Насуперак намаганням, што цягнуцца стагоддзямі, зрабіць стандартызаваную французскую мову мовай усёй Францыі, аксітанская мова, неадрыўна спалучаная з мясцовай культурай, не паддалася гвалту.
Дзевяць год таму золкім зімовым вечарам я брыў па халодным вулічным бруку пад моцным ветрам у спіну, у сярэднявечны горад Сарлат-ла-Канеда ў дэпартаменце Дардонь на паўдзённым захаде Францыі. Гэты край славуты сваімі дагістарычнымі пячорамі, сярэднявечнымі замкамі і труфелямі. Але я быў тут зусім з іншае прычыны. Тут павінен быў адбыцца мой першы ўдзел у сходзе “Кафэ Ок”, штомесячным гутарковым гуртку ў кавярні “Ла Люн Пуаўр”, дзе тутэйшыя жыхары збіраюцца, каб папрактыкаваца ў аксітанскай мове, мове тутэйшага краю.
Хоць багата людзей нічога не чулі пра аксітанскую, вядомую таксама як лянг д’ок – мова ок – гэта адна з некалькіх раманскіх моў, што ўтварыліся з народнае лаціны і на шасці ейных буйных дыялектах усё яшчэ размаўляюць у паўдзённай Францыі, а таксама ў некаторых раёнах паўночна-заходняй Італіі і паўночнай Іспаніі. З думкамі пра тое, як стрэнуць мяне, чужынца, але замілаванага мовай і культурай, і спадзеючыся даведацца болей, я расчыніў дзверы і падрыхтаваўся даваць тлумачэнні. На мяне абрынулася, як цёплае паветра з вострым пахам падагрэтага віна з прыправамі, гэтак і ўсеагульнае вітанне.
– Benvenguda a Cafе Oc,- (Вітаем вас у “Кафэ Ок”) – выгукнулі 10 чалавек, усе веку 60 год і старэй, па-аксітанску. Я назваў сябе па-французску, і яны запэўнілі мяне ў сваёй прыязнасці. Як доказ таго, адна з жанчын села злева да мяне і ціхім шэптам перакладала мне размову па-французску. Іхняя цеплыня, ейная прыязнасць і гамонка ў той вечар павялічылі маё замілаванне гэтай старадаўняй зямлёй Перыгор, ранейшая назва Дардоні, якая таксама ўключае частку вобласці Лот-эт-Гарон на поўдзень ад Дардоні. Гэты край вабіў да сябе людзей цягам 400.000 год.
У той вечар у “Кафэ Ок” прысутныя, усе знітаваныя з зямлёй і традыцыямі, гаманілі багата пра што. Яны расказвалі пра гадаванне, вырошчванне і выраб усяго таго, чым кормяцца іхнія сем’і, як збіраць баравікі; пра сярэднявечны шлях пілігрымкі, што праходзіць праз іхнюю мясцовасць да Сант’яга дэ Кампастэла, пра збор і продаж труфеляў на Каляды і пра маляўнічых фальклорных герояў, самы вядомы з якіх “леберу”, перыгорскі кшталт істоты-ваўкалака.
Я даведаўся, што некалі аксітанская мова была лінгвай франка поўдню Францыі, і яна славутая як мова, на якой пяялі трубадуры. Але ў 1539 годзе кароль Франсуа І падпісаў эдыкт, ператвораны ў закон, Ардананс Вілер-Катрэ (Ordonnance de Villers-Cotterеts), які ператварыў франс’ен, паўночны французскі дыялект Парыжа і Іль-дэ-Франса, у афіцыйную мову ўсяе краіны.
Аднак па-за афіцыйнымі справамі і пісьмовымі дакументамі, гэткімі, як пасведчанні пра шлюбы, смерці і нараджэнні, будзённае жыццё цякло далёка ад афіцыйнага, і аксітанская мова заставалася моваю хаты, поля і сям’і. Грэм Роб у сваёй гістарычнай геаграфіі “Адкрыццё Францыі” адзначыў, што нягледзячы на трохсотгадовыя намаганні зрабіць стандартызаваную французскую мову мовай усёй Францыі, у 1863 годзе на поўдні краіны больш за палову насельніцтва заставалася не франкамоўнымі. У Дардоні ягоная колькасць была нават вышэйшая, бо болей за 90% насельніцтва была пераважна аксітанамоўная.
