Народны каляндар – гэта сістэма сталых ці рухомых свят, прысвяткаў, абрадаў, гульняў, звычаяў, што замацаваны ў быце і фальклоры. Уяўляе пераважна спалучэнне язычніцкай і хрысціянскай культуры. Гэта – фальклорны каляндар: ён складзены на аснове хранонімаў, якія зафіксаваны ў вуснай народнай творчасці беларусаў і ўключае традыцыйныя арыенціры на сельскагаспадарчыя работы і адпачынкі ў гадавым, сезонным, месячным і іншых цыклах-рытмах.
Сістэматызаваны беларускі народны каляндар у складзе з велікодна-валачобнымі песнямі, якія ў строгай храналагічнай паслядоўнасці апісваюць традыцыйныя прысвяткі і святы ў тым ліку тыя, што закансерваваліся ў непараўнальных паэтычных узорах як Навагоддзі/Навалецці, з’яўляецца нашым шэдэўрам і фенаменальнай з’явай сусветнай нематэрыяльнай культуры.
У народным календары на 2023 год прадстаўлены асноўныя святы і прысвяткі з кароткімі тлумачэннямі, прыкметамі, урыўкамі з валачобных песень і г. д. Дні (хранонімы), якія адзначаюць беларусы-католікі, выдзелены курсівам. У праваслаўных яны замацаваны за старым, юліянскім, календаром, што мае 13 лішніх дзён. Зорачкай /*/ пазначаны святы “рухомай” царкоўнай пасхаліі.
Умоўныя абазначэнні: п – панядзелак, а – аўторак, с – серада, ч – чацвер, пт – пятніца, сб – субота, н – нядзеля. Даўжыня дня і моманты ўсходу і захаду ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў падаюцца для Менска. Больш падрабязна пра значэнне хранонімаў календара можна прачытаць у кнігах “Беларускі народны каляндар” (Мінск, 1993, 2002).







