Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Я чую песню старажытнага Крэва

Я чую песню старажытнага Крэва

25 жніўня 2018, 10:04 Культура 23
Я чую песню старажытнага Крэва

На бардаўскім фэсце  ў Вайцюшках узорамі высокай паэзіі падзяліўся малады спявак Максім Знак. Яго цыкл “Гарады”  напісаны са шляхетнымі, патрыятычнымі пачуццямі. Калі ён бачыць стракатыя дахі Вільні і вежу Гедыміна, заўважае ў завулку постаць Скарыны і адчувае  ягоны дух, у ім прачынаецца памяць дзядоў з любоўю да нашай крывіцкай Мекі.

Палымнее касцёл святой Ганны,

На далоні не змесціцца ён,

Захаваю ў душы той цагляны,

Скіраваны ў  неба агонь.

 

Паэт і выканаўца нарадзіўся ў Менску, але вельмі пранікнёна напісаў пра Ракаў, паўночныя Афіны, край талерантных прафесій.

Ракаў – яму ўсміхаюцца зоры,

Ракаў – праходзяць тут межы душы.

Мястэчка пад Менскам,

Дзе Іслач і горы,

Дзе можна застацца, застацца ды жыць.

 

Уражвае слухачоў яго песня пра старажытнае Крэва, пранізаная інтуітыўным адчуваннем гісторыі.

Я бачу тое, чаго ўжо даўно няма:

Прывіды сцягоў над прывідамі вежаў,

І сажалку, якой даўно няма,

Высокія муры замест каменных рэштаў.

Я чую, як спяваюць камяні…

 

У вершы “Ветразь” Максім уявіў, як белы ветразь вынырнуў з падземнай ракі Нямігі, што цячэ па трубах, і прамільгнуў каля Траецкага прадмесця паміж новых шэрых гмахаў.

У маладога паэта ёсць цыкл рамантычных песень “Мора”, які перагукваецца з аднайменнай баладай Рыгора Барадуліна. Уражлівая душа назірае за колерамі вады, за сонцам над морам і апявае прыгажосць:

Яно шапоча, яно грукоча,

І днём, і ноччу

Зашыфраваны шле сігнал.

І  будзе вечна спяваць аб нечым

Той спеў адвечны пакуль ніхто не разгадаў.

 

Пра сябе Максім Знак распавёў:

– Вершы я пішу са школьных гадоў, з 8 класа. З інстытуцкіх часоў я пачаў пісаць вершы і песні менавіта па-беларуску. Мне падабаецца песенная паэзія Уладзіміра Караткевіча і Рыгора Барадуліна, ёсць цікавасць да Анатоля Сыса, да англійскіх і расійскіх паэтаў.

Запісаў ужо тры альбомы песень. Яшчэ ёсць матэрыял на 7-8 альбомаў, ён чакае свайго часу. Некалькі разоў я ездзіў на Бардаўскую восень у Бельск і кантактаваў з іншымі  выка-наўцамі. Удзельнічаў у музычнай праграме “Пешаходка”, якая праводзіцца ў Менску ў Верхнім горадзе. Займаюся таксама спортам.

Мы з жонкай Надзеяй працуем у адвакацкім бюро ў юрыдычнай фірме. Нашаму сыну Алесю 10 гадоў.

У цыкле спеваў пра каханне ёсць думка, што калі ўсё добра, песні не складаюцца. Калі нічога не турбуе, то і творы не нараджаюцца. Паэзія – гэта заўсёды хваляванне, перажыванне. Бывае, што перажыванне светлае і радаснае. Калі нешта ўразіла не ў станоўчым плане  – пішаш песню.

Некалькі разоў я ўдзельнічаў у “Бардаўскай восені”. У журы адборачнага туру былі Міхал Анемпадыстаў, Зміцер Вайцюшкевіч, Сяргей Будкін, Алесь Камоцкі. У 2010 годзе мяне адабралі, але я не змог паехаць, бо быў у замежнай камандзіроўцы. У 2011 годзе праз інтэрнэтгаласаванне я патрапіў на фэст. У Бельску было вельмі цікавае шоў, паўсюль у горадзе віселі афішы, падзея была значнай. Кожнага выступоўцу ўважліва выслухоўвалі.

Гэта выдатны фестываль для бардаў, магчымасць знайсці сваю аўдыторыю, атрымаць падтрымку. Ёсць квота для беларускіх выканаўцаў  і квота для выступоўцаў з Падляшша, тых, хто ў Польшчы піша песні і спявае па-беларуску. Наступны раз я паехаў у Бельск  у 2016 годзе. Цікавасці і ўвагі да гэтага мерапрыемства было ўжо значна меней. Але ў любым разе, гэты фестываль – выдатны шанец для бардаў.

Эла Дзвінская,

фота аўтара.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Часопісу "Полымя" - 100 гадоў
літаратура

Часопісу "Полымя" - 100 гадоў

21 снежня 2022, 07:3123
Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы
Мова

Насустрач Міжнароднаму дню роднай мовы

14 лютага 2025, 07:2517
Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч
Выданні

Рэдактарам "Краязнаўчай газеты" прызначаны Максім Гальпяровіч

26 студзеня 2022, 08:5416
Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"
літаратура

Урок інфармацыйнай культуры "Беражы кнігі з дзяцінства"

31 ліпеня 2024, 05:5516
Далучайцеся да нас