Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Станіслаў Баніфацый Юндзіл – праваднік новай батанікі на Беларусі (Даклад Станіслава Судніка на ХІІІ Лідскіх чытаннях*)

Станіслаў Баніфацый Юндзіл – праваднік новай батанікі на Беларусі (Даклад Станіслава Судніка на ХІІІ Лідскіх чытаннях*)

14 мая 2026, 17:58 Навука 5
Станіслаў Баніфацый Юндзіл – праваднік новай батанікі на Беларусі (Даклад Станіслава Судніка на ХІІІ Лідскіх чытаннях*)

Даты жыцця Станіслава Баніфацыя Юндзіла:

1761 – нарадзіўся ў Ясеньцах у Лідскім павеце, сын Бенедыкта Дунін-Юндзіла і Ружы з Даўгялаў;

1774 – пачатак вучобы ў школе піяраў у Лідзе;

1777 – пачатак паслушніцтва;

1779 – прыняцце пострыгу; пачатак настаўніцкай працы – Расены;

1781-1783-філасофскі факультэт у піярскай калегіі Вільні; курс хіміі ў Ю. Сарторыса;

1783 -тэалагічны факультэт;

1784 – Юндзіл атрымлівае пасвячэнне ў духоўны стан;

1785 – пачатак працы ў школе ў Шчучыне, стварэнне навучальнага батанічнага саду; пачатак фларыстычных даследванняў;

1787 – курс прыродазнаўства ў Г. Форстэра ў Віленскім універсітэце;

1790 – Ст. Б. Юндзіл пачынае лекцыі прыродазнаўства ў Піярскай калегіі ў Вільні (па-польску, а не на лацінскай мове);

1791 – выданне “Апісання дзікарослыхраслін у правінцыі ВКЛ паводле сістэмы Лінея”

1792 – Ст. Б. Юндзіл атрымлівае ад караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага медаль Merentibus;

1792-1797 – замежнае падарожжа;

1798 – доктарская дысертацыя па філасофіі; Юндзіл пачынае самастойныя лекцыі батанікі;

1799 – выданне “Ужытковай батанікі”. Ст. Б. Юндзіл пераймае Батанічны сад у Ф. Спіцнагеля;

1801 -Ст. Б.  Юндзіл становіцца членам Варшаўскага Таварыства Сяброў Навук;

1802 – Ст. Б. Юндзілу прысвойваюць званне прафесара батанікі і заалогіі ў Віленскім універсітэце;

1804-выданне “Асноў батанікі”‘,

1805 – Ст. Б.  Юндзіл становіцца членам Маскоўскага Таварыства Аматараў Прыроды; выходзіць першы нумар “Віленскага кур’ера”;

1807 – Ст. Б. Юндзіла выбіраюць прэфектам кандыдатаў на настаўніцкую пасаду; выдаецца “Кароткі нарыс заалогіі”;

1811 – выдаецца “Апісанне літоўскіх раслін”‘, Юндзіл становіцца членам Гаспадарчага Таварыства ў Варшаве;

1824 – выхад на пенсію; Ст.  Б.  Юндзіл перадае легат на навучанне двух вучняў з прозвішчам Юндзіл у піярскай школе;

1825 – перадача Батанічнага саду Юзафу Юндзілу;

1826 – падарожжа ў Карлсбад – наведванне Батанічнага і Памалагічнага саду ў Варшаве і Батанічнага саду ў Вроцлаве;

1827 – падарожжа ў Варшаву – знаёмства з Міхаілам Шубертам (дырэктарам варшаўскага Батанічнага саду);

1835 – падарожжа ў Карлсбад;

1847 – 12 кастрычнікаСт. Б.  Юндзіл памірае ў Вільні. Пахаваны на Бернардзінскіх могілках.

 

“Батаніка – гэта найпрыгажэйшая частка Натуральнай Гісторыі”, – так пісаў у праграме лекцый пра сваю галіну навукі, якой прысвяціў усё жыццё, Станіслаў Баніфацый Юндзіл, славуты сын Лідскай зямлі, прафесар Віленскага ўніверсітэта ў 1802-1824 гг. Менавіта ў роднай старонцы ён пачаў вывучаць батаніку. Пра гэтую навуку Юндзіл заўсёды – як у “Дзённіку “, так і ва ўступах да сваіх шматлікіх кніг – пісаў з захапленнем. Калі б Станіслаў Баніфацый ні быў на Лідчыне – ці вучнем, ці настаўнікам – ён заўсёды займаўся вывучэннем раслін і прысвечаных ім прац. Вынікам яго самастойнай адукацыі было “Апісанне дзікарослых расліну правінцыі ВКЛ, зробленае паводле сістэмы Лінея Ксяндзом Б. С. Юндзілам “ – першая навуковая, прагрэсіўная (як на тыя часы) праца па флоры аднаго з рэгіёнаў Рэчы Паспалітай. Яна выйшла ў Вільні ў 1791 г. і адкрыла аўтару дарогу на ўніверсітэцкую кафедру.

Апрацоўка гэтай кнігі мела вялікае значэнне для польскай навукі. Напрыканцы XVIII ст. у Польшчы фарміруецца новая батаніка, а 1781-1791 гг. – гэта сапраўдны яе пералом, хуткае развіццё і далучэнне да еўрапейскай навукі. Вельмі значным з’яўляецца 1785 г., калі выходзіць першы польскі падручнік батанікі – “Батаніка для нацыянальных школ”, які напісаў Кшыштаф Клюк. Гэты дапаможнік быў створаны на роднай мове; аўтар выкарыстаў прыклады родных раслін, увёў польскую тэрміналогію. Адначасова, у тым жа годзе, Юндзіл закладвае першы школьны дыдактычны сад. Далейшае развіццё польскай навукі было звязана з узнікненнем літаратуры на роднай мове, а адным з піянераў гэтага працэсу быў менавіта Ст.Б. Юндзіл. Значэнне яго працы для нацыянальнай культуры адзначыў кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які ўзнагародзіў вучонага медалём MERENTIBUS. Пра тое, наколькі тая кніга Юндзіла была патрэбная, сведчыць і спіс падпісчыкаў, якіх было больш за сто; сярод іх былі вядомыя вучоныя і звычайныя землеўладальнікі, урачы, дамы, якія цікавіліся батанікай. “Апісанне…” з’яўлялася – як на свае часы – сучасным выданнем, яно хутка разышлося па свеце. Нават сёння, нягледзячы на тое, што кніга сталася рэдкасцю, можна знайсці яе ў шматлікіх бібліятэках Польшчы, а таксама за мяжой.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл нарадзіўся ў Ясеньцах (Лідскі павет) у 1761 г. у Бенедыкта Дуніна-Юндзіла і Ружы з дому Даўгялаў. Гэта было асяроддзе дробнай шляхты. Дзяцеў у сям’і было шмат, і вельмі здольны хлопчык не меў шанцу атрымаць вышэйшую адукацыю, пра якую марыў. Толькі замілаванне да навукі і мудрая самаадукацыя дапамаглі яму набыць выдатную эруды-цыю і павагу ва ўніверсітэцкім асяроддзі. Аднак, пакуль гэта сталася, малады Юндзіл набываў веды спачатку дома, а потым (з 14-ці гадоў) у піярскіх школах Ліды, Шчучына і Любяшова.

