Крысціна Аляксееўна Лялько, нарадзілася 30 сакавіка 1956 г. на хутары Хадзюкі на Лідчыне. Пасля заканчэння Тарноўскай сярэдняй школы (1973), працавала бухгалтарам у Радзівонішкаўскім сельсавеце Лідскага раёна. З 1974 года вучылася на філалагічным факультэце Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (аддзяленне беларускай мовы і літаратуры). Пасля заканчэння БДУ (1979) засталася ў сталіцы. Працавала навуковым супрацоўнікам у Літаратурным музеі Янкі Купалы, з 1983 г. карэспандэнтам газеты “Літаратура і мастацтва”, з 1984 г. – рэдактар аддзела літаратуры часопіса “Беларусь”. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамолу Беларускай ССР.

Літаратурную дзейнасць Крысціна Лялько пачынала ў 1971 г. з вершаў, апублікаваных на старонках лідскай раённай газеты “Уперад”. Пазней падборка вершаў была змешчана ў зборніку “Дзень паэзіі”. Першае апавяданне “Груган” пабачыла свет ў газеце “Літаратура і мастацтва”, а потым яе апавяданні рэгулярна друкаваліся на старонках рэспубліканскіх газет і часопісаў (“Звязда”, “ЛіМ”, “Полымя”, “Маладосць”, “Нёман”, “Беларусь”). У 90-я гады лёс падараваў Крысціне дзве незабыўныя сустрэчы з Папам Янам Паўлам ІІ. Святы Айцец дабраславіў яе на выданне каталіцкіх часопісаў “Наша вера” і “Ave Maria”. Лялько сабрала каля квартальніка “Наша вера” лепшыя творчыя сілы – святароў, пісьменнікаў, вучоных, даследчыкаў роднай культуры, гісторыі, літаратуры. Заснавала пры часопісе “Бібліятэку” “Нашай веры” і стала яе галоўным рэдактарам. 18 снежня 2012 г. узнагароджана папскім медалём “Bene merenti” (“Заслужаным”) за вялікі ўклад у развіццё Касцёла ў Беларусі.

Крысціна перакладае з польскай мовы. У яе перакладзе выйшлі кнігі Папы Яна Паўла ІІ “Пераступіць парог надзеі”, “Дар і Таямніца”, энцыклікі “Fides et ratio”, “Ecclesia de Eucharistia”, Апостальскі ліст пра Ружанец “Rosarium Virginis Mariae”, кнігі іншых польскіх тэолагаў.

Аўтар кніг “Дарога пад гару”, “Канваліі”, “На далонях любві”, “Світанак над бярозамi”, “Адвячорак” і інш.



Паводле СМІ.

