Трэці дзень XV Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур праходзіў на Аўгустоўскім канале. Пасля двух насычаных дзён у Гародні фестываль перабраўся на прыроду – да жамчужыны Прынёманскага краю. Праводзіць трэці дзень заключных мерапрыемстваў фестывалю нацкультур менавіта на шлюзе Дамброўка стала ўжо добрай традыцыяй.

Стартаваў трэці дзень фестывалю з тэатралізаванага шэсця. Акцэнт сёлета зроблены на вясельных тра-дыцыях у розных кутках Гарадзенскай вобласці. “Маладыя” разам са “сватамі” прадставілі асаблівасці жаніцьбы са свайго раёна.





Так, напрыклад, у Ашмянскім раёне атрыбут, без якога раней не абыходзілася ніводнае вяселле, – хамут.
– Гэта, вядома, прыстасаванне для запрэжкі коней. Але ў той жа час ён сімвалізуе і вернасць жаніха. Нявеста як быццам запрагае свайго нарачонага хамутом, і далей па жыцці яны ідуць неразлучна разам, – сказаў Вадзім Васілеўскі. Ён, дарэчы, упершыню ўдзельнічае ў мерапрыемствах фестывалю нацыянальных культур. – Цікава паглядзець на іншых, паказаць асаблівасці свайго раёна. Шмат новага даведаешся, шмат новых знаёмстваў. Атмасфера цудоўная тут, – дадаў ён.
А вось пра каравай, які дагэтуль пякуць на вяселлі ў Шчучынскім раёне, расказала Ірына Саковіч, якая выступае ў ролі свацці.
– Прыбіраліся, рыхтаваліся, ручнікі прывезлі нашы, пяклі каравай выдатны, які і цяпер пякуць для маладых. Ён, дарэчы, гатуецца вельмі доўга, некалькі чалавек заня-ты ў працэсе. Надпіс сімвалічны на ім – “Любоў ды згода”, – адзначыла яна, дадаўшы, што на Аўгустоўскім канале пануе святочная атмасфера. – Я тут упершыню, вельмі добра, весела, урачыста, – сказала яна.
Прадаўжае вясельную тэму фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”. Ужо больш маштабна і грунтоўна работнікі сферы культуры прадстаўляюць абрады, пачастункі, касцюмы і не толькі характэрныя для іх мясцовасці. Так, напрыклад, на падворку Лідскага раёна расказваюць пра вясельны абрад “Цыганы”.

– Калі маладыя прыязджалі пасля вянчання і ішлі садзіцца за святочны стол, аказвалася, што на іх месцы ўжо ёсць маладыя, але не сапраўдныя, вядома. І для таго, каб наваспечаным мужу і жонцы заняць сваё месца за сталом, даводзілася “плаціць выкуп”, тут уступаў у справу сват, – расказала загадчыца аддзела метадычнай і культурна-масавай работы Лідскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Канцавенка. Дарэчы, як падзялілася Наталля Канцавенка, і на яе вяселлі быў праведзены гэты абрад, праўда, крыху ў змененым фармаце: фальшывыя жаніх і нявеста занялі месца маладых пасля першых танцаў. На сваім падворку лідзяне таксама прадставілі фотавыставу абрада “Цыганы” 1950-1970-х гадоў.
Пляцоўкай з самым смачным пахам стала пляцоўка гастрафэсту страў з дранай бульбы “Бульбашок”. І тут прадстаўнікі розных раёнаў паказвалі свае любімыя і традыцыйныя рэцэпты. Так, напрыклад, жыхары Шчучыншчыны пяклі дранікі па мясцовым рэцэпце.

– Наша зямля славіцца заварнымі дранікамі. Гэта элемент нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Па асаблівым рэцэпце іх гатуюць на тэрыторыі Васілішкаўскага і Лядскага сельсаветаў. Сёння гатуем як па гэтых унікальных рэцэптах, так і па звычайным. А на адкрытым агні гатаваць іх адно задавальненне, нават значна прасцей, чым дома. А самае галоўнае, яны атрымліваюцца вельмі смачнымі. Помню гэты смак з дзяцінства. Страва, прыгатаваная такім спосабам, адназначна вартая ўсіх намаганняў, – адзначыла метадыст аддзела арганізацыйна-метадычнай работы Шчучынскага цэнтра культуры Ірына Барысевіч.
Побач з патэльняй больш вялікіх памераў працуюць гаспадыні з Воранаўскага раёна. Адразу з агню аддаўшы румяныя і смачныя дранікі гасцям, яны прыняліся гатаваць вялізную яечню.