 

З кнігі знакамітага прафесара біялогііі Станіслава Юндзіла: “Успаміны майго жыцця”:

“Я нарадзіўся 6 траўня 1761 года ў Лідскім павеце, у Ясенцах, у бедным дзедзічным маёнтку майго бацькі, Бенедыкта Дуніна- Юндзіла. Я быў старэйшым сынам Ружы Даўгятлоўны, другой жонкі майго бацькі. Ад першага шлюбу з Квяткевічоўнай ён меў сыноў Шымона, Міхала і дачку Марцыяну, якая выйшла замуж за Насевіча. Мой малодшы брат Юзаф, памёр у дзяцінстве. Праз чатыры ці пяць гадоў пасля майго нараджэння я страціў маці, і мой бацька ажаніўся з Мартай Сангіноўнай, якая, пад разважлівым бацькоўскім наглядам, не стала для мяне мачыхай.

Беднасць маёнтка майго бацькі  (Такім чынам, Юндзіл не паходзіў з багатай сям’і, як пісаў Юзаф Бялінскі ў кнізе: Uniwersytet wilenski. T. III. S. 205.) не дазволіла яму даць двум маім старэйшым братам належную адукацыю ў школах. Таму пазней, працай і намаганнямі, а таксама невялікім пасагам маёй маці, некалькі павялічыўшы сваё багацце, бацька больш клапаціўся пра маё выхаванне. На шостым ці сёмым годзе я пачаў вучыцца чытаць, пісаць і лічыць, а потым, праз настаўнікаў, якіх прывезлі ў маёнтак, пачаў вывучаць лацінскую граматыку па падручніку Альвара і чытаць у старых паперах старарускія (стабеларускія – Л. Л.) рукапісы. Калі ўжо крыху вывучыў лацінскую грама-тыку і меў ужо пэўны прагрэс у пісьме, бацьку здавалася, што адпраўка мяне з дому палегчыць маё далейшае выхаванне, а магчымасць практыкавацца ў эка-намічных разліках і юрыдычных пытаннях забяспечыць маю будучыню.

Таму ў красавіку 1773 года ён перадаў мяне Казіміру Даўгялу, паўнамоцнаму камісару літоўскага стражніка Пацея, у Алькеніках. Даўгяла, хоць і меў адно прозвішча з маёй маці, не быў маім сваяком. Але з-за фінансавых даўгоў перад маім бацькам ён абяцаў арганізаваць для мяне вывучэнне вышэйзгаданых прадметаў. Гэта навучанне было нядоўгім – літоўскі стражнік Пацей памёр у тым жа годзе, мой настаўнік пакінуў службу, і восенню я вярнуўся дадому. Бацька не дазваляў мне доўга адпачываць дома. Увесь час прасіў мяне заняцца чымсьці карысным і хутка прыдумаў для мяне новую працу. У той час было прынята, каб чопавы падатак у павеце збіралі адмысловыя асобы, якіх называлі контрагенты. Блізкі сусед, Ежы Хмялеўскі, атрымаў гэтую малавыгадную пасаду, і, паколькі ён сам не ўмеў пісаць, па просьбе бацькі ўзяў мяне памоч-нікам. Такім чынам, падарожнічаўшы амаль два месяцы з карчмы ў карчму, з мястэчка ў мястэчка, я змог убачыць увесь Лідскі павет уздоўж і ўпоперак і прывезці дадому некалькі заробку.

У 1774 годзе мой добры бацька, лічачы мае першыя юнацкія гады амаль дарэмна змарнаванымі і бачачы маё пастаяннае жаданне вучыцца, нарэшце, пад-штурхнуты маімі паўторнымі просьбамі, ахвяраваў сваімі старанна сабранымі грошамі і вырашыў ва ўзросце чатырнаццаць гадоў запісаць мяне ў школу піяраў у Лідзе. З самага пачатку майго знаходжання ў школе я заўважыў, наколькі карыснымі грунтоўнымі былі пачаткі лацінскай граматыкі, якія я атрымаў ад сваіх хатніх настаўнікаў. Я не толькі апынуўся на роўні амаль з усімі сваімі аднакласнікамі ў першым класе, але нават лёгка пераўзышоў многіх, так што адразу пасля першага года мяне перавялі ў другі клас, а ў наступным годзе я таксама прасунуўся, і лёгка быў пераведзены ў трэці клас (у кожным класе вучыліся па два гады – Л. Л.). Такім чынам, пасля першых двух гадоў я перастаў быць цяжарам для майго бацькі, бо, дзякуючы маім поспехам у вучобе і належнаму выкананню ўсіх абавязкаў, школьныя ўлады не толькі вызвалілі мяне ад утрымання наглядчыка нада мной, але праз некалькі месяцаў, нягледзячы на маладосць, я сам стаў хатнім наглядчыкам за іншым вучнем.

1777 год стаў больш важным і вырашальным у маім жыцці. У гэтым годзе, разважаючы, які далейшы і больш пэўны жыццёвы шлях я павінен абраць, без чыіх-небудзь угавораў, падыходаў ці парадаў, памятаючы толькі пра выпадковыя прапановы майго бацькі шукаць сваю будучыню ў святарстве, яшчэ не маючы шаснаццаці гадоў, у красавіку я заявіў айцу Вольнеру, рэктару піяраў у Лідзе, што маю жаданне далучыцца да іх ордэна. Наколькі я памятаю, рэктар з разуменнем прыняў маю заяву, і хутка пасля гэтага, развітаўшыся з бацькам і сям’ёй, я адправіўся ў Шчучын, а адтуль не-ўзабаве, каб пачаць свой навіцыят, у Любяшаў. У тым жа годзе, у пачатку ліпеня, я апрануў манаскі строй піяраў.

Статут гэтай Кангрэгацыі прадугледжваў два гады навіцыяту, на працягу якіх я меў час падумаць, ці працягваць гэтую справу, ці адмовіцца ад яе. Я меў права вывучаць свае схільнасці …”

 

Ст. Б. Юндзіл рана звязаў свой лёс з піярскім ордэнам, што тлумачыў перспектывай атрымаць адукацыю. У “Дзённіку” Юндзіл пісаў, што гэтае рашэнне дало яму магчымасць рэалізаваць планы навуковай працы ў Вільні. Час паказаў, што гэта быў правільны выбар. Парадак на-кіравання маладых адэптаў на працу ў школах дазваляў лепш пазнаваць многія мясціны і іх асяроддзі, сярод якіх некаторыя былі вельмі творчыя. Такім чынам, Станіслаў Баніфацый у 1777 годзе распачаў паслушніцтва, а ў 1779 г. прыняў пострыг з часовым вызваленнем ад захавання манаскага ўкладу ў сувязі з маладым узростам. З гэтага моманту ў яго жыцці перапляталіся перыяды настаўніцкай працы і вучобы. У ордэне ён атрымаў сярэднюю адукацыю падчас вучобы ва ўзгаданых вышэй школах Ліды, Шчучына і Любяшова. У 1781 быў накіраваны на двухгадовыя філасофскія ордэнскія курсы, а потым – на тэалагічныя (багаслоўскія). Аднак у 1781 г. у краіне адбываецца пералом у галіне адукацыі. У Вільні адчыняецца Галоўная школа Вялікага Княства Літоўскага (універсітэт), дзе паўстае кафедра прыродазнаўства. Выкарыстоўваючы кожную магчымасць, Станіслаў Б. Юндзіл слухае там лекцыі вядомых прафесараў і паглыбляе сваю адука-цыю. Яго цікавяць батаніка, заалогія, хімія. З цягам часу ён набывае ў гэтых галінах трывалыя веды.

