Гісторыя Бетлеемскага агню міру распачалася ў Аўстрыі ў 1986 годзе, калі супрацоўнікі мясцовай радыё-кампаніі “ОRF” захацелі аддзячыць ахвярадаўцам дабрачыннай акцыі “Святло ў цемры”, падзяліўшыся з імі крыху іншым святлом – святлом з Бетлеема.
Спачатку гэтая ініцыятыва не планавалася як штогадовая, але праз некаторы час знайшла водгук у сэрцах людзей і цяпер з’яўляецца міжнароднай каляднай традыцыяй.
У 1989 годзе скаўцкі рух упершыню прымае актыўны ўдзел у акцыі па распаўсюджванні Бетлеемскага агню. І калі спачатку гэта былі толькі скаўты з Аўстрыі, то з цягам часу ініцыятыва пашырылася і на іншыя краіны.
Дык адкуль жа бярэцца Бэтлеемскі агонь?
Бетлеемскі агонь запальваецца дзіцём або падлеткам ад адной з 15 нязгасных лампад, якія месцяцца непасрэдна ў гроце Нараджэння Пана ў Бетлееме. Пасля гэтага святло спецыяльным авіярэйсам дастаўляецца ў Аўстрыю, адкуль і распаўсюджваецца ў розныя краіны свету.
Цікава, што ў Аўстрыі актыўны ўдзел у распаўсюджванні Бетлеемскага святла прымаюць таксама Аўстрыйскія чыгункі, і таму на буйных станцыях ёсць адмысловыя месцы, дзе можна забраць з сабой Бетлеемскі агонь.
У гэтым годзе
У 2025 годзе, нягледзячы на ўзброены канфлікт на Блізкім Усходзе, удалося запаліць Бетлеемскае святло супакою. У пачатку лістапада гэта зрабіў 11-гадовы хлопец Джэрыс Фадзі Хіер, які паходзіць з сям’і хрысціян у Бетлееме.
А ўжо ў Аўстрыі 13-гадовы Фларыян Міттэр з Фордэрвайсэнбаха прыняў гэтае святло міру і адначасова служэнне ў якасці “Дзіцяці святла міру” (ням. Friedenslichtkind).
19 лістапада 2025 года Фларыян перадаў Бетлеемскі агонь для Папы Льва XIV пасля Генеральнай аўдыенцыі ў Ватыкане. І, такім чынам, Леў XIV стаў чацвёртым пасля святога Яна Паўла ІІ, Бенедыкта XVI і Францішка Папам, які прыняў святло з Бетлеема.
А ў Беларусі?
У 1998 годзе Бетлеемскі агонь быў першы раз афіцыйна дастаўлены ў нашую краіну. Сюды ён трапляе ад польскіх скаўтаў, якія бяруць яго непасрэда ў Вене падчас вялікай міжнароднай скаўцкай імпрэзы.
У Беларусі асноўную ролю ў распаўсюджванні Бетлеемскага агню сярод каталіцкіх парафій і ўстановаў адыгрываюць каталіцкія скаўткі і скаўты, якія робяць гэта з 2008 года. Сёлета да гэтага спрычыніліся скаўцкія адзінкі з Віцебска, Гародні, Жодзіна, Івянца, Менска і Полацка.
У гэтым годзе святое полымя прыбыло ў Беларусь праз ізноў адкрыты пункт пропуску “Кузніца-Брузгі”, дзе яго з рук у рукі перадалі беларусам польскія скаўты.
Увечар 17 снежня на нейтральнай тэрыторыі паміж Польшчай і Беларуссю адбылася ўрачыстая цырымонія перадачы святога Бетлеемскага агню ад польскіх скаўтаў сваім беларускім калегам, паведаміла прэс-служба Гарадзенскай епархіі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. Перадача была поўная сімвалічнага сэнсу: полымя сімвалізуе яднанне народаў, імкненне да міру і згоды, у тым ліку і ва ўмовах напружаных адносінаў паміж дзяржавамі Польшча і Беларусь, але адвечных братэрскіх адносінаў паміж польскім і беларускім народамі.


Агонь з Бетлеема прывезлі ў Кафедральны касцёл Францішка Ксаверыя ў Гародні ўвечар 18 снежня і ўрачыста ўнеслі ў храм.
– Сёлета гэтая падзея, магчыма, адчуваецца больш значнай у першы раз пасля таго, як былі зачынены межы. Агонь прывезлі не проста на машыне, а перадалі яго з рук у рукі як сімвал і знак міру, любові, супакою, – адзначыў пробашч Кафедральнага касцёла імя Францішка Ксаверыя ў Гародні Ян Кучынскі.
Гэты храм ужо амаль 30 гадоў першым у краіне прымае Бетлеемскі агонь. Шмат гадоў цырымонія перадачы полымя праходзіла на нейтральнай паласе ў пункце пропуску. У апошнія шэсць гадоў спачатку з-за ковідных абмежаванняў, пазней – з-за зачыненых памежпераходаў па агонь даводзілася ездзіць у суседнія краіны, стаяць у чарзе на мяжы і прывозіць яго на машыне ў Беларусь.
У галоўным каталіцкім храме Гародні падчас набажэнства полымя прыняў біскуп Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй. Ён запаліў вялікую свечку, якая будзе стаяць недалёка ад галоўнага алтара на століку, каб ад яе змаглі запаліць лампадкі вернікі.
У гэты ж вечар лампадкі з Бетлеемскім агнём адправіліся ў розныя куткі Беларусі. У гэтым годзе каталіцкія скаўты спланавалі іх даставіць у 150 рымска-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх прыходаў. 19 снежня Бетлеемскі агонь быў дастаўлены ў Архікафедральный касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Менску.

Па традыцыі, вернікі імкнуцца да Каляд прынесці ў хату запаленыя ад Бетлеемскага агню лампадкі, хтосьці прыносіць агонь да куцці, каб запаліць ад яго свечку на покуці ці на стале.
Паводле СМІ.
Фота прэс-службы Гарадзенскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі. БелТА.

