Наша Слова штодзень
Наша Слова штодзень
Share
You are reading
Гэта былі зусім не ружы…

Гэта былі зусім не ружы…

1 студзеня 2026, 22:31 літаратура 25
Гэта былі зусім не ружы…

Так, хутчэй – іхнія шыпы. І тут я маю на ўвазе 2025-ы літаратурны год у Пісьменніцкім клубе “Літаратурны экватар” (да канца 2024 года – Літаратурны клуб “Экватар”). Ну, як кажуць, новая назва – новыя рэаліі. Ды хто б ведаў, што такія… Год пачаўся з некалькіх спроб рэйдарскіх захопаў клуба – з боку былых ягоных “сяброў”. Неяк адбіліся. Не без дапамогі з боку, канешне… А потым мы пайшлі працаваць, як не ў сябе. Напэўна, каб даказаць і сабе, і людзям, што мы яшчэ жывыя. У выніку за год было праведзена дваццаць чатыры мерапрыемствы: імпрэзы, канцэрты, творчыя сустрэчы… І гэта – пры звычайнай норме ў 12-15 мерапрыемстваў у год.

Так што далёка не кветкамі быў высланы шлях “Літэкватара” ў 2025 годзе… Хаця, што парадаксальна, файныя ружовыя ружы ў спалучэнні з іншымі кветкамі ўпрыгожылі вокладку альманаха “Літаратурны экватар” № 14 (16) за 2025 год. Жывапіс Піно Даэні (Pino Daeni) – як звонку, так і ўнутры вокладкі гэтага нумара. Мройныя ружовыя ружы… Арка… Дарога да свайго дому, залітага сонцам, каля якога можна пабачыць фрагмент антычнага портыка. Ідэалізацыя творчага шляху – не інакш!.. Насамрэч, у жыцці ўсё, канешне, бывае па-іншаму – у большасці выпадкаў. Але ж менавіта за вокладку з ружовымі ружамі прагаласавала большасць чальцоў рэдкалегіі альманаха – 2025. Так, упершыню недзе дзесяць ці адзінаццаць варыянтаў вокладкі былі пастаўлены на галасаванне сярод сяброў рэдкалегіі. І вось такі вынік. Ну што ж, напэўна, трэба верыць у лепшае – як у жыцці, так і ў творчасці.

Калі казаць пра рэдкалегію альманаха “Літаратурны экватар” № 14 (16), то яе склад мяняўся тройчы. Нехта сыходзіў, нехта далучаўся. Далучаліся – болей. Выніковы склад такі: Інга Вінарская (шэф-рэдактар), Вячаслаў Корбут, Юрась Нераток, Глеб Ганчароў, Людміла Шчэрба, Тамара Залеская, Валянціна Акулёнак, Вячаслаў Данілаў. На шэф-рэдактары выдання, як звычайна, ляжала большасць абавязкаў: запрашэнне ў склад рэдкалегіі вядомых пісьменнікаў, рэдактараў, журналістаў; запрашэнне аўтараў у альманах; збор сродкаў на друкарскую частку выдання; сістэматызацыя і першапачатковая рэдактура твораў; камп’ютарная вёрстка і дызайн вокладкі і ўнутранага блока альманаха; унясенне шматлікіх правак, якія паступалі ад рэдкалегіі; фінальная вычытка тома перад друкам. Але сярод чальцоў рэдкалегіі – 2025 быў яшчэ адзін чалавек, які працаваў не менш за шэф-рэдактара, – гэта шаноўны Юрась Нераток. Так, ён сапраўды прымаў самы актыўны ўдзел у стварэнні альманаха “Літаратурны экватар” № 14 (16) – ад першай да апошняй ягонай старонкі. І за гэта спадару Юрасю – вялікі дзякуй!

Цяпер пяройдзем непасрэдна да блока альманаха. Дызайн – мінімалістычны. Тут ужо ніякіх ружаў. Былі думкі, канешне, упрыгожыць імі том выдання ўнутры, аднак яны хутка зніклі. Не трэба канчаткова злаваць мужчын-рэдактараў, якія за ружы на вокладцы не галасавалі. Магчыма, іх бы зусім не ўзрадавала з’яўленне гэтых кветак яшчэ і ў блоку альманаха.

Усяго частак у блоку вы-дання – адзінаццаць: шэсць – літаратурных, пяць – інфарма-цыйных. У кожнай літаратурнай частцы змешчаны творы чатырох аўтараў, а ўсяго аўтараў у альманаху – дваццаць чатыры (адна з любімых лічбаў шэф-рэдактара выдання). З дваццаці чатырох аўтараў альманаха – трынаццаць мужчын і адзінац-цаць жанчын. Такім чынам, ген-дэрны перакос у мужчынскі бок па-ранейшаму захоўваецца, але ж ён стаў трохі меншым, чым у мінулых нумарах.

