Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
У гасцях у Элізы Ажэшкі

У гасцях у Элізы Ажэшкі

16 ліпеня 2026, 12:32 літаратура 74
У гасцях у Элізы Ажэшкі

Ёсць у жыццi падзеі, пасля якiх светла i лёгка на душы. Такой стала сустрэча на радзіме Э. Ажэшкi ў Мiлькаўшчыне, прысвечаная яе 185-годдзю.

У першых радках хочацца паставіць iмя Таццяны Анатольеўны Савянковай, захавальнiцы мясцовага музея, асноўнага яго працаўніка, арганізатара мерапрыемстваў. У музеi абсалютна своеасаблівая атмасфера цеплынi, любові да кожнага куточка, экспаната. Вельмi змястоўная, арыгiнальная, разнастайная экспазiцыя, дзе ў кожным пакоi свая тэматыка, дзе паказаны i шляхецкі быт, i мясцовыя раслiны (пах такi, што кружыцца галава), i выдатныя людзi, у тым лiку i ўдзельнiкi вайны, i старыя школьныя класы з чарнiльнiцай, падручнікамi, партай, i шмат iншага. Асобная экспазiцыя прадстаўляе асобу Э. Ажэшкi.

Мерапрыемства пачалося з аповеду Таццяны Анатольеўны пра пiсьменнiцу з уключэннем тэатралiзаванага дэкламавання вершаў, урыўкаў твораў Ажэшкi. Пасля – цудоўны канцэрт сiламi гарадзенскiх выканаўцаў, дзе асабліва пранікнёна гучалi народныя песнi.

Шмат было людзей – ад дзетак, моладзі, да асобаў сур’ёзнага ўзросту з Гародні, Менска, Скiдзеля, Лiды, мясцовых.

Людзi прыехалі не толькi на машынах, a i аўтобусе, маршрутцы. У актавай зале не хапала месца, усё прыносiлi i прыносiлi крэслы i нават звыклыя драўляныя лавы.

Пасля канцэрту адбылася сяброўская размова-дыскусія, дзе даследчыкi, бiблiятэкары, навукоўцы, паэты дзялiлiся сваiмi поглядам на творчасць пiсьменiцы, былi прадстаўлены яе кнiгi, пераклады яе твораў на беларускую мову, кнiгi гарадзенскiх пiсьменнiкаў.

Для мяне гэтая падзея пачалася з раніцы, з наведвання месца, дзе была сядзіба Паўлоўскіх, дзе нарадзілася Ажэшка, дзе сёння яшчэ iснуе прыгожая алея векавых клёнаў, што вядзе да памятнай дошкі, студнi. А скончылася iмпрэза паездкай да магiл Бенедыкта Паўлоўскага, бацькi Элiзы, i яе сястрычкi Клемянцiны.

А на развітанне я атрымала ад нястомнай гаспадынi Таццяны Савянковай прыгожы пакуначак з духмяным травамi Мiлькаўшчыны.

Марына Загідуліна

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Крэва на скрыжалях часу
Гісторыя і краязнаўства

Крэва на скрыжалях часу

16 ліпеня 2026, 12:2615
Памёр пісьменнік Віктар Карамазаў
літаратура

Памёр пісьменнік Віктар Карамазаў

24 жніўня 2023, 07:5914
Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ  МЕТАЛІНГВІСТЫКА
Мова

Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

13 снежня 2025, 22:3614
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4913
Далучайцеся да нас