Home
літаратура

Новае выданне. “Байкі” Уладзіміра Васько

Новае выданне. “Байкі” Уладзіміра Васько

У Лідскай друкарні свет пабачыла прыгожая вершаваная кніжка “Байкі” старэйшага паэта Гарадзеншчыны Уладзіміра Васько. Прыемна, што Уладзімір Гаўрылавіч не адпраўляе сваё творчае пяро “на пенсію”, а плённа працуе на карысць роднай літаратуры.

Назва кнігі гаворыць сама за сябе: яна складаецца з баек. На вялікі жаль, сёння паэты вельмі рэдка звяртаюцца да жанру байкі. Ды і літаратурныя выданні іх не часта друкуюць. А вось Уладзімір Васько пісаць байкі не спыняецца, і яму яны вельмі ўдаюцца. Ён смела і шчыра працягвае справу беларускіх байкапісцаў, якія іх пачалі пісаць і друкаваць у Беларусі з апошняй чвэрці XIX стагоддзя. Першыя спробы ў гэтым жанры належаць Францішку Багушэвічу, Кандрату Лейку, Альгерду Абуховічу, Янку Купалу, Якубу Коласу, Максіму Багдановічу. Шэраг празаічных баек напісаў Ядвігін Ш.

Высокай дасканаласці беларуская байка дасягнула ў творчасці Кандрата Крапівы. Яго байкі мелі розныя сатырычныя асмяянні, якія вызначаюцца сапраўднай народнасцю, нацыянальным каларытам і сістэмай вобразаў, трапнасцю слова, вастрынёй дыялогаў  і гумару.

Плённа працавалі на ніве байкі паэты Уладзімір Корбан, Эдуард Валасевіч, Міхась Скрыпка і іншыя. Іх працу сёння смела працягвае і Уладзімір Васько з Ліды. Гэта пацвярджае яго новая кніга “Байкі”.

У анатацыі да кнігі сказана, што у “алегарычнай форме аўтар высмейвае чалавечыя заганы, прымушае задумацца над мэтай і стылем асабістага жыцця кожнага чытача”. Многія падзеі ў байках Уладзіміра Васько нават не ўмоўна-алегарычныя, а прадметна-канкрэтныя. Згрунтаваны яны звычайна на нашым жыцці, побыце, падзеях. У байцы “Камар-паклёпнік” аўтар распавядае пра камара, які наводзіць паклёп на пчалу. І калі пчаліны муж спытаў у яго, навошта ён наводзіць паклём на пчалу, камар адказаў, што гэта не ён, а, мабыць, чмель ці божая кароўка. Але хутка камар-паклёпнік атрымаў удар і “стаў паклёпнік месцам мокрым”. Усё так у байцы, як адбываецца ў нашым жыцці ў людзей. Таму аўтар шчыра падводзіць вынік:

Калі ў цябе завузкаваты лоб,

І сам ты закажэнены і вялы.

Дык не наводзь ад зайздрасці паклёп

На чэсных, працавітых і ўдалых.

 

Байкі аўтара густа заселены рознымі жывёламі, насякомымі, рыбамі. У іх выведзены вобразы вепрукоў, сланоў, сабак, бараноў, ласёў, буйвалаў, львоў, куніц, малпаў, янотаў, ліс, кратоў. Бяруць удзел у байках таксама розныя птушкі: сава, сарока, зязюля, верабей, бусел, арол, каршун, куры, грак і г.д. Знайшлося месца ў байках і марскім насельнікам: карасю, кіту, ляшчу, бабру, а таксама насякомым: камару, чмялю, матыльку, жуку, хрушчу, таракану. Ёсць у байках і людзі. Гэта рыбак, дачнік, пчаляр, чалавек, Ціт Нупрэй, Шашок, дзядзька Коль… Аўтар максімальна набліжае праблематыку сваіх баек да рэальнага жыцця, да канкрэтных падзей і фактаў. Самі дзеянні твораў аўтар пераносіць у беларускую рэчаіснасць, найчасцей у вёску ці ў горад, скуль сюжэты чэрпае адтуль, з самога жыцця. А ёсць у зборніку і тэмы даволі шырокія, у маштабах свету, дзе адбываюцца розныя палітычныя падзеі. Напрыклад, у байцы “Куніца і сава”, у якой куніца просіць саву не нападаць на мышанят, бо яна адарве сівую галаву, але сава не слухае куніцы, ловіць мышку дзюбай. Куніца пачала біцца з савой і запусціла ў яе свае зубы, а сава кіпцюром драпанула па яе вачах. Куніца і сава загінулі. А мышка засталася жыць і ўцякла. Апошняя страфа байкі гучыць так:

Загінулі між хвояў і бяроз

Куніца і сава без славы.