На Лідчыне Юндзіл знаходзіўся ў 1785-1789 гадах. Пасля настаўніцкай дзейнасці ў піярскай школе ў Расяніцах, куды яго накіравалі адразу пасля заканчэння вучобы ў Любяшове, а потым у Вільні, ён стаў настаўнікам у Шчучыне. Акрамя гэтага, кіраўніцтвам ордэна ён быў прызначаны гувернёрам у сям’ю Сцыпіёнаў – апекаваўся маладымі студэнтамі як у Шчучыне (падчас канікул), так і ў Віленскім універсітэце (у тыя часы такія патрабаванні мелі ўніверсітэцкія ўлады ў сувязі з маладым узростам навучэнцаў). Свае абавязкі ў доме Сцыпіёнаў Станіслаў Баніфацый цаніў высока, пра што прыгадвае ў “Дзённіку”. Ён пісаў, што культурнае асяроддзе магнацкага двара дазволіла яму набыць распазнанне ў этыкеце, пазбыцца правінцыяльнасці ў мове (пазбыцца беларусізмаў, якія напаўнялі польскую мову тутэйшай шляхты настолькі, што мову гэтую проста называлі “краёвай пальшчызнай”, фактычна надаючы ёй статус дыялекту – С.С.) і авалодаць пэўнай смеласцю ў зносінах з высокапастаўленымі асобамі. Безумоўна, усё гэта спатрэбілася мала-дому вучонаму, калі лёс сутыкнуў яго з вядомымі людзьмі свайго часу. Падчас побыту ў гэтым невялікім мястэчку, якое акаляла прыгожая прырода, Станіслаў Баніфацый выконваў настаўніцкія абавязкі і займаўся батанікай. Шчучын быў значным этапам на навуковай дарозе гэтага прыродазнаўцы, які тут, у глыбокай правінцыі, распачаў шлях да сваёй цудоўнай навуковай кар’еры, якая была ўвенчана універсітэцкай кафедрай і членствам у шматлікіх польскіх і замежных навуковых таварыствах. На гэтым прыкладзе можна ўбачыць, што шлях у вялікі свет можа весці нават з самага малога куточка, калі ёсць нешта годнае ўвагі для ахвяравання гэтаму свету. Скарбам, які Юндзіл перадаў сваім вучоным калегам, была прырода роднага краю, невядомая тагачасным батанікам, расліны, што раслі сярод палёў, лугоў і лясоў Лідчыны.

10 чэрвеня 1792 г. малады прыродазнаўца, выхаваны ў паўночнай краіне, прыехаў у Вену. Ён апынуўся ў навуковым цэнтры вялікай імперыі – Аўстрыі, у склад якой уваходзілі вельмі разнастайныя геаграфічныя краіны, а багатыя калекцыі, сабраныя ў гэтым горадзе, адлюстроўвалі не толькі разнастайнасць прыроды гэтага краю, але і дасягненні ў пазнанні свету еўрапейскімі вучонымі апошніх стагоддзяў. Гэта датычыла перадусім цудоўных паркаў, сярод якіх на першым месцы быў вядомы не толькі калекцыямі, але і батанічнымі традыцыямі парк у Шоэнбруне. У гэтым навуковым цэнтры былі таксама заалагічны і мінералагічны кабінеты. Венскія калекцыі, акрамя экзатычных экзэмпляраў, мелі шмат матэрыялаў з Аўстрыі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі і Галіцыі – з далін і гор. Усё гэта было адкрыта для Ст. Б. Юндзіла, які, не адкладваючы, знаёміўся з усім тым навуковым багаццем, якое Аўстрыя магла яму прапанаваць.

Мэтай, якую ён сабе паставіў, была ўсебаковая прыродазнаўчая адукацыя, якая б дапамагла яму ўзначаліць кафедру батанікі ў Віленскім універсітэце. Стыпендыю Камісіі Нацыянальнай Адукацыі Юндзіл атрымаў пасля доўгіх . намаганняў у Варшаве, мінаючы Вільню, адносіны з якой складваліся не найлепшым чынам. Побыт за мяжой, які павінен быў, як і іншыя навучальныя паездкі, доўжыцца 2-3 гады, зацягнуўся у сувязі з палітычнымі падзеямі. Яны працягнулі час побыту Юндзіла ў Аўстрыі і выклікалі фінансавыя праблемы. Аднак будучы віленскі прафесар, не пабаяўшыся гэтых цяжкасцяў, з энтузіязмам вывучаў усе раздзелы прыродазнаўства і стаў усебаковым эрудытам, атрымаўшы шмат практычных дасведчанняў, асабліва ў садоўніцтве, а таксама набыў важныя знаёмствы ў свеце навукі і сярод палякаў, якія былі ў той час у Вене. Гэтыя знаёмствы былі плённымі ўсё жыццё, а большасць пазнаных у той час суайчыннікаў дапамагала Юндзілу ў першы цяжкі перыяд працы ў Вільні.

