Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Новае выданне. Альманах гарадзенскіх літаратараў

Новае выданне. Альманах гарадзенскіх літаратараў

8 студзеня 2026, 18:25 Выданні 32
Новае выданне. Альманах гарадзенскіх літаратараў

Выйшаў з друку 14-ы гарадзенскі літаратурны альманах “Новы замак”. Ён даволі багаты на разнастайныя па жанры і змесце літаратурныя творы пісьменнікаў Гарадзеншчыны.

Альманах распачынаецца паэтычнымі творамі Святланы Адамовіч, Дануты Бічэль, Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Міколы Канановіча, Альжбеты Кеды, Віктара Сазонава, Станіслава Судніка, Янкі Трацяка.

Святлана Адамовіч у сваіх вершах-мініяцюрах разважае пра наша жыццё з праблемамі, радасцямі і, вядома ж, з каханнем:

Згубілася доля

Без кроплі кахання.

 

Данута Бічэль – самая вопытная і найстарэйшая паэтка нашага краю. Яе новыя вершы пра Вільню з Зоськай Верас, з Гедымінам, з Лукішкамі і з “Нашай нівай”. Паэтка шчыра піша пра Вострую Браму, пра Віленскую Кальварыю. Яна сцвярджае, што

Маці Божая нас прытуляе

Да нябёсаў у вострай Браме.

 

Паэт Рычард Бялячыц са Шчучына ў сваіх творах адлюстроўвае самыя розныя тэмы, разважае ён пра Айчыну і раяль, пра музыку і палац. У альманаху надрукавана яго паэма, якая так і называецца “Палац”.

Старэйшы лідскі паэт Уладзімір Васько ў паэтычных радках успамінае мінулае, напоўненае каханнем, хвілінамі радасці і самоты:

Збоч мяне не праходзіць нішто –

Ні вялікае. Ні благое.

Я – увесь з гістарычных пластоў,

Я між геніяў і ізгояў.

 

Вершы Міколы Канановіча найперш прысвечаны беларускай глыбінцы, вёсцы, зямлі, прыродзе:

І верыцца, як заўжды,

У шчасця пазалоту.

І жыць нам хочацца тады

Ў мароз, і ў дождж, і ў слоту.

 

Альжбета Кеда знаёміць чытачоў з амерыканскім цыклам вершаў, а ў вершах Віктара Сазонава – жыццёвыя развагі пра нашае пакаленне, пра зло і дабро:

Але ўрэшце выйдзе,

Як заўжды было,

Зло калісці прыйдзе

І панішчыць зло.

 

Станіслаў Суднік любіць Лідчыну бясконца, таму часцей за ўсё аўтар вяртаецца ў гісторыю Лідскай зямлі, асабліва любіць і ўшаноўвае вялікага князя Гедыміна. Гэта пацвярджае і яго паэтычны твор “Лідскі сон Гедыміна, альбо Паданне пра заснаванне Ліды”. Паэт вялікі аптыміст:

І няхай вакол скуголяць

Прыхадні ваўкамі,

Нас ім болей не адолець, –

Бог і Ліда з намі.

 

Разважае пра Бога ў сваёй вершаванай падборцы і Янка Трацяк, які спадзяецца, што

Чулай малітваю, сэрцам натхнёным

Вымаліш, можа быць, лепшую долю…

 

Празаічны раздзел пазнаёміць чытачоў з творамі Рычарда Бялячыца, Уладзіміра Васько, Альжбеты Кеды, Віктара Сазонава, Янкі Трацяка і Сяргея Чыгрына.

Галіна Самойла ў раздзеле “Літаратуразнаўства” распавядае пра формы вершаў у кнізе “Зоркі над Маўклівай адзінотай, або Сама сабе крытык”.

Разнастайная ў “Новым замку” літаратурная спадчына, дзе надрукаваныя творы Юры Карэйвы, Юры Гуменюка, Андрэя Пяткевіча, Едруся Мазько і іншых аўтараў. Таленавітыя хлопцы Гарадзеншчыны рана пакінулі гэты свет, але засталася іх моцная паэзія, якую даўно трэба выдаваць асобнымі зборнікамі, бо многія іх паэтычныя творы смела можна адносіць да хрэста-матыйных. Ну, напрыклад, вось гэтыя строфы з асобных вершаў:

***

Усе мы выйдзем, як адзін!

Вось толькі б выйсці,

Толькі б выжыць…

А там, нарэшце, —

Паглядзім!.. (Юры Карэйва).

 

***

Змрочна ў лесе вечарам.

Птушкі чагось заенчылі.

Дрэвы скрыпяць зубамі.

Сталі кусты ваўкамі.

Свяцяцца вочы нечыя:

Змрочна ў лесе вечарам. (Андрэй Пяткевіч).

 

Валянцін Дубатоўка і Леанід Лаўрэш прыгадалі пра краязнаўца Валерыя Петрыкевіча з Дзятлава і пра страчаныя цывілізацыі Гайцюнішкаў і суседніх Падварышкаў з Воранаўскага раёна.

Памяці паэта Мечыслава Курыловіча надрукавана падборка яго вершаў, а таксама шэраг матэрыялаў альманах друкуе з нагоды 115-годдзя Апанаса Цыхуна, пра якога цікава напісалі Пётр Цыхун, Іван Буднік, Сяргей Чыгрын.

З усмешкай чытачы прачытаюць новыя байкі Уладзіміра Васько з Ліды, а таксама пазнаёмяцца з кніжнымі навінамі літаратараў Гарадзеншчыны.

Міхась Акулка.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка
Грамадства

Са святам, дарагія беларусачкі, з 8 сакавіка

7 сакавіка 2023, 15:0018
Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка
Навука

Гісторыя Магілёўшчыны. Выдатны археолаг Васіль Тарасенка

1 снежня 2020, 20:0016
Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс.  ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ
Мова

Тэксты для ХV Агульнанацыянальнай дыктоўкі. Анатоль Іверс. ЁН АДКРЫЎ МНЕ БЕЛАРУСЬ

9 лютага 2022, 22:2215
Вырай «Вурая»
Грамадства

Вырай «Вурая»

9 лістапада 2018, 09:2215
Далучайцеся да нас