Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ПЛАЧ НЕМАЎЛЯЦІ

ПЛАЧ НЕМАЎЛЯЦІ

5 красавіка 2026, 00:08 Грамадства 6
ПЛАЧ  НЕМАЎЛЯЦІ

АДНОЙ з самых вялікіх і цяжкіх рэчаў, якія трымаў у сваіх дзіцячых руках не пагадах моцны і кемлівы Валік, быў багор. Доўгі шост з металічным вастрыём і крукам на канцы можна было бачыць заўсёды не толькі каля ягонай хаты. Адсюль і Багрыцоўшчына – назва вёскі, у якой 9 красавіка 1941-га падаў свой голас адстаўны міліцэйскі палкоўнік Валянцін Ліпень.

 Старажылы казалі, болей пажараў, чым тут, нідзе ў Дзяржынскім раёне не здаралася ні перад, ні пасля вайны, якая пачалася для мясцовых 28 чэрвеня 1941-га, калі немцы акупавалі тэрыторыю. Валіку было ўсяго два месяцы і 20 дзён. Па словах маці, яна ніяк не магла яго супакоіць: ён плакаў і перад начным сном, і ноччу, калі прачынаўся ад цяжкіх, жахлівых, агідных, непрыемных кашмараў, не разумеючы, што пачалася вайна.

 Шмат гора прынеслі гітлераўскія вырадкі на яго родную зямлю. Яны забілі 17 606 жыхароў, спалілі Боркі, Глухое Пярхурава, Літавец, Любажанку, Перасвятоўш-чыну, Ходасы, Баравое, Волку, Паланевічы, Садкаўшчыну, Старую Рудзіцу і Скірмантава. На франтах загінула 1847 ураджэнцаў Дзяржыншчыны. Усяго ж з гітлераўцамі змагаліся звыш чатырох тысяч землякоў, дзякуючы якім равеснік вайны выжыў і зрабіў для людзей цягам свайго прыкладнага для многіх жыцця шмат чаго патрэбнага і карыснага. Ён назаўжды застаўся ўдзячны падпольшчыкам, якія ў хуткім часе стварылі на заводзе “Чырвоны штампоўшчык” антыфашысцкі камітэт “Смерць фашызму”, партызанам 18-й брыгады імя Фрунзе і 200-й імя Ракасоўскага, байцам вайсковых злучэнняў імя Панамарэнкі, імя Сталіна, імя Чкалава, імя Шчорса, Нікіціна, атрадаў “Мсцівец”, “Баявы імя Дунаева”, “Слаўны”, імя Калініна, спецгруп “Волаты”, “Знішчальнік” і “Родныя”, выдаўцам подпольнай газеты “Ленінская праўда”. Разам з дарослымі радаваўся вызваленню, якое прыйшло ў ліпені 1944-га ў ходзе Беластоцкай аперацыі. Свабоду прынеслі салдаты 290-й стралковай Магілёўскай Чырванасцяжнай ордэна Суворава і Кутузава дывізіі 49-й арміі 2-га Беларускага фронту пад камандаваннем генерал-маёра Ісаака Гаспарана. Гэтае падраздзяленне, дарэчы, удзельнічала ў бітве за Маскву, у Смаленскай, Магілёўскай і Берлінскай аперацыях.

 

БАЦЬКА Валянціна Кастусь Андрэевіч вярнуўся з праклятай кровапралітнай вайны івалідам з высокім ордэнам і шматлікімі медалямі. Рознага кшталту ўзнагароды знявечаны Ліпень-старэйшы рэгулярна атрымліваў і цягам шматгадовай напружанай працы ў мясцовым калгасе імя Леніна. Нейкі перыяд нават кіраваў у ім самай буйной паляводчай брыгадай. Калектыў прыводзілі ў прыклад не толькі ў гаспадарцы, але і ва ўсім сельсавеце. У той жа час рупна, старанна і дбайна рабіла сваю адказную бухгалтарскую справу маці Любоў Мікалаеўна. Яна ведала матэматыку, густ да якой прывіла і сынам, не горш за настаўнікаў Станькаўскай СШ, якую Валянцін разам з братам – блізнюком Васілём паспяхова скончылі і без усялякіх цяжкасцяў паступілі у Мінскі электратэхнікум сувязі. Валянцін дэманстраваў у ім не толькі выдатныя веды, але і праслаўляў “цяжкую ” ўстанову значнымі дасягненнямі ў лёгкай атлетыцы, якой актыўна і плённа займаўся са школьных гадоў. На чацвёртым, апошнім курсе ўсіх студэнтаў перавялі (існавала такая практыка) на завочнае навучанне і накіравалі на працу ў розныя куткі краіны. Пяцёх лепшых, у ліку якіх былі і блізнюкі Ліпені, “аддалі” сталічнаму тэлевізійнаму атэлье № 16 Дзяржрадыётрэста СССР – адзінае на Мінск і сталічную вобласць! Пасля яго перайменавалі ў атэлье № 1 Мінсувязі БССР. У чарзе на рамонт у ім аднаго з дваццаці на той час тыпаў тэлекаў трэба было стаяць… больш за месяц. За ўвесь час шчыравання ў майстэрні, да прызыву ў войска, на братоў ніхто з уладальнікаў апаратаў не паскардзіўся.