У тыя цяжкія для сябе часы Станіслаў Баніфацый Юндзіл стаў знанай асобай у асяроддзі палякаў, якія ў той неспакойны час жылі ў Вене, а таксама пазнаёміўся з многімі вядомымі суайчыннікамі. Некаторыя, напрыклад, Гуга Калантай і Ігнацій Патоцкі, дапамагалі яму атрымаць адпаведныя дакументы, патрэбныя для падарожжаў, асабліва на прамысловыя аб’екты. Завязалася таксама бліжэйшае знаёмства з Ізабэлай Чартарыйскай, якой ён даваў урокі, бо гэтая апантаная садоўніца імкнулася паглыбіць свае веды ў батаніцы. Сяброўства і знаёмствы прадоўжыліся і пазней. Гэтыя людзі стараліся дапамагчы беларускаму батаніку ўладкаваць прафесійныя справы, прапануючы пасаду пробашча ў сваіх маёнтках. Прапаноўвалі яму працу і ў Вене. Аднак Юндзіл нястомна імкнуўся да вяртання ў Вільню, каб заняць доўгачаканую пасаду ва ўніверсітэце. Калі ён ужо ажыццявіў гэта, венскія знаёмыя дапамагалі яму ў найбольш цяжкія першыя гады арганізацыі працы ва ўніверсітэцкім батаніч-ным садзе, падтрымліваючы новага прафесара насеннем і саджанцамі з сваіх садоў.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл вярнуўся ў Вільню як усебакова адукаваны прыродазнаўца і апантаны фларыст. З цягам часу ён стаў вельмі добрым знаўцам сістэмы Лінея, якому застаўся верны ў сваіх працах і дзейнасці ў садзе, але перадусім – вельмі добрым знаўцам садоўніцтва, якому вучыўся на найлепшых прыкладах. Вучоба за мяжой папоўніла яго шматгадовую самаадукацыю і дазволіла атрымаць кваліфікацыі ва ўсіх галінах прыродазнаўства. Аднак далейшыя гады жыцця прысвяціў ён свайму замілаванню – навучанню батаніцы і батанічнаму саду Віленскага ўніверсітэта.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл распачаў свае лекцыі батанікі ў 1798 г. яшчэ ў Галоўнай Літоўскай Школе -так пасля падзелу і далучэння гэтых зямель да Расійскай імпе-рыі называлася Галоўная школа Вялікага Княства Літоўскага. Скончыў ён працу і перадаў кафедру свайму пераемніку ў 1823 г. У першым перыядзе вучоны працаваў як віцапрафесар, а кафедрай загадваў тагачасны папярэднік Ст. Б. Юндзіла – Фердынанд Спіцнагель. Самастойнасць Юндзіл атрымаў у 1802 годзе (асобны курс батанікі, у той жа час аддзялілі кафедру мінералогіі), а з 1803 года ён быў прафесарам у рэфармаваным Аляксандрам I Вілен-скім універсітэце. Яго праца як выкладчыка доўжылася, такім чынам, 25 гадоў. Вывучэнне прыродазнаўчых навук было абавязковым як для будучых настаўнікаў, так і медыкаў. Таму не дзіўна, што ўсе вядомыя прыродазнаўцы ўніверсітэта былі вучнямі Юндзіла. З захаваўшыхся спісаў студэнтаў можна даведацца, як шмат меў ён слухачоў і як шмат выпускнікоў універсітэта мела ў сваіх студэнцкіх дакументах пасведчанне аб здадзеным экзамене з характэрным подпісам – X. Jundzill.

У сваім навучанні прафесар абапіраўся на лекцыі – што зразумела – і на працу ў батанічным садзе, які быў для яго як крыніцай экземпляраў для паказу падчас лек-цый, так і асноўным месцам працы студэнта. Вучоны лічыў, што гэты сад павінен служыць выключна дыдактыцы, і таму на працягу ўсёй сваёй прафесарскай дзейнасці быў супраць праектаў навязвання ўніверсітэцкаму саду функцый гарадскога парку. Ён неаднаразова пісаў, што сад павінен служыць выключна “навучанню моладзі”. Аднак, калі меркаваць па маляўніча апісаных у “Дзённіку” і працы “Кабінет прыродазнаўства і батанічны сад Віленскага універсітэта” прыгодах з самавольнымі наведвальнікамі, якія выкарыстоўвалі сваё грамадскае ці адміністрацыйнае становішча, гэта было цяжкай справай. Тыя людзі ставіліся да ўніверсітэцкага саду, як да крыніцы нелегальна набытых кветак і іншых раслін або месца не заўсёды культурных уцех. Шмат непакою і клопатаў прыносіла такая публіка Юндзілу, бо знішчала з цяжкасцю выгадаваныя калекцыі, а часам і ўнікальныя экземпляры, атрыманыя вялікімі намаганнямі ад замежных карэспандэнтаў. Аднак ён здолеў утрымаць сваю дыдактычную ўстанову – сад у належным стане і выкарыстоўваць яго выключна ў запланаваных ім мэтах.

Свае намеры, якія датычылі зместу і метадаў навучання, вучоны апублікаваў у выдадзеным універсітэтам спісе лекцый “Prospektus lektionem” на 1802/1803 ака-дэмічны год. З яго можна даведацца, што расклад заняткаў быў наступны: зімой выкладаліся тэарэтычныя часткі батанікі – перш за ўсё агульныя звесткі пра жыццё раслін (так званая фізіялогія раслін), правілы ўтварэння класіфікацыйных сістэм, якія выкарыстоўваліся ў тыя часы, і адпаведная тэрміналогія. Вясновыя і летнія месяцы прысвячаліся працы ў садзе і навакольных лясах і лугах. Такім чынам, студэнты вывучалі расліны з усяго свету, наколькі дазвалялі гэта калекцыі віленскага саду, а на экскурсіях (якія называліся тады гербарызацыямі) – мясцовыя расліны і набывалі практычныя ўменні іх рас-пазнаваць і азначаць. Веданне асноў класіфікацыі Юндзіл лічыў вельмі важным для ўсіх прыродазнаўцаў. Неадна-разова ён прыводзіў прыклад вядомага сцвярджэння, што сістэма з’яўляецца пуцяводнай ніткай (ніткай Арыядны) батаніка ў яго падарожжы па бязмежным свеце раслін на зямным шары.

Яшчэ ў Вільні, а потым у Вене, ён вывучаў хімію, што дапамагло ў пазнанні навейшых навуковых дасягнен-няў у гэтай галіне і прадстаўленні на лекцыях апісання жыцця раслін наватарскім метадам з выкарыстаннем тэарэтычных набыткаў хіміі. Мог вучоны і сачыць за прагрэсам у гэтай галіне. На лекцыях фізіялогіі Юндзіл гаварыў пра харчаванне раслін, дыханне, іх рост і размна-жэнне, уплыў глебы і святла на іх жыццё. Ён увёў таксама элементы ведаў пра хваробы раслін (сучасная фітапата-логія). Дарэчы, гэтым ён адрозніваўся ад сваіх вядомых папярэднікаў – кіраўнікоў кафедры прыродазнаўства ў Вільні – Жылібера і Форстэра. Такім чынам, прадстаўленая новым прафесарам праграма мела на ўвазе знаёмства з дасягненнямі хіміі. Віленскі студэнт пасля дакладнага азнаямлення (зімой) з ведамі пра жыццёраслін і авалодання тэрміналогіяй, а таксама спосабам карыстання сістэмай Лінея распачынаў практычныя заняткі ў садзе і на экскурсіях. Такі стыль навучання Юндзіл працягваў увесь час, мадэрнізуючы выключна яго змест.

