16 красавіка ў Лідскай раённай бібліятэцы імя Янкі Купалы пройдуць ХІІІ Лідскія чытанні на тэму “Адметнасці прыроды Лідскага краю”.
Адзін з дакладаў будзе прысвечаны асобе Станіслава Баніфацыя Юндзіла, славутага ўраджэнца Лідскага павета, прафесара біялогіі Віленскага ўніверсітэта, правадніка ідэй “новай батанікі” ў Вялікім Княстве Літоўскім, аўтара кніг пра флору Беларусі, напісаных паводле сістэмы Лінея.
Выдатны лідскі пісьменнік і краязнавец Леанід Лаўрэш пераклаў пачатак кнігі прафесара “Успаміны майго жыцця”, дзе адлюстраваны маладыя гады будучага навукоўца, раскрываюцца асаблівасці тагчаснай сістэмы адукацыі і пачатак шляху ў навуку найвялікшага батаніка Беларусі 18-га стагоддзя.
З кнігі знакамітага прафесара біялогііі Станіслава Юндзіла: “Успаміны майго жыцця”

Я нарадзіўся 6 траўня 1761 года ў Лідскім павеце, у Ясенцах, у бедным дзедзічным маёнтку майго бацькі, Бенедыкта Дуніна- Юндзіла. Я быў старэйшым сынам Ружы Даўгятлоўны, другой жонкі майго бацькі. Ад першага шлюбу з Квяткевічоўнай ён меў сыноў Шымона, Міхала і дачку Марцыяну, якая выйшла замуж за Насевіча. Мой малодшы брат Юзаф, памёр у дзяцінстве. Праз чатыры ці пяць гадоў пасля майго нараджэння я страціў маці, і мой бацька ажаніўся з Мартай Сангіноўнай, якая, пад разважлівым бацькоўскім наглядам, не стала ля мяне мачыхай.
Беднасць маёнтка майго бацькі (Такім чынам, Юндзіл не паходзіў з багатай сям’і, як пісаў Юзаф Бялінскі ў кнізе: Uniwersytet wilenski. T. III. S. 205.) не дазволіла яму даць двум маім старэйшым братам належную адукацыю ў школах. Таму пазней, працай і намаганнямі, а таксама невялікім пасагам маёй маці, некалькі павялічыўшы сваё багацце, бацька больш клапаціўся пра маё выхаванне. На шостым ці сёмым годзе я пачаў вучыцца чытаць, пісаць і лічыць, а потым, праз настаўнікаў, якіх прывезлі ў маёнтак, пачаў вывучаць лацінскую граматыку па падручніку Альвара і чытаць у старых паперах старарускія (стабеларускія –Л. Л.) рукапісы1. Калі ўжо крыху вывучыў лацінскую граматыку і меў ужо пэўны прагрэс у пісьме, бацьку здавалася, што адпраўка мяне з дому палегчыць маё далейшае выхаванне, а магчымасць практыкавацца ў эканамічных разліках і юрыдычных пытаннях забяспечыць маю будучыню.
Таму ў красавіку 1773 года ён перадаў мяне Казіміру Даўгялу, паўнамоцнаму камісару літоўскага стражніка Пацея, у Алькеніках. Даўгяла, хоць і меў адно прозвішча з маёй маці, не быў маім сваяком. Але з-за фінансавых даўгоў перад маім бацькам ён абяцаў арганізаваць для мяне вывучэнне вышэйзгаданых прадметаў. Гэта навучанне было нядоўгім – літоўскі стражнік Пацей памёр у тым жа годзе, мой настаўнік пакінуў службу, і восенню я вярнуўся дадому. Бацька не дазваляў мне доўга адпачываць дома. Увесь час прасіў мяне заняцца чымсьці карысным і хутка прыдумаў для мяне новую працу. У той час было прынята, каб чопавы падатак2 у павеце збіралі адмысловыя асобы, якіх называлі контр-агенты. Блізкі сусед, Ежы Хмялеўскі, атрымаў гэтую малавыгадную пасаду, і, паколькі ён сам не ўмеў пісаць, па просьбе бацькі ўзяў мяне памочнікам. Такім чынам, па-дарожнічаўшы амаль два месяцы з карчмы ў карчму, з мястэчка ў мястэчка, я змог убачыць увесь Лідскі павет уздоўж і ўпоперак і прывезці дадому некалькі заробку.
У 1774 годзе мой добры бацька, лічачы мае першыя юнацкія гады амаль дарэмна змарнаванымі і бачачы маё пастаяннае жаданне вучыцца, нарэшце, падштурхнуты маімі паўторнымі просьбамі, ахвяраваў сваімі старанна сабранымі грошамі і вырашыў ва ўзросце чатырнаццаць гадоў запісаць мяне ў школу піяраў у Лідзе. З самага пачатку майго знаходжання ў школе я заўважыў, наколькі карыснымі грунтоўнымі былі пачаткі лацінскай граматыкі, якія я атрымаў ад сваіх хатніх настаўнікаў. Я не толькі апынуўся на роўні амаль з усімі сваімі аднакласнікамі ў першым класе, але нават лёгка пераўзышоў многіх, так што адразу пасля першага года мяне перавялі ў другі клас, а ў наступным годзе я таксама прасунуўся, і лёгка быў пераведзены ў трэці клас (у кожным класе вучыліся па два гады – Л. Л.). Такім чынам, пасля першых двух гадоў я перастаў быць цяжарам для майго бацькі, бо дзякуючы маім поспехам у вучобе і належнаму выкананню ўсіх абавязкаў, школьныя ўлады не толькі вызвалілі мяне ад утрымання наглядчыка нада мной, але праз некалькі месяцаў, нягледзячы на маладосць, я сам стаў хатнім наглядчыкам за іншым вучнем.
1777 год стаў больш важным і вырашальным у маім жыцці. У гэтым годзе, разважаючы, які далейшы і больш пэўны жыццёвы шлях я павінен абраць, без чыіх-небудзь угавораў, падыходаў ці парадаў, памятаючы толькі пра выпадковыя прапановы майго бацькі шукаць сваю будучыню ў святарстве, яшчэ не маючы шаснаццаці гадоў, у красавіку я заявіў айцу Вольнеру, рэктару піяраў у Лідзе, што маю жаданне далучыцца да іх ордэна. Нако-лькі я памятаю, рэктар з разуменнем прыняў маю заяву і хутка пасля гэтага, развітаўшыся з бацькам і сям’ёй, я адправіўся ў Шчучын, а адтуль неўзабаве, каб пачаць свой навіцыят, у Любяшаў. У тым жа годзе, у пачатку ліпеня, я апрануў манаскі строй піяраў.
Статут гэтай Кангрэгацыі прадугледжваў два гады навіцыяту, на працягу якіх я меў час падумаць, ці працягваць гэтую справу, ці адмовіцца ад яе. Я меў права вывучаць свае схільнасці …
Пераклад Леаніда Лаўрэша.
1 У Юндзіла: “… przez sprowadzonych do domu nauczycielow grammatyki lacinskiej Alwara i czytania na starych papierach ruskiego skoropisu”. З чаго бачна, што каля 1770-га года, маладога шляхціца вучылі старабеларускай мове нароўне з лацінай, якая тады была мовай навукі і адукацыі, і раней за полькую мову. – Л. Л.
2 Чопавы падатак – падатак з усякага роду напояў як замежных, так і мясцовых. У каралеўскіх гарадах (Ліда – каралеўскі горад) захоўваўся да канца XVIII ст. і перавышаў ўсе астатнія падаткі разам узятыя. – Л. Л.

