Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
ЛІТАРАТУРНА-МУЗЫЧНАЯ ІМПРЭЗА “У ХОЛАД ЗІМОВЫ МЫ МАРЫМ ПРА ЛЕТА”

ЛІТАРАТУРНА-МУЗЫЧНАЯ ІМПРЭЗА “У ХОЛАД ЗІМОВЫ МЫ МАРЫМ ПРА ЛЕТА”

2 студзеня 2026, 10:37 літаратура 25
ЛІТАРАТУРНА-МУЗЫЧНАЯ ІМПРЭЗА  “У ХОЛАД ЗІМОВЫ МЫ МАРЫМ ПРА ЛЕТА”

Мерапрыемства пад такой назвай правёў Пісьменніцкі клуб “Літаратурны экватар” 23 снежня 2025 года ў Менску, у бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога. І тут узнікае заканамернае пытанне: “А чаму такая дзіўная назва?” Але нічога дзіўнага тут няма. Імпрэза была прысвечаная выхаду ў свет новага нумара альманаха “Літаратурны экватар” (№ 14 (16) за 2025 год): на вокладцы ж гэтага выдання, якое пабачыла свет у зімовым снежні, – знойнае лета, буйства кветак з дамінаваннем ружовых ружаў. То трэба ж было неяк звязаць назву мерапрыемства са знешнім выглядам новага альманаха. Што называецца, мы пастараліся зрабіць гэты зімова-летні мікс у гонар выхаду “Літаратурнага экватара” № 14 (16). І – з большага, здаецца, – гэта ў нас атрымалася. Сувядоўцамі ж святочнага мерапрыемства сталі пісьменнікі і журналісты Вячаслаў Корбут і Інга Вінарская.

Распачалася імпрэза з музыкі Антоніа Вівальдзі: прагучалі ягоныя п’есы “Зіма” і “Лета” са знакамітага музычнага цыклу “Поры года”. А ідэя абраць менавіта гэтую музыку для мерапрыемства належыла шэф-рэдактару альманаха “Літаратурны экватар” Інзе Вінарскай, паколькі Вівальдзі з’яўляецца адным з самых любімых яе кампазітараў. Інга і выступала першай. Яна падзякавала рэдкалегіі выдання за плённую працу на карысць альманаха, асабліва адзначыўшы ўклад Юрася Нератка, Глеба Ганчарова і Валянціны Акулёнак. Спадарыня Вінарская распавяла, што альманах “Літаратурны экватар” № 14 (16) стаў для яе самым складаным у плане выканання, паколькі нярвовае напружанне падчас стварэння арыгінал-макету выдання папросту зашкальвала. Ажно да канца лістапада мяняўся склад аўтараў альманаха, і нават – склад рэдкалегіі. Зашмат было няштатных сітуацый. Але ж новы нумар “Літаратурнага экватара” ўсё ж такі пабачыў свет у 2025-м годзе. Напрыканцы свайго выступлення Інга Вінарская прачытала свой верш з цыклу “Нефрытавыя воіны любві” – якраз у тэму імпрэзы: у вершы гэтым ёсць і зіма, і лета, і музыка Вівальдзі, і не надта шчаслівае каханне:

Кубак кавы, Вівальдзі – праз гук:

Перажыць як зіму мне па-трошкі?..

Сон крадзецца да стомленых рук…

Стогн пачуццяў закінуты ў кошык.

 

Адчуванні – вось новы мой боль:

Між радкоў, паміж словаў і высяў…

Паціхеньку мне збегчы дазволь – 

Градус жарсці ты надта павысіў.

 

Ды сумую па шэрых вачах,

Па вачах, закаханых бясконца…

Пару фраз ты сказаў мне, на жах, –

Усяго… Промні знікнулі сонца…

 

Не з’яднацца дарогам, хоць плач, –

Ты, я думаю, ведаеш гэта.

І тваёй я не буду – прабач:

Адшумела даўно маё лета…

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Кіраўнік “Літэкватара” Вячаслаў Корбут прыехаў на снежаньскую імпрэзу не адзін, а са сваімі вучнямі – навучэнцамі старэйшых класаў. Некаторыя з дзяцей нават прынялі ўдзел у канцэртнай праграме мерапрыемства. Так напрыклад, Яўген Вайтовіч, Міхась Котаў і Ілля Слабодчанка сыгралі ўрывак з п’есы-казкі Вячаслава Корбута “Дзед Мароз у Любацічах”. Маша Котава і Мілана Шохан чыталі ўдваіх верш спадара Корбута “Святочны карагод”, а Віка Касьяненка і Арына Рэўт – паэтычны твор “Навагоднія сцежкі”.