Але трохі болей за 100 год таму, на перагіне 20 стагоддзя, цэнтральны ўрад пачаў агрэсіўную кампанію па выкараненні любой мовы, якая не была стандартызаванай французскай. Аксітанскую мову забаранілі выкладаць у школах, і дзяцей каралі за карыстанне роднай мовай, і тое багата ў каго выклікала глыбокі сорам. Багата старых людзей у Дардоні ўсё яшчэ расказваюць, як іх прыніжалі ў школе за маўленне па-аксітанску.
Дардонскі край багаты рэкамі, што глыбока прарэзалі ў мяккім залацістым вапняку пячоры і крутыя стромы, гэта край урадлівых далін і ўзвышаных раўнін з пагоркамі.
Гэта земляробчы і жывёлагадоўчы край з традыцыйнымі невялікімі земляробчымі і жывёлагадоўчымі гаспадар-камі. Цяпер поруч з турызмам сродкі да існавання ў Перыгоры наўпрост звязаны са старажытнай зямлёй, дзе мінуўшчына непарыўна перацякае ў цяпершчыну.
Неўзабаве пасля майго першага ўдзелу ў сходзе ў “Кафе Ок” я далучыўся да Бруна Элюэра і Беатрыс Малярэ, тутэйшых праваднікоў і сузаснавальнікаў мясцовай турыстычнай кампаніі “Дардонь Фэлаў Трэвалэ” ў штотыднёвых вандроўках з наведаннем пячор, замкаў і лясных абшараў. Мне быў цікавы іхні досвед аксітанскай мовы. Здавалася, што, нягледзячы на ўзгадаванне франкамоўнымі, гэтая мова глыбока запала ў іхнія сэрцы.
– Аксітанская мова – частка маіх самых ранніх успамінаў, – сказаў мне Элюэр. – Андрэа, работніца маёй дваюроднай бабулі, звычайна звала мяне moun cacalou (мой арэшак), і гэта ператварылася ў маю першую мянушку.
Малярэ працягнула гутарку, патлумачыўшы, што мова ад прыроды знітавана з культурай Перыгора і як аксітанская пранікнёна перадае лад тутэйшага жыцця, падрабязнасці, што прападаюць, калі іх выкласці па-французску ці якія папросту не маюць французскіх слоў.
– Яна – аксітанская – ад прыроды злучана з зямлёю, з дваром, са звычаямі і паданнямі, – кажа Беатрыс. – Пэўныя паняткі, датычныя жывёл і раслін, вядомыя толькі на ранейшай мове. У Дардоні le cluzeau (выдзеўбаць скалу ці пячорнае сховішча), le cingle (пакручастая сцяжынка), le tеchou (парсюк) заўсёды вымаўляюцца па-аксітанску.
– Мне надта падабаецца паэтычнасць некаторых адмысловых слоў, незразумелых іншым, залежна ад мясцовасці, – працягвае яна. – Проста едучы з Дардоні да Лоту, усяго некалькі кіламетраў, я часам сустракаю розныя выразы, розныя варыянты назваў той самай птушкі, такога ж самага дрэва, мне падабаецца, што кожны імкнецца засвоіць рэальнасць па-свойму.
Цесная, знітаваная да драбніц сувязь паміж моваю і зямлёю яшчэ выразней выявілася падчас шпацыраў у адзіно-це па наваколлі, якія я ўпадабаў рабіць і што раблю амаль штогод ад таго часу, калі я ўпершыню прыехаў сюды дзевяць год таму.
Аднойчы я спаткаў мужчыну, які стаяў між сваіх вінаградных лазін і па-аксітанску шаптаў ім замову заахвочання расці і буяць. Ягоныя вочы былі заплюшчаныя, пальцы лашчылі лісце, а далоні былі павернуты да неба, – рытуал, як ён пазней патлумачыў мне, быў гэткі ж важны, як дождж, зямля і абрэзка галін.
Мне даспадобы, што кожны імкнецца засвоіць рэальнасць па-свойму.
Іншым разам я праходзіў паўз чалавека, які палоў свой агарод і паставіў побач невялікую пасудзіну з вадою, каб мясцовыя гілі, вядомыя прынамсі пад трыма назвамі ў аксітанскай мове, у залежнасці ад таго, у каго ты пытаеш, (barbarоs, papachrоs and rigal), здолелі зляцець уніз у госці.
Я таксама гутарыў з фермерам, які расказаў мне, што кожны год пасля арання поля, выварочваюцца новыя каменныя прылады, некаторыя неандэртальскія, іншыя ад краманьёнцаў. Я даведаўся, што сама назва краманьён аксітанская. Cro значыць па-аксітанску “дзірка”, “пустата”, (creux на французскай), а Маньён было прозвішча гаспадароў, у чыіх уладаннях у вёсцы Ле Эйзі работнікі ў 1868 годзе знайшлі пяць шкілетаў узростам 27.000 год.