 

ПЕРШАПАЧАТКОВЫМ месцам іх службы стала Стаўрапольскае вучылішча сувязі. У ім рыхтавалі афіцэраў для работы на асноўных сродках прыёму і перадачы інфармацыі ў ракетных войсках. Але замест трох гадоў Ліпені прабылі ў ім усяго чатыры месяцы – рапарты на залічэнне ў склад курсантаў вырашылі не пісаць. У выніку апынуліся ў ліку трыццаці адмаўленцаў, якіх накіравалі ў вайсковы гарадок Уласіха, адкуль у 1941-м Георгій Жукаў кіраваў абаронай Масквы. Тады там кватаравалі Галоўны штаб і ўпраўленне Галоўнакамандуючага ракетнымі войскамі. Лепшых, чым браты, спецыялістаў у батальёне засакрэчваючай апаратуры сувязі не было. Валянцін здзіўляў кіраўніцтва ўсяго гарнізона не толькі майстэр-ствам, але і сваімі спартыўнымі паказчыкамі. Даволі хутка ён меў першыя разрады па бегу, лыжах і біятлону. Будучы ўжо начальнікам апаратнай, старшына Ліпень пацвяр-джаў іх у Сакольніках, Лужніках ды на Ленінскіх гарах, з якіх бачыў сябе і, вядома ж, брата ў аудыторыях Мінскага радыётэхнічнага інстытута.

 Мара здзейснілася! Гады вучобы праляцелі хутка, і з кастрычніка 1968-га выпускнік з чырвоным дыпломам працуе старшым інспектарам-інжынерам аддзела тэхнічных сродкаў Упраўлення пазаведамаснай аховы пры МАГП БССР. Васіль гэтаксама звязаў свой лёс з міліцыяй. Будучы палкоўнік пачынаў старшым інжынерам аддзела сувязі МАГП, а скончыў начальнікам аддзела тэхсродкаў навучання Акадэміі МУС. На вялікі жаль, у 69 гадоў яго не стала – не вытрымала параненае Чарнобылем сэрца…

– Працавалася дужа складана, – успамінаў Валянцін Канстанцінавіч. – Захаванасць дзяржмаёмасці забяспечвалі, у асноўным, вартаўнічыя стацыянарныя і абходныя пасты. Першай дыстанцыйнай сістэмай стаў пульт “Нева-60”. Потым пачалі з’яўляцца “Сирень -1М”, “Нева- 10”, “Нева-10М”… Патрабавалася дасканала ведаць іх не толькі самому, але і навучыць эфектыўна выкарыстоўваць на месцах, таму з камандзіровак не вылазіў. Сродкамі сігналізацыі нашыя аб’екты абсталёўвалі толькі мантажнікі “Запспецавтоматики”. І неабходныя аб’ёмы падрадных работ мы мусілі перадаваць цераз Дзяржплан рэспублікі. Праз мае рукі прайшлі і прымітыўныя “Спица”, і тонкі медны провад, і ўдарныя кантактныя, і п’езаэлектрычныя, і магнітаэлектрычныя, і ультрагукавыя, і фотаэлектрычныя, і радыёпрамянёныя датчыкі, і ёмістыя апавяшчальнікі.

