Home
літаратура

Пісаў пра Сінія Брады і Гарынь

Пісаў пра Сінія Брады і Гарынь

17 красавіка споўнілася 90 гадоў з дня нараджэння паэта і перакладчыка Міхася Рудкоўскага (1936-1991).

Нарадзіўся паэт у вёсцы Востраў Лунінецкага павета Палескага ваяводства (цяпер Ганцавіцкага раёна Берасцейскай вобласці) у сялянскай сям’і. У школу пайшоў пасля вызвалення краю ад нямецка-фашысцкай акупацыі ў 1944 годзе, вучыўся вельмі добра. У чацвёртым класе пачаў складаць вершы, якія надрукавала газета “Піянер Беларусі”.

Пасля заканчэння Востраўскай васьмігадовай школы Міхаіл Рудкоўскі вырашыў стаць настаўнікам і паступіў у Ганцавіцкае педагагічнае вучылішча. Неўзабаве, калі вучылішча ў Ганцавічах было ліквідавана, яго перавялі ў аналагічную ўстанову ў тады яшчэ абласным Пінску. Пасля заканчэння вучылішча некаторы час настаўнічаў у Кукаўскай сямігодцы і адначасова працягваў вучобу на філалагічным факультэце Берасцейскага педагагічнага інстытута.

Захапленне паэзіяй і літаратурай, наогул, жаданне пісаць самому прывяло Міхася Рудкоўскага ў 1958 годзе ў рэдакцыю ганцавіцкай раённай газеты “Сялянская праўда”, у якой і былі апублікаваны яго першыя вершы. На той час у рэдакцыі працаваў у будучым вядомы журналіст і пісьменнік Васіль Праскураў, які стаў для маладога паэта лепшым дарадцам і настаўнікам, а работа ў рэдакцыі была першай літаратурнай школай.

Атрымаўшы дыплом настаўніка беларускай мовы і літаратуры, Міхась Рудкоўскі ў 1962 годзе пераехаў у Берасце і працяглы час працаваў рэдактарам літаратурна-драматычных і музычных праграм абласной студыі тэлебачання. Працягваў пісаць свае вершы – самабытныя і непадобныя на творы іншых паэтаў. Сябраваў з многімі берасцейскімі літаратарамі: Анатолем Гараем, Нінай Загорскай (яны працавалі на Берасцейскай тэлестудыі), Леанідам Філатавым, Яраславам Пархутам, Сцяпанам Крывалём, Уладзімірам Гніламёдавым.

Першы паэтычны зборнік Міхася Рудкоўскага выйшаў у 1963 годзе пад назвай “Першыя вёрсты”, быў адразу заўважаны майстрамі слова і аматарамі паэзіі. Пасля выхаду другога зборніка “Сінія Брады” (1967) паэта прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Наступныя кнігі: “Позвы” (1971), “У краі тым” (1975), “Векавечная Бацькаўшчына” (1976), “Трыгор’е” (1981), “Засцярога” (1984), зборнік выбранай лірыкі “Залатазвон” (1986).

Міхась Рудкоўскі быў сапраўдным майстрам паэтычнага слова. Улюблёны ў сваю зямлю, яе людзей, большасць сваіх твораў Міхась Рудкоўскі прысвяціў Берасцейска-Пінскаму рэгіёну і яго людзям. Аднак лірыка паэта выходзіць далёка за межы рэгіёна, і яе можна смела аднесці да агульнанацыянальнай, а ўся каштоўнасць яе заключаецца ў тым, што яна пра нашу родную маці Беларусь. Быў вядомы не толькі як паэт, але і перакладчык з украінскай, рускай і поль-скай моў.

Апошні, пасмяротны ўжо зборнік “Гарынь” выйшаў у 1992 годзе. Аднак, сігнальны экзэмп-ляр кнігі ўжо цяжка хворы паэт трымаў у руках. Яго прыслалі з выдавецтва “Мастацкая літаратура”, калі паэт гартаць і чытаць ужо не мог. Ён трымаў свой апошні зборнік і, паднёсшы да твару, удыхаў пах свежай друкарскай фарбы.

 Міхась Рудкоўскі памёр 7 ліпеня 1991 года. Пахавалі паэта ў роднай вёсцы Востраў, якую ён апеў у сваіх творах:

 Ёсць Востраў у мяне.

 З нягод і скрух

 Я да яго лячу,

 як да святыні:

 Ён даў дыханне мне,

 і зрок, і імя….

На малой радзіме паэта створаны літаратурны музей, экспазіцыя якога расказвае аб жыцці і творчасці слыннага земляка. У Востраве і Ганцавічах яго імем названы вуліцы. У Берасці, на доме, дзе ён жыў (вул. Маскоўская, 332), устаноўлена мемарыяльная дошка.

Паводле СМІ.

Previous article XIII Лідскія чытанні "Адметнасці прыроды Лідскага краю"
Next article Станіслаў Суднік. БЕЛАРУСКАЯ МЕТАЛІНГВІСТЫКА

Станіслаў Суднік

Папулярнае на сайце
Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША
Спорт

Беларус Лявон Анацка на дыстанцыі 100 міль маратона Mighty Mosquito у ЗША

жнів 6th, 201919
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

крас 18th, 202516
ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ  ЮРЫ НАГОРНЫ
ТБМ

ПАЙШОЎ З ЖЫЦЦЯ ЮРЫ НАГОРНЫ

ліп 31st, 202015
Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця
Мова

Роднае слова: прастора прафесійнага развіцця

Каст 9th, 202515