Сам жа Вячаслаў Корбут, павіншаваўшы прысутных з выхадам новага нумара альманаха “Літаратурны экватар”, прачытаў адзін са сваіх вершаў, што быў надрукаваны ў мінулым нумары выдання:

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Зноў абмяжоўваю грані свядомасці

І аздабляю духоўны Сусвет.

Хто мы? Не кібаргі той невядомасці,

Што зачынілі ўжо безліч планет?

 

Хто мы? Маўчанне – наш попел, па сутнасці.

Розум ваенны не хлусіць байцам.

Змешаны попел з цялеснай магутнасцю –

Той, што па духу бліжэй праайцам.

 

Звержаны ідалы, кроў непралітая

Мусіць застыць на лафетах ракет.

Мы не забітыя, мы апавітыя

Верай і праўдай – там моцы хрыбет.

 

Я зачыняюся ў межах прасторавых,

Дзе не спасцігне сусветны дакор,

Дзе будуць дзверы адчынены зорныя,

І ліхалеццяў пагасне касцёр!

Як не аднойчы адзначала пісьменніца і журналістка Інга Вінарская, тэма смерці ў літа-ратуры ёй непрыемная, калі не сказаць болей – тэма гэтая Інгу палохае. А вось пісьменніка і перакладчыка Глеба Ганчарова – зусім не. І апошнім часам Глеб шчыльна працуе над стварэннем “Анталогіі перакладаў апошніх і перадсмяротных вершаў сусветных паэтаў”. Але і ва ўласнай творчасці Глеба Ганчарова гэтая тэма прысутнічае дастаткова часта. Напрыклад, сваё выступленне на імпрэзе 23 снежня спадар Ганчароў распачаў са свайго верша “Смерць Адама Міцкевіча”. Але пэўны сэнс у гэтым усё ж такі быў, паколькі 26 лістапада 2025 года споўнілася 170 год са дня сыходу ў іншы свет гэтага сусветна знакамітага паэта.

У мовы ёсць прывабнасць у журбе.

Яе таемствы мне душу лагодзяць.

Мо не казаць нiчога болей? Годзе…

Яна сама ўсё скажа пра сябе.

 

Ад’ехаў да замежжа пан Адам,

Бо жыць не змог з варожай iншай верай.

На балях вальсавалi кавалеры

Ў абдымках ягамосных статных дам.

Халера!

 

З нябёс Гасподзь прамовiў: “Аз воздам!

У Навагрудку, Вiльнi i Лаздзевах

Я не сшукаў табе нiводнай Евы…

Нашто я нараджаў цябе, Адам?!”

 

Каб ведаў я, што станецца з табой

Сярод Расii, Аўстрыi i прусаў,

Клянуся, я б пабег да беларусаў,

I сам з табой пайшоў па волю ў бой.

 

Ты не сумуй! Прывабнасць у журбе

Нашмат значней, чым маладосць i вера.

Канстанцiнопаль… Мора… Ўсё хiмера!

Акром жыцця, якое не ў табе.

Халера…

 

Таксама у выкананні Глеба Ганчарова прагучалі вершы: “Наследаванне Кіплінгу”, “Аганьком лампады патухае дзень…”, “Паляцеў двудушны Янус…”; пераклады: з Яна Бжэхвы – “Тактоўнае паміранне”, з Багуслава Адамовіча – “За кім?” і “Белы верш”.

filter: 0; jpegRotation: 0; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Разагнаць сум, які напусціў Глеб Гачароў, была прызваная пісьменніца і журналістка Вольга Любашына, якая падрыхтавала міні-праграму на тэму зімы і зімовых святаў. Як звычайна, яна прыйшла на мерапрыемства з запісамі песень на свае словы. А песні ў Вольгі – рытмічныя і вясёлыя. Прысутныя пачулі наступныя з іх: “Где же ты зима?”, “Ты мая любімая”, “Каляда”. Таксама ў выкананні Вольгі Любашынай прагучалі аўтарскія вершы: “Белыя туманы”, “Тумана белая вуаль”, “Зимушка-зима”, “Метелица”. Закончыла сваё выступленне спадарыня Вольга вершам “Вяшчунка”, які даў назву адной з яе паэтычных кніг:

Зімняя ночка – вяшчунка дзівосная,

З зорак карункі пляце пакрысе,

Непрадказальная, марамі ўзнёслая,

Дзіўнае шчасце нясе.