Ужо да канца 1969-га з непасрэдным удзелам на рэдкасць таленавітага маладога спецыяліста сродкамі сігналізацыі абсталявалі 605 памяшканняў з асабістай маёмасцю, у тым ліку 415 кватэр, 84 гаражы, 45 пакояў у інтэрнатах, 38 нумароў гасцініц, дзе ўсталявалі пяць канцэнтратараў тыпу “Рубін” агульнай змяшчальнасцю 100 нумароў, і 23 іншыя памяшканні. Стварылі 23 спецыяльныя мантажныя групы з 65 спецыялістаў. Толькі за другое паўгоддзе яны забяспечылі сігналізацыяй 448 кватэр і 239 дробных аб’ектаў, на 36 з якіх яе капітальна адрамантавалі. Вырабілі, акрамя таго, 285 прыбораў салідарных сродкаў і  100 канцавых прылад для падключэння на пульты. Пры гэтым распрацавалі і  стварылі 50 прыбораў для ўзаемааховы адначасова чатырох кватэр, шэсць доследных прыставак тыпу БЗ-1 (блок забеспячэння) для ўзяцця пад апеку кватэр, у  якіх меліся спараныя тэлефоны. Цалкам задаволіць падобныя заяўкі, па словах ветэрана, на некаторы час не ўдалося – не хапіла спецыяльнага рэле. Юбіляр гэтаксама адзначае, што з 1969-га зноў пабудаваныя гандлёвыя аб’екты без сігналізацыі ў эксплуатацыю ўвогуле не прымаліся. Наогул, за другую частку трэцяй дзесяцігодкі службы тэхсродкі ахоўнай сігналізацыі прапісаліся на 13655 аб’ектах. Гэта 32 адсоткі ўсіх ахоўных. Усё большае месца займала цэнтралізаваная сістэма з выкарыстаннем АТС. За названы час у 21 горадзе з’явіўся 41 пункт цэнтралізаванага назірання. ПЦН абслугоўвалі 3500 аб’ектаў. Для больш таннага ўтрымання сістэм і павышэння аператыўнасці назіральныя аб’ядноўваліся ў пункты цэнтралізаванай аховы (ПЦА). Першыя з  іх уключыліся ў працу ў сталіцы, Гомелі, Віцебску і Гродна, дзе гарадскі аддзел пад кіраўніцтвам падпалкоўніка міліцыі Івана Татарынава па рашэнні Прэзідыума ЦК прафсаюза работнікаў дзяржустаноў і МУС прызналі лепшым у Саюзе!

 – Тэхнічныя сродкі, – дадае Валянцін Канстан-цінавіч, – пасяляліся тым часам  у  музеях, карцінных галерэях, выставачных памяшканнях, само сабой, на прамысловых прадпрыемствах. Мы даставілі на іх, у  прыватнасці, 80 канцэнтратараў малой ёмістасці з падключэннем 650 складоў, кас і спецчастак. Адзначу і такі важны факт: у 18 гарадах замест абыходных вартавых пастоў на 52 маршрутах вялося мотапатруляванне. У выніку ўсяго зробленага колькасць крадзяжоў зменшылася больш, чым на 30 адсоткаў. Укараненне наяўнай і новай апаратуры дазваляла скарачаць планава штогод колькасць занятых і зніжаць выдаткі.

ЦЁПЛЫМ вераснёскім днём 1975-га Валянцін Ліпень стаў намеснікам начальніка аддзела тэхсродкаў, а праз паўтара года гэтае адказнае падраздзяленне ўзна-чаліў. З вялікай удзячнасцю ўзгадваў ветэран незабыўныя ўрокі, якія далі яму тагачасны кіраўнік службы аховы палкоўнік Уладзімір Нялюбін і палкоўнік Міхаіл Жывалкоўскі, якога ён змяніў на сваёй новай пасадзе. Дзякуючы творчым намаганням Валянціна Канстанцінавіча, які станавіўся па крысе легендай айчыннай аховы, а потым і стаў ёй (!) на яе базе ўсё часцей і часцей праводзілася доследная эксплуатацыя новай тэхнікі. Беларускага майстра пачалі актыўна і настойліва прыцягваць да практычнай дапамогі калегам з розных рэгіёнаў Саюза. Яму шчыра дзякавалі Узбекістан, Казахстан, Цюмень…

 Пасля развалу вялікай дзяржавы маральна устарэлыя сістэмы цэнтралізаванай аховы знялі з вытворчасці. Усе спробы расіян і ўкраінцаў распрацаваць новыя скончыліся безвынікова. Нічога не заставалася, як брацца за справу самім. І тагачасны кіраўнік службы генерал-маёр міліцыі Юрый Тарабрын даручыў Валянціну Ліпеню распрацаваць асабістую эфектыўную аўтаматызаваную сістэму. Юрый Васільевіч быў упэўнены: і на гэты раз яго таленавіты падначалены зробіць тое, што нікому ў краінах былога Саюза і не снілася. І ён зрабіў!