Што тычыцца складу аўтараў альманаха – 2025, то тут было, бадай, яшчэ складаней, чым з ягонай рэдкалегіяй. Восень 2025 года выдалася на рэдкасць скандальнай. Некалькі аўтараў былі выдалены з альманаха № 14 (16) і ўвогуле з нашай пісьменніцкай суполкі – па розных, аднак дастаткова важкіх прычынах. Наш клуб ужо мае за плячыма шаснаццацігадовую гісторыю. Складаней, чым восенню 2025 года, было, напэўна, толькі аднойчы: падчас наўмы-снага, знешняга расколу нашай пісьменніцкай суполкі ў 2018 годзе.

У выніку макет альманаха “Літаратурны экватар” № 14 (16) за 2025 год быў некалькі разоў перавярстаны, а ў ягонай фінальнай версіі надрукаваны творы наступных аўтараў: Валянціны Акулёнак, Ірыны Баравік, Міхаіла Баранчыка, Інгі Вінарскай, Глеба Ганчарова, Вячаслава Данілава, Тамары Залескай, Мікалая Іваноўскага, Тарэзы Кавальчук, Валянціны Каваленкі, Вячаслава Корбута, Вольгі Любашынай, Кацярыны Матусевіч, Юрыя Мельнікава, Сержа Мінскевіча, Уладзіміра Марозава, Дзмітрыя Марозава, Юрася Нератка, Таццяны Пратасевіч, Людмілы Сівалобавай, Валерыя Скакуна, Валянціна Шведава, Ігара Шыршова, Людмілы Шчэрбы.

Далей хачу сказаць некалькі словаў пра жанры твораў, увайшоўшых у літаратурныя часткі альманаха № 14 (16): тут прадстаўлены проза, паэзія, драматургія, публіцыстыка, а таксама паэтычныя і празаічныя пераклады. Па мовах, як і раней, абмежаванняў няма: надрукаваны творы і на беларускай, і на рускай мове.

Калі крануцца тэмы інфармацыйных частак нашага выдання, то ў першых чатырох з іх распавядаецца пра мерапрыемствы Пісьменніцкага клуба “Літаратурны экватар” у 2025 годзе – пераважна пасродкам фотарэпартажаў: пра імпрэзы ў менскай бібліятэцы № 1 імя Л.М. Талстога, пра выязныя канцэрты і творчыя сустрэчы. Асобна трэба адзначыць удзел сяброў “Літэкватара” у вайсковых канцэртах, прысвечаных 80-годдзю Вялікай Перамогі, якіх было нямала. Таксама нельга не распавесці пра п’есу Вячаслава Корбута “Нас чакае агонь”, прысвечаную гераічнай абароне Брэсцкай цвердзі напачатку Вялікай Айчыннай вайны (гэты твор быў надрукаваны ў альманаху “Літаратурны экватар” № 12 (14) за 2023 год). У 2025 годзе сіламі навучэнцаў Мінскага каледжа кулінарыі пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Вольгі Хадаркевіч гэтая п’еса была пастаўлена – пры непасрэдным удзеле яе аўтара, канешне. 7 траўня 2025 года адбылася прэм’ера п’есы на сцэне актавай залы каледжа, а 11 чэрвеня яна была прадстаўлена на сцэне актавай залы клуба Цэнтральнага каманднага пункта Ваенна-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны – па запрашэнні загадчыцы бібліятэкі ЦКП ВПС і СПА Наталлі Шаўчэнкі. Фотарэпартажы з двух гэтых прэм’ер таксама знайшлі сваё месца на старонках новага нумара альманаха.

Пятая інфармацыйная частка цалкам складаецца з газетных артыкулаў, прысвечаных найбольш знакавым у 2025-м годзе мерапрыемствам Пісьменніцкага клуба “Літаратурны экватар”. Усе артыкулы былі надрукаваныя ў газеце “Наша слова”, за што ўся наша суполка вельмі ўдзячная гэтаму штотыднёвіку і яго галоўнаму рэдактару Станіславу Вацлававічу Судніку.

Вось такі мой аповед пра творчы 2025-ы год у нашым Пісьменніцкім клубе і пра новы нумар альманаха “Літаратурны экватар”. Ну, што атрымалася, тое і застанецца.

Напрыканцы хачу пажадаць усім вам, дарагія сябры і прыхільнікі нашай “экватарыяльнай” пісьменніцкай суполкі, моцнага здароўя, натхнення, спраўджання самых светлых мар і выканання добрых праектаў. Няхай у вашых дамах заўсёды будзе згода, радасць і дабрабыт!

 

Шэф-рэдактар альманаха

“Літаратурны экватар” –

пісьменніца і журналістка Інга Вінарская.

Facebook Twitter Google+ VKontakte WhatsApp Telegram
Папулярнае на сайце
У дзіцячым садку № 34 г. Ліды
Мова

У дзіцячым садку № 34 г. Ліды

1 красавіка 2026, 18:5918
Слуцкі збройны чын - 100 гадоў
Грамадства

Слуцкі збройны чын - 100 гадоў

9 снежня 2020, 00:3416
З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!
Грамадства

З Вялікаднем, шаноўныя беларусы!

18 красавіка 2025, 15:0015
Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ  З  НЯБЫТУ
Культура

Свой край вывучай. ВЯРТАННЕ З НЯБЫТУ

28 кастрычніка 2019, 18:5315
Далучайцеся да нас