 

Небу накінула хустачку сінюю.

Ясная поўня, бы твар той, глядзіць.

Дрэўцы ўпрыгожыла ігламі інею.

Срэбрам наўкол зіхаціць.

 

Зімняя ночка – вяшчунка цудоўная,

Сны рассыпае над вольнай зямлёй:

Сны забаўляльныя, часам чароўныя, –

Дорыць душэўны спакой.

 

Пісьменнік, оперны спявак Дзмітрый Марозаў не так часта бывае апошнім часам на мерапрыемствах “Літэкватара”: усё ж такі чалавеку ўжо восемдзесят сем год, і здароўе перыядычна дае збоі. Але Дзмітрый Максімавіч усё ж такі не мог прапусціць фінальную імпрэзу суполкі ў 2025 годзе, прысаечаную выхаду ў свет новага нумара альманаха “Літаратурны экватар”. На мерапрыемстве 23 снежня Дзмітрый Марозаў прачытаў некалькі вершаў свайго любімага паэта Уладзіміра Маякоўскага і невялічкую падборку сваіх вершаў, якія ён ласкава называе “Столбікамі”. А самае цікавае, што спадар Марозаў дагэтуль выдатна спявае. І свой глыбокі бас роўнага гучання ён захаваў. У выкананні Дзмітрыя Максімавіча прысутныя пачулі некалькі ўрыўкаў з оперных арый, а таксама “Навагоднія куплеты”: усё ж такі гэтае свята – не за гарамі!

З разваг пра ўспрыняцце Новага года з узростам пачала сваё выступленне пісьменніца, паэтка-песенніца Тамара Залеская. Яна ўзгадала, што і ўдзяцінстве, і яшчэ ў юнацтве так чакаеш гэтае свята і нават верыш у нейкія навагоднія цуды. А вось потым, з узростам, стаўленне да Новага года мяняецца. На схіле ж жыцця ўжо больш нічога не чакаеш, а проста назіраеш за прыгожым убранствам перадсвяточнага горада, і робіцца трохі прыемна ад таго, як усё блішчыць. Тамара Залеская прачытала прысутным свае паэтычныя творы: “Новогодняя звезда”, “Минус один год”, “Снег идёт, чего же боле?”, “Чистота”, “Такая ночь”, “С мечтой о чуде”.

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Паэтка, настаўніца Ірына Баравік – вельмі актыўная жанчына. Жыве ў Мар’інай Горцы, але лёгка можа прыімчацца ў Мінск – на канцэрты ці на мерапрыемствы Пісьменніцкага клуба “Літаратурны экватар”. Так было і 23 снежня. Сярод прачытаных спадарыняй Ірынай вершаў былі наступныя: “Правядзі мяне сцяжынкай у двары…”, “Жизнь, как река…”, “Мая Радзіма”. Завяршыла ж сваё выступ-ленне Ірына Баравік вершам “Край, сэрцу дарагі”:

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Нязведанага многа на зямлі,

У нетрах шмат чаго яшчэ схавана.

І мы жывём, ідуць-збягаюць дні,

Мінулага парэшткі ўсё ж звязаны.

 

Культура беларусаў – гэта рай,

У ім змясцілі самае святое.

Які ж багаты беларускі край!

Тут блізкае ўсё, сэрцу дарагое.

 

І калыханка маці ў позні час,

На ноч, калі ўкладала немаўлятак.

І танцы на вячорках кожны раз,

Калі мы шчодра адзначалі святы.

 

Цяпер задача наша – не згубіць,

Што продкі назбіралі. Бачаць з высяў…

Не маем права спадчыну забыць!

Бацькі такі наказ далі калісьці!..

Юрась Нераток – гэта не толькі выдатны паэт, празаік, бард. Ён яшчэ – і вельмі добры рэдактар. Шэф-рэдактар альманаха “Літаратурны экватар” Інга Вінарская, якая супрацоўнічае з гэтым чалавекам ужо тры гады, вельмі ўдзячная Юрасю Нератку за працу ў рэдка-легіі выдання. Спадар Юрась – адзін з нямногіх рэдактараў “Літаратурнага экватара”, які рэдагуе і вычытвае альма-нах, што называецца, “ад коркі да коркі”, – гэтак сама, як і шэф-рэдактар.