 Найперш, “знайшлі” вытворчае аб’яднанне “Агат”. Яго галоўны інжынер Леанід Ганчарык тройчы збіраў спецыялістаў мясцовых лабараторый, каб “чалавек з аховы” падрабязна давёў ім, што ёсць сёння, і што трэба зрабіць. Урэшце, пасля працяглага цяжкага абмеркавання, начальнік 105-й лабараторыі Анатоль Матусевіч пагадзіўся ўзяцца за справу. Пры гэтым была пастаўлена незвычайная ўмова: заказчык павінен сам прапанаваць структурную схему і тэхнічныя па-трабаванні да кожнага вузла. Толькі ў гэтым выпадку давалася гарантыя распрацоўкі задуманага. Выйсця не было. Да абмеркавання Ліпень прыцягнуў не толькі спецыялістаў “Агата”, але і кіраўнікоў тэхслужб на месцах. Прапанаваны макет доследнага ўзору ўразіў яго і коштам камплектацыі, і памерамі, якія былі большымі за існуючыя сімтэмы, і ён настойліва патрабаваў знайсці аптымальны варыянт. Акрамя таго, разам з Юрыем Тарабрыным энергічны, памяркоўны і надзвычай адказны спецыяліст наведаў Варонеж, дзе спецыяльны інстытут займаўся пеленгаваннем аб’ектаў з самалёта…

ДОСЛЕДНЫ ўзор шырока вядомай сёння ўнікальнай “Алесі” быў усталяваны ў 1994-м у Фрунзенсім аддзеле аховы. Пры эксплуатацыі ішла неабходная дапрацоўка сістэмы. Тым часам Валянцін Канстанцінавіч дамовіўся з былымі супрацоўнікамі 105-й лабараторыі, якія шчыравалі ўжо на прадпрыемстве “Аларм”, на распрацоўку серыі прыбораў аб’ектавага ўзроўню, якія падыходзілі як для існуючых пультоў, так і для “Алесі”. Выкарыстоўваць іх шырока ён пачаў ужо на пасадзе намесніка начальніка аб’яднання “Ахова”, якое ўзначаліў будучы намеснік міністра ўнутраных спраў Аляксандр Шчурко. Пры ім у Ленінскім (г. Брэста) аддзеле ўсталявалі 15 кастрычніка 1995-га першую “Алесю”. Недзе праз год у тым жа Брэсце пад началам Ліпеня яе задзейнічалі для кантролю за аўтатранспартам нарадаў міліцыі. З вясны 2002-га на машынах можна было заўважыць геральдычны сімвал службы – залацістую саву, якая трымае ў сваім дзюбе ключ ад замкоў аб’ектаў і ад якой адыходзяць радыёхвалі. Зрабіць сімволіку ў такім выглядзе прапанаваў пры яе абмеркаванні, зноў-такі, Валянцін Ліпень Ён беражліва захоўвае патэнт № 3276 на вынаходства галоўнага на сёння здабытку службы аховы – аўтаматызаванай сістэмы “Алеся”.

 Па-рознаму складвалася жыццё вядомага вынаходніка. Былі і светлыя, і не вельмі дзянькі. І адносіны да яго былі не заўсёды такімі, якіх ён, па словах калег, заслугоўваў. Толькі, нягледзячы на нейкія недарэчнасці, ён даўно ўсё і ўсім дараваў, хай сабе хто пра гэта і не ведае. Галоўнае, што ён ведае гэта сам…

Уладзімір Барысенка.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча
Грамадства

20 незвычайных фактаў пра Ніла Гілевіча

1 кастрычніка 2018, 14:4916
ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ
ТБМ

ДОБРЫЯ КНІГІ - У ДОБРЫЯ РУКІ

1 чэрвеня 2021, 07:0716
Гарбуз- цудоўны суперфуд
Грамадства

Гарбуз- цудоўны суперфуд

31 кастрычніка 2018, 00:2416
У 1921г. 30 кастрычніка пачаў працаваць БДУ.
Грамадства

У 1921г. 30 кастрычніка пачаў працаваць БДУ.

30 кастрычніка 2018, 13:4815
Далучайцеся да нас