Так могуць скончыць свой жыццёвы лёс

Дзве ядзерныя звышдзяржавы. 

 

З гумарам чытаецца байка пра вераб’я-паэта, які хацеў “намазюкаць верш”, але ў яго нічога ў галаву не лезла. І раптам ён убачыў на лузе каня і падумаў, што можа гэта Пегас, які дапаможа з эпітэтамі і рыфмай. Ён сеў на спіну каня і папрасіў яго дапамагчы “намазюкаць твор”, каб “стаць паэтам важкім, выбітным, не звязвацца над рыфмай са спіртным”. Але гэта быў далёка не Пегас, а звычайны, просты конь, які:

Не ведаў аніякіх моў,

Ён вераб’я хвастом, як муху, змёў.

 

Уладзімір Васько не абмяжоўваецца толькі адназначнай характарыстыкай сваіх герояў. У многіх байках аўтар даволі грунтоўна распрацоўвае характары, паказвае іх паводзіны, надае ім індывідуальныя рысы. Гэта добра адчуваецца, калі чытаеш байкі “Канфлікт на арэшыне”, “Падхалімка”, “Махлярка” і іншыя.

Характэрная асаблівасць персанажаў баек Уладзіміра Васько сфакусаваны на чалавека, прапушчаны праз прызму яго ўяўленняў і разуменняў. Больш таго, з’яўляюцца носьбітамі пэўных рыс і характараў, уласцівых менавіта чалавеку. Сярод  дзеючы асоб васькоўскіх баек даволі многа і саміх людзей. Прытым ёсць вобразы збіральныя, вобразы-тыпы і г.д. Яны маюць і свае пэўныя імёны, і дзейнічаюць у канкрэтных абставінах, але ўсё ж выступаюць як абагульненыя тыпы, як носьбіты адпаведных сацыяльных характарыстык. Напрыклад, байка “Бурнос і тэлевізар” пра Бурноса, які купіў тэлевізар і цэлы дзень яго глядзіць, што нават і абрыдла гэта самому тэлевізару. Або байка “Сцяпан і баян” пра Сцяпана, які не ўмее іграць і не мае слыху, але купіў сабе баян. Баян яго просіць “не ўводзь сябе ды і мяне ў зман”, а Сцяпан груба адказвае, а “можа ты няўмека, хлус-баян…”. І па такіх дыялогах чытачы могуць меркаваць і бачыць, хто станоўчы герой у байцы, а хто – адмоўны. Таму паэту часта і не патрэбна рабіць падрабязныя вывады, разгорнутую мараль.

У зборніку Уладзіміра Васько апублікавана 73 байкі. Многія з іх маюць загалоўкі, ў якіх па іх даюцца характарыстыкі герояў баек. Па загалоўках чытачы адразу даведаюцца пра каршуна-махінатара, бабра-браканьера, камара-паклёпніка, лася-лавеласа, лісу-знахарку, ваўка-прадпрынімальніка, ката-зомбі, вераб’я-палітыкана і іншых герояў зборніка. Байкі аўтара адкрываюць цэлую галерэю самабытных мастацкіх тыпаў, намаляваных паэтам вельмі выразна і надзвычай ярка. Таму што байкі Уладзіміра Васько нарадзіліся з жыцця і ўвабралі ў сябе невычэрпныя багацці і нашай жывой мовы, і народнай мудрасці, і імгненні тых падзей, якія адбываюцца вакол нас сёння.

Сяргей ЧЫГРЫН.

 

Previous article Памяць пра Элізу Ажэшку
Next article Выпускнікі лідскіх школ атрымалі 46 стобальных вынікаў на цэнтралізаваным іспыце

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202531
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
Паэту Васілю Жуковічу – 85
літаратура

Паэту Васілю Жуковічу – 85

Верас 27th, 202415
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202015