Падчас загадвання кафедрай Станіслаў Баніфацый Юндзіл дасягаў ва ўніверсітэце чарговых навуковых ступеняў. Асабліва важным было атрыманне ў 1798 г. ступені доктара філасофіі, таму што гэта было абавязковай умовай для прафесарскага звання і дазваляла самастойныя лекцыі. У 1800 г. ён напісаў доктарскую працу па тэалогіі, што дазволіла яму атрымліваць розныя пасады ва універсітэце, нават тыя, якія не былі звязаны з яго кваліфікацыямі. На працягу ўсяго перыяду сваёй прафесарскай дзейнасці ён прымаў актыўны ўдзел у арганізацыйнай працы універсітэта. Неаднаразова рабіў даклады па навуковых пытаннях, рэцэнзіраваў праекты папаўнення калекцыі, быў членам шматлікіх камісій, дакладваў пра актуальныя праблемы на паседжаннях. Быў таксама і адным з заснавальнікаў, і актыўным аўтарам важнага перыёдыку “Дзённік Віленскі”, у якім надрукаваў шмат каштоўных артыкулаў, што датычылі розных біялагічных праблем. Паміж іншым, на старонках гэтага выдання ён выказваўся пра неабходнасць ведання батанікі рознага тыпу спецыялістамі (напр., “Пра неабходнасць складанай наменклатуры ў прыродазнаўчых прадметах“, Дзённік Віленскі, 1805). Станіслаў Баніфацый Юндзіл часта выконваў спецыяльныя заданні рэктара. Найбольш важнымі з іх былі экспертызы, якія датычылі пошуку мінеральнай сыравіны. Гэта было ве-льмі патрэбным для тагачаснай гаспадаркі. Паўночна-ўсходнія землі, якія апынуліся пад расійскім панаваннем, былі адрэзаны ад радовішчаў неабходнай сыравіны, паклады якой засталіся пад аўстрыяцкім панаваннем. Асабліва гэта датычыла солі, якую шукалі перадусім у салёных радовішчах, а таксама пакладаў матэрыялаў, што давалі энергію. Таму вывучалася кожнае данясенне аб магчы-мых пакладах торфу і салёных радовішчах. Універсітэт павінен быў праверыць верагоднасць такіх інфармацый, а таксама вызначыць магчымасці атрымання прадукту і від выкарыстанай тэхналогіі. Найважнейшай зробленай Юндзілам экспертызай было даследванне солі ў Стаклішках. Падарожжа ў гэтую мясцовасць адбылося ў 1792 г. Першым даследваў гэтыя радовішчы прафесар Віленскага ўніверсітэту Сарторыс – хімік, і Юндзіл быў перакананы, што адмоўнае меркаванне прафесара адносна прыдатнасці іх да эксплуатацыі вядомымі спосабамі, напрыклад, згушчэннем праз napy, была слушнай. Аднак, Юндзіл паспрабаваў іншую тэхналогію, а менавіта – выка-рыстанне для згушчвання раствору замарожанай салёнай вады і атрымаў такім чынам прадукт лепшай якасці. Ст. Б. Юндзіл правёў вельмі ўважлівыя даследванні, паўторна зрабіў аналіз хімічнага складу доследнай вады, апісаў свае эксперыменты і падрыхтаваў рапарт, які апублікаваў пасля як шырокую дысертацыю (“Пра салёныя радовішчы і стакліскія солі”, Вільня, 1792).

У тыя часы, калі Станіслаў Баніфацый Юндзіл рас-пачынаў сваю прафесарскую дзейнасць, польская прыродазнаўчая, а значыць, і батанічная літаратура была вельмі беднай. Юндзіл слушна меркаваў, што гэта перашкаджае ў дыдактычнай працы і папулярызацыі батанікі ў грамадстве і таму лічыў сваім абавязкам узбагачэнне нацыянальнай літаратуры. Прафесар з’яўляўся аўтарам некалькіх значных выданняў, якія шмат гадоў служылі моладзі падручнікамі. У 1799 г. у Вільні выходзіць “Ужытковая батаніка, або звесткі пра ўласцівасці і месца раслін у гандлі, эканоміцы, мануфактуры і іх радзіме, размнажэнні, утрыманні паводле сістэмы Лінея”. Сама назва, як гэга здаралася ў выданнях васямнаццатага стагоддзя, ужо дастаткова паведамляла пра змест працы. Можна яшчэ дадаць, што аўтар – як ён сам піша ў “Дзённіку “ – сабраў у ёй ўсе свае назіранні падчас замежнага падарожжа. Такім чынам, Юндзіл яшчэ ў пачатку сваёй прафесарскай дзейнасці быў аўтарам дзвюх важных кніг: “Флоры літоўскай” (або “Апісанне дзікарослых раслін у правінцыі ВКЛ паводле сістэмы Лінея”) і прыгаданай вышэй “Ужытковай батанікі”. У пазнейшы час вучоны пачаў працу над наступным значным творам. Разважаючы над прыдатнасцю для дыдактычных мэтаў падручніка Кшыштафа Клюка, які, дарэчы, ён высока цаніў, прафесар канстатаваў, што на працягу тых 20 гадоў, якія прайшлі з часу выдання “Батанікі для нацыянальных школ” (Варшава, 1785 г.), у гэтай навуцы адбыліся такія значныя змены, што неабходна напісаць новы падручнік. Юндзіл сам заняўся гэтай справай, і ў 1804 г. у Варшаве выходзіць першы том новай кнігі, прызначанай для школ, пад назвай “Асновы батанікі, 1 ч. Фізіялогія раслін”, а 2 ч. – “Навука тэрміналогіі” (г. зн. шырокі слоўнік батанічных тэрмінаў) – была апублікавана ў 1805 г. Кніга была прыгожа ілюстравана, што рабіла больш лёгкім карыстанне слоўнікам тэрмінаў. Выданне гэтай працы папярэдзіла доўгая дыскусія ў асяроддзі віленскіх вучоных, не заўсёды прыхільная аўтару, але рэцензіі іншых польскіх батанікаў, асабліва вельмі прыхільная Францішка Шэйдта – кракаўскага, а потым крамянецкага прафесара- перахілілі шалі вагаў на карысць Юндзіла. Дарэчы, менавіта таму гэта кніга была надрукавана ў Варшаве, а не ў Вільні. “Асновы батанікі “ мелі яшчэ другое выданне ў 1818 г., і яно было ў значнай ступені дапоўнена згодна з новымі навуковымі дадзенымі. Гэта датычыла перад усім частак пра фізіялогію раслін. Кніга амаль адразу пасля першага выдання была прызнана досыць цяжкай для вучняў і залічана да ўніверсітэцкіх падручнікаў. Аднак з цягам часу ўзровень вывучэння батанікі ў школах узрастаў, і “Асновы батанікі” рэкамендавалі як падручнік для школ. Віленскі прафесар паклапаціўся таксама пра падрыхтоўку навуковага дапаможніка для студэнтаў і выдаў папраўленую і перапрацаваную на ключ да пазначання раслін сваю першую флору. Яна выйшла пад назвай “Апісанне літоўскіх раслін паводле сістэмы Лінея” ў 1811 г. у Вільні. Свае намеры аўтар прадставіў ва ўводзінах, дзе пісаў, што гэтае новае выданне літоўскай флоры мае на мэце зрабіць больш лёгкай навуку пра расліны ягоным вучням. Кніга шмат гадоў служыла польскім фларыстам у іх працы.

Ст. Б. Юндзіл шмат гадоў выкладаў і заалогію. Ён апрацаваў “Кароткі нарыс заалогіі” ў трох тамах (Вільня, 1807 г.), які таксама атрымаў шырокае прызнанне і доўгі час выкарыстоўваўся як падручнік, што рэкамендаваўся школам на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў XIX стагоддзя. Яго чацвёртае выданне выйшла ў 1829 г. Многія пры-родазнаўцы лічылі, што ў гэтым дапаможніку змяшчаецца найлепшае тлумачэнне сістэмы Лінея з усіх зробленых на парозе XIX стагоддзя.

Кнігі Юндзіла былі папулярныя таксама і ў сувязі з прыгожай мовай, якой былі напісаны. Віленскі прафесар быў не толькі піянерам у стварэнні марфалагічнай тэрміналогіі раслін, што даказвала яго “Навука тэрмінаў”. Назаўсёды засталіся ў польскай мове і шматлікія відавыя назвы, ім утвораныя.