– У нас у аграгарадку Нача гатуюць нацкія дзеруны, іх асаблівасць заключаецца ў тым, што ў цеста з бульбы дадаюць грыбы. Гэта ўнікальны і старадаўні рэцэпт, вельмі цікавы, складаны. Адметнасць, вядома, у тым, што ў цеста дабаўляюць грыбы, а таксама бульбачку мы тром дзяром не на дробнай тарцы, а на большай. Вядома, ёсць і яшчэ сакрэты, якія робяць дзеруны нашы асаблівымі, – расказала загадчыца Пагародзенскага цэнтра культуры і народнай творчасці Іна Радзевіч.
Як адзначыла загадчыца Больцішскага цэнтра культуры і адпачынку Ганна Нядзелька, гатаваць на такой патэльні зусім нескладана: галоўнае, каб яна была гарачая. Дарэчы, менавіта на Воранаўшчыне ў жніўні праходзіць гастранамічны фестываль страў з цёртай бульбы, куды запрашаюць усіх аматараў бульбачкі, прыгатаванай па самых розных рэцэптах.
Ёсць на фестывалі месцы, дзе можна не толькі пакаштаваць прысмакі, але і актыўна адпачыць. Для дзяцей і дарослых арганізавалі шмат інтэрактываў і гульняў. Упер-шыню ў рамках трэцяга дня фестывалю тут арганізавалі спаборніцтвы па футболе ў саломе.
– Калектыўная ідэя была правесці такія спаборніцтвы. Балотны быў футбол, любы іншы быў. А такога яшчэ не было. Людзі аднесліся з цікаўнасцю да нашай задумы. Тым больш гэта магчымасць праявіць свае здольнасці абсалютна ўсім, хто любіць і захапляецца футболам, – сказаў загадчык сектара спорту Гарадзен-скага райвыканкама Віктар Салома.
Навінка сапраўды спадабалася аматарам гэтага віду спорту.
– Гэта, у першую чаргу, вельмі весела, незвычайна, у цэлым чароўна. Такая забава, якой ніколі асабіста я не бачыў. Выдатная магчымасць правесці час у такое добрае свята. Усё вельмі здорава, класна. Усе гуляюць дружна, па-таварыску, для весялосці, таму атмасфера супер, усё цудоўна, – адзначыў адзін з ігракоў Вадзім Дзенісенка.
Дарэчы, праявіць майстэрства была магчымасць і на колцы дроў. Самыя ўмелыя ў гэтай справе, вядома, работнікі лесу, яны паказалі свой спрыт і прафесіяналізм у профільных дысцыплінах. Пасля аднаго з этапаў вальшчык лесу Сапоцкінскага лясніцтва Гарадзенскага лясгаса Павел Войцік з 22-гадовым стажам расказаў, што ўсе ўменні прыходзяць з вопытам.
– Усё з гадамі, такія ўменні набываюцца не за адзін дзень. У гэтую сферу прыйшоў, можна сказаць, выпадкова, але не пашкадаваў аб рашэнні і вось ужо столькі гадоў працую, аказалася даспадобы, – адзначыў Павел Войцік, які ўдзельнічае ў профільных конкурсах, ёсць у яго поспехі як у абласных спаборніцтвах, так і рэспубліканскіх. – Вельмі запомніўся важны для мяне вынік – мантаж ланцуга, які я выканаў за восем секунд на абласных спаборніцтвах у мінулым годзе. У профільных спаборніцтвах самае складанае – валка дрэва. Там вялікую ролю адыгрываюць умовы надвор’я.
Трэці дзень фестывалю нацыянальных культур на Аўгустоўскім канале атрымаўся сапраўды насычаным і яркім. Як адзначыў старшыня Гарадзенскага аблвыкан-кама Юрый Караеў, арганізатары кожны раз імкнуцца прыемна здзівіць і парадаваць гасцей свята.
– Нязменным застаецца майстэрства, талент і энтузіязм людзей, – сказаў ён, дадаўшы, што фестываль дружбы і адзінства ў гэтым годзе сабраў вялікае мноства гасцей з розных куткоў не толькі Беларусі, але і замежжа.
Фестываль на Аўгустоўскім канале праходзіў да позняга вечара. Менавіта тут паставілі прыгожую кропку свята гэтага года, якое 15-ы раз сабрала гасцей і адзначыла сваё 30-годдзе. Удзел у фестывалі прынялі прадстаўнікі 42 нацыянальнасцей.
Паводле БЕЛТА.
Фота Леаніда ШЧАГЛОВА.