На імпрэзе “Літэкватара” 23 снежня Юрась Нераток павіншаваў удзельнікаў клуба з чарговай перамогай, а пасля распавёў прысутным “экватарцам” пра аб’ёмныя прынцыпы рэдактуры, якія прымяняліся пры “перадальманахаўскай” падрых-тоўцы творчых здабыткаў удзельнікаў клуба.

Пачатак – з тэхнічнай карэктуры і ўніфікавання матэрыялаў. Другая (асноўная) чытка – “выраўніванне” тэкстаў (паэтычных, празаічных, публіцыстычных) – як правіла, з улікам узроўню і прызначэння аўтарскай падборкі або твора. Менавіта тут адбываецца дасягненне ўзроўню літаратурных часопісаў, якім фактычна (толькі штогадовым, а не штомесячным) з’яўляецца альманах.

Прычым, павышэнне (пры неабходнасці) аўтарскага ўзроўню выконваецца эвалюцыйна: у межах аўтарскага кругагляду і “+0,5” бала. На “фінішы” рэдактар праглядае ўласныя змяненні на карэктнасць.

Ёсць і пэўныя традыцыйна-прафесійныя абмежаванні, якімі прытупляюцца аўтарскія “рожкі”. Апошняе тычыцца і знаных прафесіяналаў. “Калектыўны зборнік – як калектыўнае фота: усе павінны быць бачнымі і з пазначаным статусам, аднак не варта, каб нехта занадта вытыркаўся. Гэта не вайсковая шарэнга і не вяселле”.

Далей Юрась Нераток параіў аўтарам звяраць надрукаванае ў альманаху з дасланым і знаходзіць рэзон у адрозненнях, каб удасканальваць творчасць. “Клуб па аб’ектыўных прычынах не мае студыйнасці, аднак пэўную школу пры аб’ектыўным стаўленні да ўласна створанага можа даць і рэдактура”.

Напрыканцы мерапрыемства слова перайш-ло да паэта Валянціна Шведава, які зазначыў, што канешне, у зімовы холад хочацца летняга цяпла, але ўсё ж такі на дварэ снежань. Таму Валянцін сказаў, што будзе чытаць зімовыя вершы. Сказана – зроблена. Прагучалі наступныя творы: “У чаканні зімы”, “Снег расстання”, “Навошта ты, зіма, прыйшла”, “Снегіры”, “Зімы хараство”. А яшчэ Валянцін Шведаў узгадаў пра тое, што зімой павінен усё ж такі быць снег, і завяршыў сваё выступленне вершам пад назвай “Першы снег”, пажадаўшы прысутным, каб першы вялікі снег, які мы ўжо бачылі ў гэтым снежні, не стаў апошнім у гэтую зіму.

filter: 0; jpegRotation: 90; fileterIntensity: 0.000000; filterMask: 0;

Забяліла двор снегам –

Ноччу выпаў усё ж.

Як даўно я не бегаў

Па табе басанож!

 

Коле холад у ногі,

Перахопіць аж дых!

Захварэць засцярогі

Ад учынкаў сваіх.

 

Кажуць, першы не можа

Легчы ўраз на зіму.

Чысціню снег старожыць.

Дзеці рады яму.

 

Гэта потым нязбежна

Санкі, лыжы, каток.

Ва ўспамінаў бязмежжы

Свой займаюць радок.

 

Забяліла двор снегам,

Быццам бы малаком.

Стань зямлі абярэгам,

А завеям – званком!..

Ну што ж, паболей нам усім снегу зімой 2025-2026 гадоў, паболей станоўчых эмоцый і пазітыўных творчых сустрэч! А альманаху “Літаратурны экватар” № 14 (16) – светлай і прыгожай дарогі ў будучым!

Інга Вінарская,

Юрась Нераток.

 

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"
Навука

Гісторыя Магілёшчыны Магілёў. Замкавая гара, або "Магіла Льва"

29 чэрвеня 2021, 22:4720
Збіральнік скарбаў зямлі беларускай
Навука

Збіральнік скарбаў зямлі беларускай

14 верасня 2023, 22:5319
З новым годам!
Грамадства

З новым годам!

1 студзеня 2020, 08:0516
Вучні 11-й лідскай школы аб захаванні гістарычнай памяці
Грамадства

Вучні 11-й лідскай школы аб захаванні гістарычнай памяці

17 мая 2022, 20:4215
Далучайцеся да нас