 

19 ліпеня 1799 г. Ст. Б. Юндзіл прыняў батанічны сад. Быў падпісаны адпаведны дакумент – “Інвентар садовых прылад, аранжарэйных і грунтавых раслін у батанічным садзе Віленскай Акадэміі” – і новы кіраўнік распачаў шматгадовую працу ў галіне, якую так моцна любіў і ў якой быў спе-цыялістам. Стан саду быў мізэрны. “Інвентар” паказвае аснашчэнне і калекцыі, якія не маглі забяспечыць вывучэння батанікі на ўніверсітэцкім узроўні. Дастаткова сказаць, што Юндзілу перадалі каля 400 відаў раслін. Што сталася з калекцыямі, прывезенымі ў Вільню Жыліберам, якія той збіраў у Гародні, дзе працаваў шмат гадоў? Яны змяшчалі не толькі сабраныя ім расліны, але і атрыманыя ад вядомых батанікаў-падарожнікаў, якія хацелі дапамагчы французскаму прыродазнаўцу, што накіроўваўся ў далёкую паўночную краіну, арганізаваць новы цэнтр батанічных даследванняў. Жылібер прывёз гарадзенскія калекцыі ў Вільню ў 1781 г. і размясціў часова на дзядзінцы Медычнага кале-гіюма (Collegium Medicum). У 1799 г. сад знаходзіўся на тым самым месцы, а тэрыторыя, якую ён займаў, паменшылася ў сувязі з размяшчэннем на дзядзінцы гаспадарчых пабудоў. Такое становішча адпавядала кіраўніцтву навучальнай установы, хаця ўжо другі прафесар прыродазнаўства – Форстэр – дамогся таго, каб універсітэт купіў новыя вялікія плошчы на тагачасным прадмесці Вільні – Саракішках. Ст.Б. Юндзіл пачынае практычна ад пачатку.

Калекцыя раслін хутка расла, што адлюст-роўваюць лічбы. Як ужо прыгадвалася, на момант атрымання саду ў ім было каля 400 раслін, а ў 1802 г. – ужо 1072, у 1804 г. – 1526, у 1810 г. – 2400. Калі Юндзіл перадаваў сад свайму наступоўцы, колькасць відаў, якія вырошчваліся ў Батанічным садзе Віленскага універсітэта, дасягала ўжо 6500. Пада-браныя паводле сістэмы Лінея, яны былі размешчаны як мага больш рацыянальна на прыгожай тэрыторыі ля Вілейкі. Гэтая тэрыторыя была яшчэ павялічана ў 1801 г. пляцоўкай, што межавала з ёю. Калекцыя, якую Юндзіл імкнуўся стварыць у Вільні, павінна была адпавядаць еўрапейскім стандартам. Ён пісаў у артыкуле “Пра знакамітыя расліны батанічнага саду ” (“Дзённік Віленскі”, 1815) пра неабходны склад калекцыі, які патрэбны, каб Віленскі батанічны сад адпавядаў навучанню на ўніверсітэцкім узроўні.

Гады напалеонскай кампаніі, калі войскі стаялі ў Вільні і частка саду была занята пад пашу, не моцна паўплывалі на знішчэнні ў калекцыі, тым больш, што не быў спынены звычайны ход абмену. Юндзіл адзначаў, што, нягледзячы на выкліканыя вайной хваляванні, абмен працягваўся і калекцыя папаўнялася. Сярод гадаваных раслін некаторыя былі асабліва цікавыя. Прывядзём некалькі прыкладаў. Юндзіл прыдбаў прывезены Банксам (славутым падарожнікам і дырэктарам саду ў К’ю пад Лонданам) гатунак Strelizia reginae. Гэты прыгожы куст, вядомы сёння паўсюль, безумоўна, упрыгожваў сад. Цікавая і прыгожая расліна Cobea scandens, якая была прывезена А. фон Гумбальдтам, таксама знаходзілася ў віленскай калекцыі. Юндзіл набыў і новазеландскі лён (Phormium tenax), акліматызаваны ў паўднёвай Еўропе. З Вены атрымалі калекцыі Stapelli – насякомаедных раслін з паўднёвай Афрыкі з цікавай біялогіяй, а з Крамянца – калекцыі вяргіняў і ружаў. Цікавая і ўзбагачаная тэрыторыя Батанічнага саду дазваляла маляўніча размяс-ціць гэтыя каштоўныя калекцыі.

Надыходзіць 1825 год. Ст.Б. Юндзіл перадае Віленскі батанічны сад свайму наступоўцу па кафедры батанікі – Юзафу Юндзілу. У сувязі з гэтым прафесар выдае каталог “Index Plantarum Horti Botanici caesareae Universitatis Vilnensis”. Першы перыяд існавання саду ў Саракішках быў закрыты. Сад добра служыў навуцы ў Вільні, і многія пакаленні прыродазнаўцаў былі абавязаны яму добрай падрыхтоўкай да працы. Ён прынёс свайму стваральніку і трывалую памяць, і прызнанне батанікаў наступных пакаленняў.

Станіслаў Баніфацый Юндзіл памёр 12 кастрычніка 1847 г. у Вільні і быў пахаваны на Бернардзінскіх могілках. Яго сваяк – Юзаф Юндзіл – паставіў там помнік, на якім ёсць надпіс: “Прыродазнаўства ў краіне пашыральнік, Батанічнага саду ў Вільні стваральнік“. Гэты надмагільны помнік, адноўлены ў сувязі з гадавінай універсітэта, знаходзіцца ў добрым стане.

Такім чынам, сярод прозвішчаў славутых лідзян не можа не быць Станіслава Баніфацыя Юндзіла, сціплага піяра з Лідчыны, а адначасова – сумленнага даследчыка флоры родных старонак, аўтара кнігі “Апісанне дзікарослых раслін правінцыі Вялікага Княства Літоўскага паводле сістэмы Лінея”.

Трэба дадаць, што гэтая праца мела ў той час важнае навукова-пазнавальнае значэнне, уводзячы прыродазнаўцаў у свет “красовых” раслін, характэрных, паміж іншым, і для Лідчыны.

Другім важным звязаным з гэтым абшарам і значным для гэтайтэрыторыі дасягненнем Юндзіла было стварэнне ў 1785 годзе ў Шчучыне школьнага батанічнага саду, што стала пачаткам фларыстычнага даследвання вучонага піяра.

У 1993 г. адбылася першая навуковая выяздная сесія Камітэта Гісторыі Навукі і Тэхнікі Польскай Акадэміі Навук на Лідчыну і Наваградчыну і першая пасля II Сусветнай вайны прэзентацыя польскай навуковай кнігі на гэтых тэрыторыях. Яна была арганізавана менавіта ў Шчучыне, звязаным асабліва цесна з дзейнасцю Станіслава Баніфацыя Юндзіла. Тады – падчас прэзентацыі кнігі, у якой знаходзіўся і вялікі тэкст, прысвечаны Юндзілу, – нарадзіўся цікавы праект: пры дапамозе лакальнага грамадства адбудаваць гэты гістарычны сад і вырошчваць у ім гэткія ж расліны, якія вырошчваў вучоны піяр -настаўнік канца XVIII стагоддзя.

