкстаў паэта пакладзена на музыку беларускімі рок-групамі.
Знаёмства Віктара Шніпа з будучым кіраўніком літаб’яднання “Суквецце” Алесем Хітруном адбылося яшчэ ў 2007 годзе ў Вязынцы, на малой радзіме Янкі Купалы, куды Алесь прыехаў у складзе дэлегацыі лідскіх паэтаў на ўрачыстасці з нагоды 125-годдзя з дня нараджэння Купалы. Другая сустрэча галоўнага рэдактара выдавецтва з Менска і кіраўніка літаб’яднання з Лідчыны мела месца ў 2014 годзе ў музеі Васіля Быкава ў Ждановічах. У верасні таго ж года Віктар Шніп па запрашэнні Алеся Хітруна наведаў Ліду. Тады ў Лідзе якраз было свята горада. Алесь правёў для госця экскурсію па Лідскім замку. Запісы аб тым прыездзе ў наш горад ёсць у дзённікавай прозе пісьменніка. Ліда тады стала адным з пунктаў яго маршруту Менск – Ліда – Мураванка – Жалудок, які быў працягам паездкі па Еўропе.
І вось, праз чатыры гады, Віктар Анатольевіч зноў прыехаў у наш горад, у канферэнц-зале Лідскага замка сустрэўся з сябрамі літаб’яднання “Суквецце”, а таксама з вучнямі СШ № 11 (магчыма, і аб гэтай сустрэчы пісьменнік згадае ў сваім дзённіку).
Трэба адзначыць, што перад тым як наведаць замак, Віктар Шніп пабываў у Крупаве, на малой радзіме Алеся Хітруна, выступіў перад вуч-нямі мясцовай школы. Заглянуў ён і ў домік Таўлая каля замка.
– Гэта вельмі добра, што пры вашым музеі існуе літаратурны аддзел, – адзначыў пазней Віктар Анатольевіч, – што тут збіраюцца звесткі аб паэтах Лідчыны. Дзякуючы гэтай рабоце паэты застануцца ў гісторыі вашага краю, аб іх будуць ведаць нашчадкі.
Выступаючы ў канферэнц-зале Лідскага замка, пісьменнік многа і цікава расказваў аб сваім жыццёвым і творчым шляху, аб сваім станаўленні як літаратара, аб асаблівасцях працы ў выдавецтве, адказваў на пытанні.
Нарадзіўся Віктар Шніп у вёсцы Пугачы Валожынскага раёна, усяго за дзесяць кіламетраў ад Купалавай Вязынкі. Яшчэ ў маладыя гады меў шчасце сустрэцца з некаторымі класікамі беларускай літаратуры. Напрыклад, насіў свае вершы ў сшытках Рыгору Барадуліну; маладому Віктару Шніпу паціснуў руку Уладзімір Караткевіч; у Доме літаратара, у час святкавання юбілею часопіса “Маладосць”, малады паэт сустрэўся з Васілём Быкавым… У час вучобы на Вышэйшых літаратурных курсах у Маскве Віктар Шніп пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Людмілай Рублеўскай, паэтэсай і празаікам.
Расказваючы аб сваёй творчасці, паэт адзначыў, што, акрамя іншага, яго пяру належыць вялікі цыкл балад (каля трохсот) аб знакамітых людзях Беларусі, пачынаючы з Ефрасінні Полацкай і заканчваючы сучаснікамі, і гэты цыкл працягваецца. На многія вершаваныя тэксты паэта напісаны песні. Гаворачы аб песнях, Віктар Анатольевіч згадаў аб сваёй сустрэчы з кампазітарам Ігарам Лучанком, які напісаў на словы паэта “Гімн работнікаў культуры”.
Звяртаючыся да лідскіх паэтаў, Віктар Шніп падкрэсліў, што чалавеку, які піша, важна шмат чытаць, пастаянна пашыраць сваю літаратурную дасведчанасць.
– Паэзія патрабуе да сябе сур’ёзных адносін, – казаў Віктар Анатольевіч. – Калі ты паэт – ты павінен даказваць, што ты паэт, штодзённа. Як кажуць, ні дня без радка. Паэты нясуць святло ўсім, хто чытае або слухае іх творы. Працягвайце несці святло паэзіі людзям і вы. Пішыце, чытайце, друкуйцеся – усё ў вас атрымаецца.
Напрыканцы сустрэчы кожны жадаючы мог набыць кнігу дзённікавай прозы Віктара Шніпа “Пугачоўскі цырульнік”.
Аляксандр МАЦУЛЕВІЧ.