У Беларусі з 4 па 30 кастрычніка перапіс насельніцтва. Адным з пытанняў анкеты пытанне пра нацыянальнасць.
Асацыяцыя выдаўцоў рэгіянальнай прэсы “Аб’яднаныя МасМедыі” заклікае тых, каму неабыякавы лёс нашай краіны, запісвацца беларусамі.
Нацыянальнасць – не пытанне крыві, нацыянальнасць – твая самаідэнтыфікацыя. Можна не мець продкаў-беларусаў, можна быць мусульманінам, можна быць цемнаскурым, і адчуваць сябе беларусам. Калі ты ім пачуваешся, ты маеш права запісаць сябе ім.
Пра гэта зняты відэаролік, які можна знайсці на многіх сайтах, у тым ліку і на сайце nslowa.by. Вось што кажуць героі роліка.
Вікторыя Анохава-Жураўлёва, шматдзетная маці:
– Я выхоўваю 13 дзяцей і для мяне вельмі важна, каб мае дзеці ведалі, дзе іх карані, якую яны маюць спадчыну. Я раблю многа, каб яны разумелі, што яны – беларусы. Асабліва важна гэта ва ўмовах, калі суседняя дзяржава вельмі актыўна спрабуе пераканаць нас, што мы не з’яўляемся асобным народам.
Марына Шукюрава (Руся), спява-чка:
– Я нарадзілася ў Беларусі, але ў мяне зусім няма беларускіх каранёў. Тым не менш я лічу сябе дзіцем менавіта гэтай культурнай калыскі, вывучаю беларускую мову, беларускія песні. Менавіта таму я, намагаючыся адчуць сябе існую, вывучаю беларускую мову і карыстаюся дзвюма мовамі ў жыцці.
Андрусь Такінданг, мастак, музыкант:
– Калі вы усведамляеце сябе беларусамі, калі вы хочаце даць шанец беларускай мове, то давайце яго: запісвайцеся беларусамі, кажыце, што вы размаўляеце па-беларуску. І, натуральна, размаўляйце па-беларуску!
Ібрагім Цынкевіч, вернік:
– Я мусульманін. З часоў Вялікага Княства Літоўскага іслам жыў поруч з іншымі канфесіямі. І сёння я шчаслівы быць беларусам і свабодна вызнаваць сваю рэлігію. Запісвайся ў беларусы!
Яўген Філенка, праграміст.
– Я нарадзіўся ў Расіі. Але кім я ёсць, калі мае дачка і жонка – беларускі, калі неба і мова любімая – беларускія. Кім я ёсць, калі ўсё, што я люблю – гэта Беларусь?
Адам Глобус, пісьменнік, мастак.
– Я – беларус. Я – не паляк, хоць большасць маёй сям’і ходзіць у касцёлы, я – не ўкраінец, хоць люблю сказаць: “Язык да Кіева давядзе”, я – не рускі, хоць бацькі пахрысцілі мяне ў праваслаўнае царкве. Я – беларус. Так думаю, так лічу, і так кажу: я – беларус!
Дар’я Альперн-Каткоўкая, юры-стка, блогерка.
– Я нарадзілася ў Менску, жыла ў некалькіх краінах Еўропы: на Балканах. А цяпер я жыву ў Ізраілі. Я заўсёды памятаю хто я і адкуль. І таму, канешне, я запішуся беларускай.
Ларыса Сапач, настаўніца.
– Я працую ў школе з моладдзю. І імкнуся, каб яны былі беларусамі. Мы з імі спяваем, танчым, чытаем, выступаем па-беларуску. І я хачу бачыць сваіх вучняў беларусамі. Як і вас. Запісвайцеся беларусамі!