Гістарычныя батанічныя сады існуюць зараз у розных еўрапейскіх краінах. У Польшчы, напрыклад, у Цеханоўцы, які знаходзіцца на Падляшшы, у Музеі Земляробства імя Кшыштафа Клюка адбудаваны сад лекавых раслін на падставе “Расліннага слоўніка” таго ж Кшыштафа Клюка – вядомага батаніка, заолага і мінералога XVIII стагоддзя. Гэты сад, у якім вырошчваюццатыя расліны, пра якія гаварылася ў клюкаўскім “Слоўніку… “, і ў якім адначасова на табліцах, змешчаных на загонах, даецца інфармацыя, якія хваробы гэтыя расліны лечаць, існуе ўжо шмат гадоў і карыстаецца асаблівай увагай наведвальнікаў.

Сутнасць праекту рэканструкцыі школьнага саду Станіслава Баніфацыя Юндзіла (гэты план зарадзіўся ў 1993 г. у Шчучыне) не магла абудзіць ніякай боязі, і гэта быў бы, магчыма, першы такога тыпу гістарычны сад на тэрыторыі Беларусі. Навуковую апеку над рэалізацыяй гэтай цікавай ідэі ўзяла на сябе дацэнт Ванда Грамбецкая. Трэба дадаць, што В. Грамбецкая знайшла на працягу некалькіх месяцаў у нейкім батанічным садзе Англіі патрэбнае насенне і саджанцы, якія адпавядаюць тым, што выкарыстоўваў Юндзіл. Нельга не прыгадаць пра асабліва важны факт: тагачасны мэр Шчучына хацеў прызначыць адпаведную тэрыторыю ў горадзе на рэканструкцыю школьнага батанічнага саду з XVIII стагоддзя. Ён меў разуменнек, што гэта было б карысным для рэпутацыі Шчучына. Прадстаўнікі гарадской грамадскасці, таксама прынялі гэты праект з воплескамі, але ён не быў рэалізаваны.

 

Каментары:

  1. Клюк Кшыштаф (1739-1796) – надураліст, ксёндз, працы па батаніцы, заалогіі, мінералогіі і сельскай гаспадарцы. Напісаў першы польскі падручнік па батаніцы, зрабіў апісанне польскай флоры (“Dykcyonarz roslinny” (1786-88)).
  2. Панятоўскі Станіслаў Аўгуст (1732-1798) – апошні кароль Рэчы Паспалітай (1764-95). Асоба неадназначная. Некаторыя лічаць яго разумным палітыкам, які дбаў пра культуру і адукацыю, пайшоў на рэформы і падтрымаў Канстытуцыю 3 Мая. Для іншых ён застаўся чалавекам без характару, які баяўся Расіі і ў рашучую хвіліну здрадзіў свайму краю.
  3. Піяры (з лацінскага – айцы пабожных школ) мужчынскі ордэн, заснаваны ў 1597 ў Рыме. У Рэчы Паспалітай піяры з’явіліся ў 1642. У XVIII ст. зрабілі вельмі многа для рэформы асветы. На Лідчыне піяры дзейнічалі першапачаткова ў Балотным (Воранава), а потым – у Шчучыне і Лідзе. Пасля раздзелаў Польшчы дзейнасць ордэна на Лідчыне была забаронена. Сёння яны працягваюць сваю працу у Лідзе і Шчучыне.
  4. Сцыпіёны дэль Кампа, шляхецкі род на Лідчыне. Сваю радаслоўную вялі ад двараніна каралевы Боны. Найбольш вядомыя старасты лідскія Ян (?-1738), які заснаваў піярскі калегіюм у Воранаве (1735), і Ігнацы (1728-1791 ), які перавёў калегіюм у Ліду.
  5. Камісія Нацыянальнай Адукацыі, першая ўста-нова па кіраўніцтву асветай ў Еўропе. Заснавана соймам Рэчы Паспалітай ў 1773-75. Ажыцявіла раформу школ і універсітэтаў у духу ідэй Асветніцтва. Галоўнае значэнне надавалася прадметам фізіка-матэматычнага цыклу, з гуманітарных навук выкладалася польская і лацінская гра-матыка, геаграфія, гісторыя і інш.
  6. Ламарк Жан Батыст Антуан – французскі прыро-дазнаўца, стваральнік тэорыі развіцця жывога свету. Член французскай Акадэміі Навук. Напісаў навуковыя працы па эвалюцыі, распрацоўцы класіфікацыі раслін, палеан-талогіі. Увёў падзел жывёл на пазваночных і беспазваночных, тэрмін “біялогія”, апісаў шмат відаў арганізмаў.
  7. Ліней Карл, шведскі прыродазнаўца, стваральнік сістэмы класіфікаціі расліннага і жывёльнага свету. Заснавальнік і першы прэзідэнт шведскай Каралеўскай АН (1739). Увёў двайную наменклатуру, паводле якой кожны від раслін і жывёл абазначаецца дзвюма лацінскімі назвамі – радавой і відавой. Стварыў класіфікацыю раслін і жывёл, вылучыў клас млекакормячых (да якога аднёс і чалавека).
  8. Жылібер Жан Эмануэль натураліст, хірург і анатам, доктар медыцыны. У 1775-81 арганізаваў і кіраваў Гарадзенскай медыцынскай акадэміяй. Заснавальнік акушэрскай і ветэрынарнай школ у Гародні, клінічнага шпіталя (1775-81), батанічнага саду. У 1781-83 прафесар натуральнай гісторыі медыцынскага факультэта Галоўнай Школы ВКЛ, дзе заснаваў батанічны сад. Напісаў наву-ковыя працы па флоры Беларусі, Літвы і Польшчы.
  9. Шэйдт Францішак (1759-1807) – хімік, фізік і батанік, прафесар Ягелонскага ўніверсітэта, ліцэя ў Крамянцы. Адзін з першых паслядоўрікаў Лавуаззе, аўтар працы аб электрычнасці (O elektrycznosci uwazanej w cialach ziemskich i atmosferze, 1786)
  10. Лавуаззе Антуан (1743-1794) – французскі хімік, адзін з заснавальнікаў сучаснай хіміі. Член Парыжскай АН (1772), член “Кампаніі водкупаў”; у час Вялікай Французскай рэвалюцыі пакараны смерцю паводле прыгавору трыбунала. Навуковыя працы Лавуаззе садзейнічалі ператварэнню хіміі ў навуку, заснаваную на дакладных вымярэннях. Даказаў складаны састаў паветра, растлумачыў ролю кіслароду ў працэсах гарэння і акіслення. Стварыў кіслародную тэорыю гарэння. Напісаў “Пачатковы пад-ручнік хіміі” (1789).
  11. Вернэр Абрам Готліб (1749-1817) – нямецкі геолаг і мінеролаг, прафесар горнай акадэміі ў Фрайбергу, лічыцца аснавапаложнікам геалогіі як самастойнай на-вукі.
  12. Калантай Гуга (1750-1812) – палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст. Дзеяч Камісіі народнай адукацыі. Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. Адзін з кіраўнікоў паўстання 1794.
  13. Патоцкі Ігнацій (1750-1809)- палітычны дзеяч Рэчы Паспалітай, асветнік. Адзін з галоўных дзеячаў Камісіі народнай адукацыі, узначальваў Таварыства элементарных кніг, суаўтар Канстытуцыі 3 мая 1791, быў адным з арганізатараў паўстання 1794.
  14. Чартарыйская Ізабэла (1746-1835) – удзельніца і арганізатарка культурнага і літаратурнага жыцця, засна-вальніца рэзідэнцыі ў Пулавах (аднаго з галоўных культур-ных асяродкаў Польшчы пасля 1800 г.), апалагетка народ-най традыцыі. Займалася філантропскай і асветніцкай дзейнасцю сярод простага люду.
  15. Арыядна, у грэчаскай міфалогіі дачка крыцкага цара Мінаса, якая дала афінскаму герою Тасею клубок нітак, з дапамогай якіх той выбраўся з лабірынта Мінатаўра (нітка Арыядны).
  16. Форстар Ежы Адам (1754-1794) – прыродазнаўца і падарожнік, прафесар універсітэтаў Касэль і Вільні, падарожнічаў з Джэймсам Кукам вакол свету і Аляксан-драм Гумбальдтам па Еўропе.

