Каля зусім невялічкай вёсачкі Чараўкі, што схавалася ў лесе каля в. Біскупцаў на Лідчыне, давялося бачыць апошнім часам цудоўныя рэчы. На мясцовых амаль закінутых ды зарослых хмызняком і дрэвамі могілках з’явіўся сапраўдны гаспадар, які за даволі кароткі адрэзак часу зрабіў неверагодны аб’ем прац для іх добраўпарадкавання.
Могілкі набылі прыстойны выгляд. Уся тэрыторыя пачышчана ад густа парослага хмызняка, прыбраны і выкарчаваны звыш 20-ці шматгадовых хвой. Усталявана новая прыгожая агароджа з бэтонных секцый у памеры звыш за 200 метраў і ўваходнай брамай. На брамцы два маленькіх крыжа апавяшчаюць пра шанаванне хрысціянскага веравызнання: праваслаўнага і каталіцкага. Да ўсяго стала вядома, што на гэтым работы яшчэ ня скончаны і ў планах працы маецца ўпарадкаваць дарожку прыгожай брукаванкаю.
Гэта годная, да таго ж вельмі затратная справа зроблена высілкамі і на сродкі вядомага, і знакамітага на Лідчыне чалавека – трэнера па боксу, Аляксандра Іванавіча Памахі, які нарадзіўся ў гэтай вёсцы. І ўсе працы выконваліся з непасрэдным фізічным удзелам самаго сп. Памахі.
Аляксандр Іванавіч за 40 год сваёй плённай трэнерскай працы падрыхтаваў шмат паспяховых спартоўцаў. Сярод поспехаў з каторых атрымаліся добрыя майстры спорту і нават удзельнік Алімпійскіх гульняў майстар спорту міжнароднай класы – сп. Міхась Бярнацкі.
Адметна, што аднавіўшы і ўпарадкаваўшы месца пахавання сваіх бацькоў сп. Аляксандр усталяваў на іх новыя прыгожыя помнікі. А іх надмагільныя надпісы выкананы на роднай беларускай мове, што нажаль яшчэ з’яўляецца даволі рэдкай з’явай у нашым жыцці.
Заўважна і тое, што гэты высакародны ўчынак, які здзейсніў беларускі спартыўны трэнер, якраз супаў да беларускага восеньскага свята ў гонар памерлых продкаў – Дзяды, якім з пакон вякоў беларусы ўшаноўвалі душы сваіх нябожчыкаў.
Ларыса Геніюш.
ДЗЯДЫ
Дождж падае вонку прыцішаным звонам,
дождж льецца, дождж плача на шыбах аконных,
балючы стон ветру даносіцца з даляў,
і зоркі на небе нам ноч не запаліць.
У сьвятынях сьціх гоман малітваў нядзельных,
на могілках сьвечкі даўно дагаралі.
А ў краі, гдзе думы маі безупынна,
чакаюць у хатах дзядоў на гасьціну.
Да нас не забудзьце, прыходзьце, дзяды;
хопіць малітваў у мяне і яды
зь сёлаў забытых, з лагчын і бароў,
і з наднямонскіх старых цьвінтароў
У дом мой плывеце на сьвятло агню,
вокны шырокія Вам адчыню;
гэдак прыходзьце як колісьць жылі,
весткі прыносьце із роднай зямлі.
Душу Вам вышлю насустрач сваю,
палкай малітваю Вас напаю,
сэрца маё каля Вашых магіл,
там, гдзе сумуе мой край дарагі.
У вечар таемны, у поўначы час
з Божае волі чакаю на Вас;
разам мы просьбаў гарачы наш жар
слаць будзем шчыра прад Божы аўтар.
Сумна і пуста ў вокнах маіх,
ніхто ня прыдзе сюды з жывых;
кругом пустыня, навокал цьма
над горнай прорвай стаю сама.
Будзем прасіць за тых, хто не забыў
ні роднай мовы, ні родных ніў.
Хто мёртвых уваскрошваў сьвятою рукой,
той нас не пакіне ў хвіліне цяжкой.
(верш Ларысы Геніюш з захаваннем правапісу арыгінала)