Тое, што мова так перавіта з культурай, пэўна, тлумачыць, чаму яна ніколі не прападала цалкам. Нягледзячы на тое, што ЮНЕСКА вызначыла яе як “у надзвычай небяспечным стане”, мова выжыла ў традыцыйных асяродках: дома, у казках дзеткам нанач, у полі падчас сяўбы ці збору ўраджаю, на пашы і на перагонах жывёлы з летніх на зімовыя пашы, у лясах, падчас палявання, у музыцы і паэзіі. Яна вельмі выразна чуецца ў прыгаворках, што натуральным чынам злятаюць з языка, такіх як ‘se la barba donava de sen, totas las cabras serіan doctors’ “калі б барада дадавала розуму, то кожная каза была б доктарам” альбо ‘l’aiga va totjorn d’aval’ “вада заўжды цячэ ўніз” – “такое жыццё, так ужо заведзена”
Ад 1950-х гадоў аксітанская і іншыя мовы рэгіянальных мяншынь у Францыі – такія, як брэтонская, баская, фламандская і эльзаская – вярнуліся да шырэйшага публічнага ўжытку і набіраюць станоўчыя асацыяцыі, адкідаючы прэч адмоўныя адценні, навязаныя ім цэнтральным урадам 100 год таму. У 1993 годзе ўрад Францыі паведаміў на-стаўнікам па ўсёй краіне, каб рыхтаваліся выкладаць па дзвюхмоўнай праграме ў мясцовасцях, дзе існуюць рэгіянальныя мовы.
Больш не забароненая зараз аксітанская мова перажывае невялікае, але здаровае адраджэнне. Па ацэнках Акадэміі Бардо, якая ёсць часткай міністэрства адукацыі, прыкладна тры мільёны людзей гавораць на ёй у паўднёвым абшары Францыі. У некаторых школах – але не ва ўсіх – аксітанскую мову можна выбраць як факультатыўную; некаторыя школы ў Дардоні маюць дзвюхмоўную праграму навучання. Людзям усіх узростаў мясцовыя моўныя групы прапануюць лекцыі, канцэрты на аксітанскай мове і размоўныя гурткі, гэткія, як “Кафэ Ок”.
Французская мова яшчэ займае паноўнае месца па ўсім краі, але, калі вы прыслухаецеся да людзей на базары ці да размоў у кавярнях, вы пачуеце мілагучныя гукі аксітанскай заміж французскай, альбо спалучэнне абедзвюх моў.
Нядаўна, у канцы траўня, неяк адвячоркам я прыслухаўся да жаласнай мелодыі адзінокай жалейкі з аўтастаянкі ў Сарлаце, вядомай як “Гранд Рыгадзі”. У той вечар месца ператварылі ў танцавальную пляцоўку на час двухдзённага веснавога свята Ла Рынгета, на якім пануе сарлацкая і перыгорская аксітанская культура з традыцыйнымі гульнямі – такімі, як “Дзевяць калкоў”, перацягванне каната, кіданне колцаў, а таксама – дзвюхмоўныя заняткі і класы па рамёствах.
Таксама ладзіцца вялікі грамадскі пачастунак, часта гусь альбо свініна, смажаная цэлы дзень на адкрытым жары, і свята завяршаецца народным танцам “Бал трад”. Прываблены музыкай, я ўвайшоў на аўтастаянку: дрэвы былі ўвешаныя мудрагелістымі ліхтарыкамі, народ адпачываў па краях ці пазіраў на пары танцораў, што кружыліся пад гарачую музыку ў рытме вальса. Калі жалейка скончыла сваю жальбу, яе шумнай мелодыяй змянілі гітара і акардэон. Пары рассыпаліся і ўтварылі вялікае кола, да яго, трымаючыся за рукі і захапіўшы і мяне, далучыліся людзі рознага веку. Зрабіўшы некалькі мудрагелістых крокаў налева, а потым направа, мы рухаліся ў ап’яняльным карагодзе еднасці.
Да таго моманту я ніколі не адчуваў культуру Перыгора такой жывой. Шчыльна ўплецены ў кола, я адчуў сапраўдную глыбіню гэтай культуры і тое, чаму яна і ейная мова не згінулі.
Тэкст узяты з сайта БіБіСі.
Перастварыў з англійскай на беларускую Мікола Бусел.