17 “Дзённік Віленскі” штомесячны навукова-літаратурны часопіс, які выдаваўся ў Вільні ў 1805-1806 і 1815-1830 гадах на польскай мове. Знаёміў чытачоў з дасягненнямі навукі, навінамі ў літаратуры, прапагандаваў новыя тэхналогіі. Тут друкаваліся гісторыкі Т. Нарбутт, I. Лялевель, М. Бялінскі, літаратары А. Міцкевіч, Т. Зан, А. Адынец і многія іншыя нашыя славутыя землякі.

  1. Юндзіл Юзаф (1794-1877) – батанік, прафесар Віленскага ўніверсітэта, даследчык-фларыст, галоўная праца “Opisanie roslin na Litwie, na Wolyniu, Podolu i Ukrainie dzikorosnаcych jako i oswojonych” (1830).
  2. Палас Пётр (1741-1811) – прыродазнаўца, географ i падарожнік. Акадэмік Пецярбургскай АН (1767). Навуковыя працы па заалогіі, палеанталогіі, батаніцы, этнаграфіі. Адкрыў і апісаў шмат відаў млекакормячых, птушак, рыб, насякомых. Даследаваў выкапнёвыя. Аўтар прац “Падарожжа па розных правінцыях Расійскай дзяржавы”, “Флора Расіі”.
  3. Гумбальдт Аляксандр (1769-1859) – нямецкі географ, натураліст і падарожнік, ажыцявіў доследныя падарожжы па Паўночнай Амерыцы і Азіі. У працы “Космас” падсумаваў тагачасныя веды пра Сусвет і прыроду. Яго імем названы хрыбты ў Азіі і Амерыцы, rapa на востраве Н. Каледонія, кратар на Месяцы, мінерал, некалькі раслін.
  4. Франк Юзаф (1771-1842) – урач, з 1804 г. прафесар паталогіі, ў 1806-24 прафесар тэрапіі і кіраўнік клінікі Віленскага ўніверсітэта, адзін з заснавальнікаў Віленскага лекарскага таварыства (1805), з яго удзелам паўстаў Інстытут прывіўкі воспы ў Вільні (1808), заслужаны дыдактык.
  5. Баянус Людвік (1776-1827) – урач і біёлаг. Прафесар Віленскага ўніверсітэта. Даў пачатак развіццю сучаснай ветэрынарнай навукі ў Польшчы, заснавальнік у 1823 г. першай ветэрынарнай школы пры Віленскім універсітэце.
  6. Снядэцкі Ян (1756-1830) – брат Андрэя, матэматык, астраном і філосаф, прафесар Кракаўскай акадэміі і Віленскага ўніверсітэта, у 1807-15 рэктар. Арганізатар навуковага жыцця ў Польшчы, папулярызатар навукі, апрацаваў польскую матэматычную тэрміналогію. Працаваў у Камісіі народнай адукацыі. Адкрыў малую планету Паладу (1802).
  7. Снядэцкі Андрэй (1768-1838) – брат Яна, хімік, урач, біёлаг і філосаф, прафесар хіміі і медыцыны Галоў-най Школы літоўскай, Віленскага ўніверсітэта і Медыка-хірургічнай акадэміі ў Вільні. Стварыў польскую хімічную тэрміналогію, аўтар першага польскага падручніка па хіміі (Poczаtki chemii, 1800), увёў у навуковы аварот паняцце абмену рэчываў.
  8. Горскі Станіслаў (1802-1864) – батанік-фларыст, медык, педагог. Скончыў Віленскі ўніверсітэт (1825). У 1829-32 загадчык батанічнага саду Віленскага ўніверсітэта, у 1832-42 ад’юнкт, прафесар Віленскай медычна-хірургіч-най акадэміі. У 1842-47 жыў у Паставах, займаўся батані-кай і энтамалогіяй. Адзін з першыхдаследчыкаўфлоры Белавежскай пушчы. Імем Горскага названы некаторыя віды раслін і насякомых.
  9. Бесер Вілібальд (1784-1842) – польскі батанік-фларыст і ўрач, заслужаны для Крамянецкага ліцэя і яго батанічнага саду, пасля ліквідацыі ліцэя працаваў прафесарам батанікі Кіеўскага ўніверсітэта, даследваў раслінны свет Валыні, Падолля і Украіны. У 1809 г. выдаў першы сінтаз флоры Галіціі (Primitiae florae Galiciae).
  10. Запаловіч Гуга (1852-1817), батанік і падарожнік, з 1894 г. член Акадэміі Ведаў (суч. Акадэмія Навук), падчас кругасветнага навуковага падарожжа ў 1880-1890 гг. даследваў геалогію і флору Паўднёвай Амерыкі і Японіі, напісаў “Krytyczny przeglаd roslinnosci Galicji” т. 1-3 1906-1911.

* Даклад падрыхтаваны паводле кнігі Ванды Грамбецкай “Станіслаў Баніфацый Юндзіл (1761 – 1847)”. Варшава – Ліда. 2003, пераклад Кацярыны Канчэўскай і кнігі С. Б. Юндзіла “Успаміны майго жыцця”. Наша слова.pdf, № 15 (224), 15 красавіка 2026 г., пераклад Леаніда Лаўрэша.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Дзіцячы часопіс "Матуліна сонейка" вярнуўся да чытачоў
Выданні

Дзіцячы часопіс "Матуліна сонейка" вярнуўся да чытачоў

25 студзеня 2023, 08:1719
Прайшла Рада ТБМ
Грамадства

Прайшла Рада ТБМ

7 лістапада 2018, 17:0818
Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды
Мова

Тыдзень роднай мовы ў СШ № 11 г. Ліды

21 лютага 2026, 19:4918
Адбылася прэм’ера фільма пра Ларысу Геніюш
Грамадства

Адбылася прэм’ера фільма пра Ларысу Геніюш

8 лістапада 2018, 13:1916
Далучайцеся да нас